Спіральная галактыка з перамычкай

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Камп'ютарная мадэль галактыкі Млечны шлях.
NGC 1300, прыклад спіральнай галактыкі з перамычкай.

Спіральныя галактыкі з перамычкай — спіральныя галактыкі з перамычкай («барам») з яркіх зорак, якая выходзіць з цэнтра і перасякае галактыку пасярэдзіне. Спіральныя галіны ў такіх галактыках пачынаюцца на канцах перамычак, тады як у звычайных спіральных галактыках яны выходзяць непасрэдна з ядра.

У сваёй класіфікацыі Эдвін Хабл тыпізаваў такія галактыкі як «SB» і падпадзяліў іх на тры падкатэгорыі — у залежнасці ад таго, наколькі шчыльна скручаны спіральныя галіны. Тып SBa характарызуецца найбольш шчыльна скручанымі галінамі, тады як у тыпу SBc яны практычна не закручаны. Прамежны тып спіральных галактык з перамычкай пазначаецца як SBb. Пазней, для апісання некаторых няправільных спіраляў з перамычкай, была ўведзена чацвёртая падкатэгорыя — SBm. Да гэтай падкатэгорыі адносяцца Магеланавы аблокі, якія раней лічыліся няправільнымі галактыкамі, але пасля выявілі асаблівасці структуры спіральных галактык з перамычкай.

У 2005 годзе, пры працы з Касмічным тэлескопам імя Спітцэра і засноўваючыся на больш ранніх назіраннях, было ўстаноўлена, што Млечны Шлях таксама варта адносіць да спіральных галактык з перамычкай. Гіпотэза пра наяўнасць перамычкі ў нашай галактыцы была высунута на аснове шматлікіх даных з радыётэлескопаў. Аднак толькі дзякуючы выявам са Спітцэра, які працуе ў інфрачырвоным дыяпазоне, гэта здагадка атрымала цвёрдае пацверджанне.

Перамычкі[правіць | правіць зыходнік]

Спіральныя галактыкі з перамычкай даволі мнагалікія. Назіранні паказваюць, што каля дзвюх трэціх усіх спіральных галактык маюць перамычку[1]. Па існуючых гіпотэзах, перамычкі з'яўляюцца ачагамі зоркаўтварэння, якія падтрымліваюць нараджэнне зорак у сваіх цэнтрах. Мяркуецца, што пасродкам арбітальнага рэзанансу, яны прапускаюць скрозь сябе газ са спіральных галін. Гэты механізм і забяспечвае прыток будаўнічага матэрыялу для нараджэння новых зорак[2]. Зыходзячы з гэтай гіпотэзы, можна растлумачыць і то, чаму шматлікія спіральныя галактыкі з перамычкай маюць актыўныя ядры.

З'яўленне перамычкі злучаюць з хвалямі ўшчыльнення, якія выходзяць з цэнтра галактыкі і змяняюць арбіты найбліжэйшых зорак. Гэты працэс стварае ўмовы для далейшага адхілення рухаў зорак, дзякуючы чаму і ўзнікаюць самападтрымальныя перамычкі[3]. Іншай магчымай прычынай з'яўлення перамычак з'яўляюцца прыліўныя ўзаемадзеянні галактык.

Верагодна, перамычкі з'яўляюцца часовай з'явай у жыцці спіральных галактык. Паступова перамычка разбураецца, і галактыка ператвараецца са спіральнай з перамычкай у звычайную спіраль. Даўгавечнасць перамычкі вызначаецца яе масай. Спіральныя галактыкі з перамычкай, якія сабралі ў сваім цэнтры вялікую колькасць матэрыі, маюць кароткія высокастабільныя перамычкі. Зыходзячы з таго, што шматлікія спіральныя галактыкі маюць перамычку, можна зрабіць выснову аб важнасці гэтага этапу ў эвалюцыі спіральнай галактыкі.

Балджы[правіць | правіць зыходнік]

Падчас вывучэння ядра Млечнага Шляху вучоныя выявілі, што балдж нашай галактыкі мае выцягнутую форму. Гэта наштурхнула на думку аб тым, што ўсе галактыкі з перамычкамі маюць выцягнуты балдж. Пры назіранні аддаленых спіральных галактык, вось вярчэння якіх перпендыкулярная восі зроку, гэта значыць тады, калі галактыка павернутая да нас рабром, выцягнутасць балджа можа быць лёгка выяўлена. Гэта дазваляе лёгка аднесці падобную галактыку або да звычайнай спіралі, або да спіралі з перамычкай. Дзякуючы гэтаму метаду галактыка NGC 4565 была вызначана як спіральная галактыка з перамычкай[крыніца не азначана 1896 дзён].

Прыклады[правіць | правіць зыходнік]

Назва Тып Сузор'е
M58 SBc Дзева
M91 SBb Валасы Веранікі
M109 SBb Вялікая Мядзведзіца

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. P. B. Eskridge, J. A. Frogel (1999). "What is the True Fraction of Barred Spiral Galaxies?". Astrophysics and Space Science 269/270: 427-430. http://adsabs.harvard.edu/abs/1999Ap&SS.269..427E. 
  2. J. H. Knapen, D. Pérez-Ramírez, S. Laine (2002). "Circumnuclear regions in barred spiral galaxies - II. Relations to host galaxies". Monthly Notice of the Royal Astronomical Society 337 (3): 808-828. http://adsabs.harvard.edu/abs/2002MNRAS.337..808K. 
  3. F. Bournaud, F. Combes (2002). "Gas accretion on spiral galaxies: Bar formation and renewal". Astronomy and Astrophysics 392: 83-102. http://adsabs.harvard.edu/abs/2002A&A...392...83B.