Намеснік (Вялікае Княства Літоўскае)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Намеснікваенная пасада, а затым званне ў арміі Вялікага княства Літоўскага.

Існавала толькі ў кавалерыі. Намеснікі з'яўляліся бліжэйшымі памочнікамі паручнікаў. Былі на адну ступень вышэй за таварышоў, але разам з імі не з'яўляліся афіцэрамі.

Нават пасля ўтварэння рэгулярнай арміі ВКЛ у XVIII ст. прынцып камплектавання кавалерыі застаўся ранейшым, таму гэтае званне праіснавала да канца існавання беларуска-літоўскай дзяржавы. Пасля ваеннай рэформы ў Рэчы Паспалітай 1775 г. званне "намеснік" захавалася ў палках Пярэдняй варты і брыгадах Нацыянальнай кавалерыі. Хаця аналагаў гэтаму званню ў пяхоце і артылерыі Вялікага княства не існавала, тым не менш намеснікі Пярэдняй варты стаялі вышэй падафіцэраў пяхоты і артылерыі і насілі афіцэрскія пагоны, а намеснікі Нацыянальнай кавалерыі па статусу прыроўніваліся да падпаручнікаў у пяхоце, артылерыі і палках Пярэдняй варты.

Знакам адрознення намесніка, як і таварыша ў палках Пярэдняй варты выступаў эпалет без зорачак і стужак, а ў брыгадах Нацыянальнай кавалерыі - эпалет з двума зорачкамі.

Ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь эквівалентам гэтаму званню можа выступаць званне "старшы прапаршчык".

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Чаропка Станіслаў. Станаўленне сістэмы знакаў адрознення ў арміі ВКЛ // Актуальные проблемы в изучении и преподавании общественно-гуманитарных дисциплин: сб. статей. - Витебск, 2012.