Слуцкі езуіцкі калегіум

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Слуцкі езуіцкі калегіум
Міжнародная назва Collegium Sluckiensis Societatis Jesu
Заснаваны 1714
Год закрыцця 1773
Размяшчэнне Слуцк, Беларусь

Слуцкі езуіцкі калегіум (лац. Collegium Sluckiensis) — сярэдняя навучальная ўстанова класічнага тыпу, якая існавала ў 1714—1773 гадах. Ставіла на мэце выхаванне навучэнцаў у духу глыбокай рэлігійнасці, адданасці каталіцызму і Ордэну езуітаў.

Гісторыя стварэння калегіума[правіць | правіць зыходнік]

Езуіцкая місія з’явілася ў Слуцку ў 1693 годзе. У 1703 годзе на базе місіі арганізавалася езуіцкая рэзідэнцыя. Муж Людвікі Караліны Радзівіл нейбургскі князь Карл III Філіп тады ж заклаў у езуітаў за 7 тыс. злотых фальварак Бокшыцы з сёламі Капацэвічы і Лістападавічы. Таксама пазней у закладзе ў езуітаў апынуліся вёскі Вяндліна і Ванькоўшчына. У 1715 годзе пан Ваўрынец Іачынскі пад крэдыт у 18 тыс. талераў перадаў езуітам сядзібу Панары[1].

План Слуцкага езуіцкага калегіума з касцёлам Найсвяцейшай Тройцы. 1804

З 1705 года ў Слуцку працавала сярэдняя езуіцкая школа. Ініцыятарам стварэння Слуцкага калегіума быў выпускнік Віленскай акадэміі, Геранім Клакоцкі (1664—1721). Ён і стаў першым рэктарам калегіума. Геранім Клакоцкі аддаў езуітам сваю сядзібу, дзе Ордэн пабудаваў драўляны касцёл Св. Тройцы па праекце архітэктара Р. Энгеля. Справа ад касцёла на месцы былой сядзібы Клакоцкага ўстаў перароблены двухпавярховы з высокім дахам будынак калегіума. Па перыметры яго сцягвалі адкрытыя галерэі. У першым паверсе знаходзіліся келлі, у другім — класы, рэктарат. Над столбовым ганкам з балюстрадай — зала. За калегіумам — два флігеля; характэрны другі флігель: у яго цэнтры меліся вароты, над імі, другім паверхам, — мезанін з двума заламі, завершаны купалам са звонам. У аднапавярховых крылах па баках брамы былі жылыя пакоі. Далей у двары знаходзіўся будынак-інтэрнат бурсы, дзе жылі вучні. За ім — аптэка з мезанінам; з 1715 года аптэкарам працаваў Ян Вейхер. Адзінай каменнай пабудовай была бібліятэка, пабудаваная ў 1724 годзе па ініцыятыве рэктара калегіума Анастаза Людвіка Керсніцкага. Бібліятэка калегіума па колькасці кніг саступала толькі бібліятэцы Полацкага калегіума, у 1773 годзе там было каля 3 тыс. кніг. Уздоўж агароджы стаялі гаспадарчыя службы: пякарня, кузня, стайня, адрыны. Увесь гэты вялікі двор быў абгароджаны драўляным плотам, пазней замененым каменнай сцяной[2][3].

Адукацыйная дзейнасць калегіума[правіць | правіць зыходнік]

