Перадпалеская ландшафтная правінцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Перадпалеская правінцыя (2001)

Перадпале́ская праві́нцыя — фізіка-геаграфічны рэгіён Беларусі, распасціраецца вузкай, крыху пашыранай у цэнтры паласой ад заходняй да ўсходняй мяжы краіны і займае 22 % тэрыторыі. Прымеркавана да паўднёвай часткі Беларускай антэклізы, Аршанскай упадзіны, Жлобінскай седлавіны і Варонежскай антэклізы. Правінцыя падзяляецца на шэраг раўнін:

Асадкавыя пароды — дэвонскія, мелавыя, палеагенавыя і неагенавыя, перакрытыя адкладамі антрапагену. Антрапагенавая тоўшча (40—80 м) складзена з водна-ледавіковых і марэнных утварэнняў. Сучасны рэльеф утвораны пераважна сожскім ледавіком, у далейшым значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Характэрна выраўнаваная паверхня з абсалютнымі вышынямі 150—180 м.

Большая частка правінцыі занята Цэнтральнабярэзінскай водна-ледавіковай раўнінай, якая паступова паніжаецца ў бок поўдня. Яна складзена з водна-ледавіковых адкладаў з выступамі асноўнай марэны. На захадзе і паўднёвым захадзе раўніны трапляюцца кароткія дэнудаваныя (180—190 м) марэнныя грады — Салігорская і Любанская. На захадзе ляжаць Баранавіцкая (160—180 м) і Прыбужская (170—200 м) раўніны, на ўсходзе — Чачорская раўніна (150—180 м). Тыповымі з’яўляюцца дзюнна-ўзгорыстыя формы, суфазійныя западзіны, лагчыны сцёку з азёрападобнымі пашырэннямі; сустракаюцца яры і лагчыны. Рачныя даліны, выцягнутыя з поўначы на поўдзень, урэзаныя на глыбіню 15—25 м, даволі шырокія. Самая шырокая даліна ракі Дняпро.

Клімат цёплы, умерана вільготны і няўстойліва вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад −5 °C да −6,8 °C, ліпеня 18—18,5 °C. Сума тэмператур вышэй за 10 °C складае 2200—2400 °C, вегетацыйны перыяд — 185—200 сутак. Ападкаў выпадае ў сярэднім 600—700 мм. Рэкі правінцыі звязаны ў асноўным з сістэмай ракі Дняпро і яго прытокаў. Шмат вадасховішчаў, найбольшыя — Любанскае, Чыгірынскае, Асіповіцкае, Салігорскае.

Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, якія займаюць каля паловы тэрыторыі. На долю дзярнова-падзолістых забалочаных глеб прыпадае 20 %, тарфяна-балотных — 13 %, алювіяльных — 11 %. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў асноўным пад ворывам (больш за 50 %). Лясістасць каля 40 %. Лясы хваёвыя (64 %), драбналістыя — карэнныя (12 %) і вытворныя (10 %), шыракаліста-хваёвыя (9 %). Доля лугоў і адкрытых балот не перавышае 10 %.

Для правінцыі тыповыя сярэдневышынныя (водна-ледавіковыя і марэнна-зандравыя) і нізінныя (азёрна-балотныя) ландшафты.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]