Фёдар Спірыдонавіч Шымкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фёдаръ Косцяша
Фёдар Спірыдонавіч Шымкевіч
Дата нараджэння 15 лютага 1802 года
Месца нараджэння
Дата смерці 3 красавіка 1843 года
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці Беларускі, украінскі і рускі мовазнавец, педагог, грамадскі дзеяч
Навуковая сфера філалогія[1] і лексікаграфія[1]
Навуковая ступень Магістр багаслоўя і славесных навук
Альма-матар
Адукацыя Духоўная семінарыя, Кіеўская духоўная акадэмія

Фёдар Спірыдонавіч Шымкевіч (1802—1843) — беларускі, украінскі і рускі мовазнавец, педагог, грамадскі дзеяч.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Ф. С. Шымкевіч (псеўданім Фёдаръ Косцяша) нарадзіўся 15 лютага 1802 г. у Магілёве. У сувязі з нашэсцем напалеонаўскай арміі сям’я эвакуіравалася ў Варонеж. Тут ён скончыў духоўную семінарыю, а ў 1827 г. — Кіеўскую духоўную акадэмію, дзе атрымаў ступень магістра багаслоўя і славесных навук. Працаваў выкладчыкам нямецкай мовы, намеснікам бібліятэкара Кіеўскай духоўнай акадэміі, столаначальнікам гаспадарчага дэпартамента Міністэрства ўнутраных спраў у Пецярбургу, членам Прыказа грамадскага апекавання ў Кіеве. Памёр 3 красавіка 1843 г. [2]

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Ф. С. Шымкевіч глыбока вывучаў старажытныя і сучасныя мовы, бо паставіў сабе за мэту стварыць этымалагічны слоўнік, у якім было б паказана паходжанне слоў рускай, беларускай, украінскай і іншых славянскіх моў. Ён ведаў старажытнагрэчаскую, лацінскую, старажытнаяўрэйскую, стараславянскую мовы, новыя заходне- і паўднёваславянскія, некалькі германскіх, раманскіх і індаіранскіх. У 1840 г. вучоны прадставіў у Пецярбургскую Акадэмію навук чарнавы варыянт сваёй працы «Караняслоў рускай мовы, параўнанай з усімі найгалоўнейшымі славянскімі гаворкамі і з дваццаццю чатырма замежнымі мовамі», якую станоўча ацаніў акадэмік А. Х. Вастокаў. Дзякуючы маральнай і матэрыяльнай падтрымцы Акадэміі навук аўтар дапрацаваў рукапіс «Караняслова» і ў канцы 1842 г. выдаў яго ў 2 частках. У 1378 артыкулах гэтага слоўніка паказана ўтварэнне розных слоў ад першапачатковых лексічных каранёў (адсюль і назва кнігі). Сярод гэтых утварэнняў упершыню пададзена больш за 880 беларускіх слоў (з паметай «літоўска-рускае»): вір, грамада, бліскавіца, зязюля, воміг, квяліць, вітаць, сцяць, шчыры. На кожныя 3 слоўнікавыя гнязды «Караняслова» прыпадае ў сярэднім па 2 беларускія словы. Гэтым беларускі вучоны-самародак зрабіў прыкметны крок на шляху параўнальна-гістарычнага вывучэння роднасных славянскіх моў, і, па сутнасці, стварыў першы этымалагічны слоўнік з выкарыстаннем беларускіх матэрыялаў.[3]

Ф. С. Шымкевіч даследаваў старарускія летапісы і іншыя помнікі рускай, беларускай і ўкраінскай моў і літаратур. Зямляк і сябар Ф. С. Шымкевіча вучоны І. П. Барычэўскі, які прыводзіў у парадак паперы яго пасля смерці ў Пецярбургу, быў здзіўлены, што «ўсе амаль рукапісы складаліся са слоўнікаў і каранясловаў моў, самых аддаленых паміж сабой, напрыклад, санскрыцкай і беларускай».

Сярод рукапіснай спадчыны Ф. С. Шымкевіча — «Збор устарэлых славянарускіх слоў» (563 старонкі), праект укладання «Слоўніка славянскіх гаворак» (захоўваюцца ў Санкт-Пецярбургу), слоўнікі ўкраінскай, сербскахарвацкай, верхнялужыцкай, гоцкай і славенскай моў, «Нямецкая граматыка» і іншыя працы. Ёсць важкія меркаванні, што Ф. С. Шымкевіч — аўтар такіх цікавых рукапісаў, як «Збор слоў літоўска-рускай (беларускай) гаворкі» (больш за 3000 слоў, зберагаецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Беларусі ў Мінску) і «Слоўнік украінскай гаворкі» (захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу). Шэраг дакументаў, якія маюць дачыненне да Ф. С. Шымкевіча, захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны ў Кіеве.[4]

Працы[правіць | правіць зыходнік]

  • Шымкевіч, Ф. С. Караняслоў рускай мовы, параўнанай з усімі найгалоўнейшымі славянскімі гаворкамі і з дваццаццю чатырма замежнымі мовамі / Ф. С. Шымкевіч. — 1842.
  • Шымкевіч, Ф. С. Збор устарэлых славянарускіх слоў / Ф. С. Шымкевіч.
  • Шымкевіч, Ф. С. Слоўнік славянскіх гаворак / Ф. С. Шымкевіч.
  • Шымкевіч, Ф. С. Нямецкая граматыка / Ф. С. Шымкевіч.
  • Шымкевіч, Ф. С. Збор слоў літоўска-рускай (беларускай) гаворкі / Ф. С. Шымкевіч.
  • Шымкевіч, Ф. С. Слоўнік украінскай гаворкі / Ф. С. Шымкевіч.

Зноскі

  1. а б Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  2. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2017. Праверана 16 чэрвеня 2022.
  3. Энцыклапедыя «Беларуская мова», Мінск, 1994 г., с.667
  4. https://bis.nlb.by/ru/documents/135512