У Слуцкім калегіуме рыхтавалі ў асноўным настаўнікаў рыторыкі (схаластаў). Лекцыі чыталі Томаш Нарэвіч, Юзаф Пажовскі, Юзаф Залескі і інш. Гісторыю выкладалі Ансельм Забароўскі, Ян Пашакоўскі (1684—1757) — тэарэтык каталіцтва і аўтар каталіцкіх календароў, рэктар калегіума ў 1735—1739 гг. Нейкі час узначальваў калегію і выкладаў у ёй публіцыст Анастаз Людвік Керсніцкі (1678—1733), за красамоўства званы Перыклам; выкладаў філасофію Антоні Скарульскі (1715—1780), які стаў у 1772 годзе рэктарам, пазней ён быў пераведзены дэканам тэалагічнага факультэта у Віленскую акадэмію. У 1733 годзе Слуцкую езуіцкую калегію скончыў Міхал Карыцкі (1714—1784) — паэт і грамадскі дзеяч. Вучыўся, і потым у 1763—1764 гг. выкладаў гісторык Юрый Князевіч (1737—1804). Тут таксама вучыўся дзеяч каталіцкай царквы і педагог Тадэвуш Бжазоўскі (1749—1820), які стаў у 1805 годзе генералам Ордэна езуітаў. Пры калегіуме працаваў конквікт (інтэрнат) для юнакоў з дробнай шляхты. За іх выхаваннем сачыў регенс. Гэтую пасаду займалі Канстанцін Чэрньскі (1694—1747) і Мацей Мілашэўскі (1714 (1715)—1801). Школьны тэатр ставіў п’есы біблейскага зместу[1][4][5][6].

Слуцкі калегіум спыніў сваю дзейнасць у 1773 годзе пры скасаванні Ордэна езуітаў. Будынак і службы калегіума перайшлі у вядзенне Віленскай навучальнай акругі, тут размясцілася каталіцкае вучылішча, якое рыхтавала духоўных асоб і настаўнікаў[7]. Падчас рэарганізацыі расійскай сістэмы адукацыі, наяўнасць двух практычна аднолькавых навучальных устаноў прызналі немэтазгодным, і каталіцкае вучылішча перавялі ў Нясвіж. Будынак былога езуіцкага калегіума ў 1809 годзе адданы Слуцкаму евангеліцкаму вучылішчу[8].

Зноскі

  1. а б Zalęski S. Jezuici w Polsce. Dzieje 153 kolegiów i domów jezuitów w Polsce. — Krakow, 1908. — Т. 4. — 235 с.
  2. Якімовіч Ю. А. Слуцкія касцёлы і калегіум езуітаў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1987. — Т. 5. — С. 75.
  3. Kosciol Jezuitow w Slucku // Kwartalnik architektury i urbanistiky. — W.: 1978. — Т. 23.
  4. Winlakiewicz S. Teatr kollegiów jezuickich w dawniej Polsce. Krakow, 1922, ss. 3-4
  5. Блінова Т. З. З гісторыі Слуцкай езуіцкай калегіі // Беларускі гістарычны часопіс. — Мн.: 1996. — № 1. — С. 67—70.
  6. Brown G. Biblioteka pisarzów assystencyi Polskiej Towarzystwa jezusowego. — Poznań, 1862, s. 329
  7. Гурэцкі А. Палітыка царызму ў галіне адукацыі ў Беларусі ў канцы XVIII — першай чвэрці XIX стагоддзя. (1772—1825 гг.). Дыс. канд. гіст. навук. — Мн., БДПУ ім. М.Танка, 1998
  8. Archivum Romanum Societatis Jesu (ARSI), sygn. hith. 57. Catalogis brevis … anni 1703/4

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Слуцкі езуіцкі калегіум // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 30. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слуцкага р-на і г. Слуцка: у 2 кн. / уклад. В. С. Відлога; рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) і інш.; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., БЕЛТА, 2001.
  • Нарэйка Т. І. Праблемы гістарыяграфіі культурна-асветніцкай дзейнасці езуітаў на беларускіх землях // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 2 / рэдкал. У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.] — Мн: БДУ, 2007.
  • Ціткоўскі І. А. Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры. — Мн., 2015. — С. 318. — ISBN 978-985-6998-71-6
  • Лявшук В. Е. Иезуитский коллегиум в социокультурном городском контексте белорусских земель ВКЛ в 1569—1773 гг. Дисс. канд. истор. наук. Гродно, 2017.
  • Блинова Т. Б. Иезуиты в Беларуси (Их роль в организации образования и просвещения) — Гродно: ГрГУ, 2002. — 425 с. ISBN 985—417В
  • Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy. Red. L. Grzebień  (польск.). — Kraków, 1996.
  • Królikowska A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie -Wydawnictwo WAM, 2017. S. 188.