Сухадольныя лугі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Луг на сухадоле, Расія.

Сухадольныя лугі, сухадолылугі, якія размешчаны на павышаных элементах рэльефу водападзелаў і надпоймавых тэрас (па-за поймамі рэк і азёр) і ўвільгатняюцца пераважна атмасфернымі ападкамі. Узніклі на месцы знішчаных хвойных і мяшаных лясоў. Расліннасць разнатраўна-злакавая, са значнай прымессю бабовых.

Адрозніваюць тры асноўных тыпы:

  • сухадолы недастатковага ўвільгатнення,
  • сухадолы нармальнага ўвільгатнення,
  • сухадолы часова лішкавага ўвільгатнення.

Сухадолы недастатковага ўвільгатнення (абсалютныя сухадолы) утвараюцца на высокіх дрэнажаваных участках (узгорках, градах, крутых схілах) з выражаным паверхневым сцёкам і глыбокім заляганнем грунтовых вод. Глебы іх сухія, бедныя, з маламагутным гумусавым гарызонтам. У нізкарослым зрэджаным травастоі булаваносец сіваваты, аўсяніца авечая, мятліца тонкая, галадок шматгадовы, ястрабок валасісты, гладун гладкі, шчаўе малое, расходнік едкі і інш. Летам нярэдка выгараюць.

Сухадолы нармальнага ўвільгатнення (нармальныя сухадолы) развіваюцца на раўнінах і спадзістых схілах з умераным сцёкам. Атмасферныя ападкі амаль цалкам пранікаюць у глебу. У травастоі пераважаюць нізавыя злакі — мятліца тонкая, дрыжнік сярэдні, пахучы каласок, аўсяніца чырвоная, грэбнік звычайны, сівец стаячы, пашырана разнатраўе (трыпутнік ланцэталісты, крываўнік звычайны, ясколка звычайная, казялец едкі, званец вялікі) і бабовыя (канюшына лугавая, канюшына паўзучая, рутвіца рагатая, гарошак мышыны).

Сухадолы часова лішкавага ўвільгатнення пашыраны на слабадрэнажаваных раўнінах і неглыбокіх бяссцёкавых паніжэннях водападзелаў. Глебы моцна ападзоленыя з прыкметамі паверхневага агляення. Для травастою характэрны расліны лугоў як сухадольных (пахучы каласок, аўсяніца чырвоная, трыпутнік ланцэталісты), так і нізінных (вострыца дзірваністая, мятліца сабачая, казялец паўзучы, панікніца рачная, асака чорная, асака прасяная). Часта развіваецца покрыва з зялёных імхоў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]