Марэна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Марэна ў перадгор'ях Скалістых гор (Канада)

Марэ́на (ад фр.: moraine), марэнныя адклады — скопішчы несартаванага ці слабасартаванага абломкавага матэрыялу, які пераносіцца або адкладваецца ледавікамі і ўтварае марэнны рэльеф.

Склад і ўтварэнне марэны[правіць | правіць зыходнік]

Паводле свайго складу марэны вельмі разнастайныя. Матэрыял марэны складаецца з валуноў, глыб, галькі, жвіру, змешаных з пяском, алеўрытам і глінай. Характэрнымі літалагічнымі рознасцямі з'яўляюцца валунны супесак і валунны суглінак. Колер марэны ад чырвона-бурага да зеленавата-шэрага з рознымі адценнямі. Грануламетрычны склад марэны: фракцыя памерам больш за 1 мм — 7% (валуны, галька, жвір), 1—0,1 мм — 68% (пяскі, алеўрыт), менш за 0,01 мм — 25% (гліны).

Адрозніваюць марэны сучасных рухомых ледавікоў і адкладзеныя. Рухомыя марэны падзяляюцца на паверхневыя і ўнутраныя (уласцівыя далінным або міжгорным ледавіковым патокам) і донныя (трапляюцца ва ўсіх тыпах ледавікоў). Паверхневыя марэны ўтвараюцца з абломкавага матэрыялу, знесенага са скалістых схілаў даліны або адкладзенага пры адтаванні з тоўшчы лёду.

Па размяшчэнні на паверхні ледавіка вылучаюць бакавую і сярэдзінную марэны. Бакавая марэна ўтварае валы ўздоўж двух бакоў ледавіковага "языка". Пры зліцці ледавікоў бакавыя марэны аб'ядноўваюцца ў адзін вал па сярэдзіне ледавіка — сярэдзінныя марэны (можа быць некалькі). Унутраная марэна ўключана ў тоўшчу лёду. Донная марэна ўяўляе сабой адарваны ад ложа абломкавы матэрыял, заключаны ў прыдонных слаях лёду. Адкладзеная марэна — найбольш характэрны тып ледавіковых адкладаў, утвараецца з усіх тыпаў рухомых марэн у час руху, прыпынку і канчатковага раставання ледавіка. Падзяляецца на асноўную, абляцыйную і канцавую. Найбольш пашырана на тэрыторыях, якія перакрываліся ў чацвярцічны перыяд мацерыковымі ільдамі. Асноўная марэна — масіўная, радзей лускаватая ці плітчастая, мае абломкавы матэрыял, складае ў асноўным раўніны і нізіны, дзе залягае ў выглядзе пластоў. Утвараецца пераважна з доннай марэны. Часта перакрыта тонкім слоем абляцыйнай марэны, або марэны адтавання, якая ўзнікае ў стадыі дэградацыі ледавіка з унутранай і верхніх слаёў доннай марэны. Гэты тып марэны пашыраны ў паласе развіцця форм рэльефу пасіўнага (мёртвага) лёду (камаў, озаў і іх масіваў). Канцавыя марэны складаюцца з абломкавага матэрыялу, які намнажаўся ў франтальнай частцы ледавіка, дзе часта перамяшаны прынесены і мясцовы матэрыял. Назіраюцца дыслацыраваныя слаі парод, ёсць глыбы адорвеняў плейстацэнавых і даплейстацэнавых парод. Сярод іх часта ўтвараюцца напорныя марэны. Канцавыя марэны складаюць узвышшы і канцова-марэнныя грады.

На тэрыторыі Беларусі пашыраны плейстацэнавыя марэны. Яны адсутнічаюць у далінах рэк урэзаных у даплейстацэнавыя пароды і на невялікіх размытых участках на поўдні краіны. Сярэдняя магутнасць марэны аднаго зледзянення 5-30 м, максімальная да 100 м. Марэны займаюць 50% аб'ёму плейстацэнавай тоўшчы, перамяжаюцца з іншымі генетычнымі тыпамі адкладаў.

Марэны з'яўляюцца рэльефа- і глебаўтваральнымі пародамі, служаць водаўпорам для грунтовых і напорных вод і сыравінай для прамысловасці будаўнічых матэрыялаў.

Марэнны рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Марэнны рэльеф (Шатландыя)

Фарміраванне марэннага рэльефу звязана з ледавіковай экзарацыяй, акумуляцыяй марэннага матэрыялу і флювіягляцыяльных адкладаў.

Вылучаюць тыпы марэннага рэльефу:

  • марэнныя раўніны (роўныя або злёгку хвалістыя паверхні, якія ўскладняюцца асобнымі марэннымі ўзгоркамі, катлавінамі, лагчынамі);
  • канцова-марэнны (сістэмы моцна расчлянёных канцова-марэнных узвышшаў і град, выцягнутых на дзясяткі кіламетраў уздоўж краю былога ледавіка);
  • узгорыста-марэнна-азёрны (спалучэнне марэнных і камавых узгоркаў з озамі, катлавінамі, лагчынамі і паніжэннямі, занятымі азёрамі і балотамі).

У горных далінах марэнны рэльеф прадстаўлены бакавымі марэнамі, градамі канцавых марэн, цыркамі, трогамі і інш.

На Беларусі найбольш выразны ў зоне паазерскага зледзянення. Усяго на тэрыторыі Беларусі вылучаюць наступныя палосы краявых марэнных утварэнняў:

  • Браслаўская паласа краявых утварэнняў;
  • Віцебская паласа краявых утварэнняў;
  • Аршанская паласа краявых марэнных утварэнняў;
  • Ашмянская паласа краявых утварэнняў;
  • Магілёўская паласа краявых утварэнняў;
  • Слаўгарадская паласа краявых утварэнняў;
  • Мазырская паласа краявых утварэнняў;
  • Столінская паласа краявых утварэнняў.

Аршанская і слаўгарадская палосы краявых утварэнняў пазначаюць межы паазерскага і сожскага ледавікоў (адпаведна). Астатнія ж палосы краявых утварэнняў пазначаюць толькі асобныя стадыі і фазы ў развіцці ледавіковага покрыва чацвярцічнага перыяду.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. - Мн.: БелЭн, 1992.
  • Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.
  • Санько А. Марэна // БелЭн у 18 т. Т.10. - Мн., 2000.
  • Санько А., Якушка В. Марэнны рэльеф // БелЭн у 18 т. Т.10. - Мн., 2000.
  • Фізічная геаграфія Беларусі: вучэб. Дап. для студ. геагр. фак. / пад рэд. Б. М. Гурскага. Мн., 1995.