Сяргей Георгіевіч Выскварка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сяргей Георгіевіч Выскварка
Дата нараджэння 11 ліпеня 1971(1971-07-11) (52 гады)
Месца нараджэння вёска Пласток, Любанскі раён, Мінская вобласць
Адукацыя
Прафесія этнахарэограф, фалькларыст

Сяргей Георгіевіч Выскварка (нар. 11 ліпеня 1971; в. Пласток, Любанскі раён, Беларусь) — збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры, этнахарэограф, этнапедагог.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Сяргей Выскварка нарадзіўся ў вёсцы Пласток Любанскага раёна ў вялікай сям'і. Ужо з дзяцінства цікавіўся традыцыйнай культурай і танцамі, з якімі знаёміла родная бабуля. Скончыў Пластокскую сярэднюю школу. З 1991 года працаваў у дамах культуры Любаншчыны. У 1996—1998 гг. праходзіць тэрміновую вайсковую службу ў горадзе Стараканстанцінава ва Украіне. З 1999 года спецыяліст па фальклоры і этнаграфіі Любанскага раённага цэнтра культуры, мастацкі кіраўнік Любанскага ўзорнага фальклорнага танцавальнага калектыва «Верабейкі» (створаны ў 1993 годзе)[1]. У 2004 годзе завочна скончыў факультэт Традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага ўніверсітэта культуры (сучасны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў ). Цяпер працуе загадчыкам арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага раённага цэнтра культуры.

На ніве фальклору[правіць | правіць зыходнік]

Сяргей Выскварка даследуе традыцыйную народную культуру Любаншчыны: запісаў звыш за 400 народных песень, 95 традыцыйных мясцовых танцаў (сярод якіх такія рэдкія творы, як «Войра карагодам», «Каваля» «Кадрыля на пяць штоф»), больш за 15 карагодаў і народных гульняў. Рэканструяваў традыцыйныя «Гасцявыя кірмашы», абрад «Спальванне русалкі». Аўтар шматлікіх публікацый, прысвечаных традыцыйным танцам і фальклору[2]. Сяргей Выскварка на працягу многіх гадоў праводзіць майстар-класы традыцыйных танцаў. З'яўляецца куратарам летняй школы традыцыйных танцаў «Пятровіца» (арг. Н. Кухарэнка).

Вядучы шматлікіх свят, у тым ліку «Фальклорная вандроўка» (1993, 1998, 2003), «Гліняны звон» (1996), Рэспубліканскі кірмаш «Вясна — 2000» (горад Салігорск), Рэспубліканскае свята гумару «Капыльскія пацехі» (1999, 2002) і інш.[1]

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Жанаты з Валянцінай Бубіч. Мае сына Арцёма (1998 г.н.) і дачку Арыну (2005 г.н.).

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • «Танцавальны фальклор у традыцыйным вяселлі Любаншчыны» (2001)
  • «Спецыфіка танцавальнага фальклору Любаншчыны» (2003)
  • «Да пытання захавання і развіцця рэгіянальнай мастацкай культуры» (2003)
  • «Комплекснае даследванне фальклорна-этнаграфічных традыцый Любаншчыны» (2003)
  • «Беларускі танцавальны фальклор. Методыка працы з дзіцячым факльклорным калектывам» (Мн.: Зміцер Колас, 2015)

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 1: А капэла — Куцця / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 768 с.: іл. — С. 290.
  2. Беларускі танцавальны фальклор: Методыка працы з дзіцячым фальклорным калектывам / С. Г. Выскварка. — Мн.: Зміцер Колас, 2015. — 84 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]