Царкаўлянскі пратэст уніяцкага духавенства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Царкаўлянскі (Царкаўнянскі) пратэст уніяцкага духавенства — петыцыя, скіраваная ў абарону грэка-каталіцкай царквы, складзеная 16 верасня 1838 падчас царкоўнага фэсту ў мястэчку Царкоўна Дрысенскага павету (цяпер Верхнядзвінскі раён, Чапаеўскі сельсавет) беларускімі ўніяцкімі святарамі.

Змест петыцыі[правіць | правіць зыходнік]

У петыцыі імператару Мікалаю І, якую ад імя 111 уніяцкіх святароў Беларускай епархіі даставілі ў снежні 1838 у Санкт-Пецярбург святары асэсар Полацкай грэка-ўніяцкай кансісторыі Ян Ігнатовіч і Адам Тамковід, галоўным патрабаваннем было вызваленне адданых Уніі святароў і даручаных іх апецы вернікаў з-пад духоўнай улады Іосіфа Сямашкі. Таксама падпісанты патрабавалі дазволіць ім заснаваць свае духоўныя вучэльні, адчыніць асобную друкарню з уласных ахвяраванняў, каб друкаваць там уніяцкія царкоўныя кнігі замест кніг маскоўскага друку. Таксама петыцыя змяшчала просьбу святароў перайсці ў каталіцтва пры немагчымасці захавання ўніяцтва.

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

У снежні 1838 — студзені 1839 былі пакараныя (высылка з Беларускай епархіі) 20 святароў-удзельнікаў Царкаўнянскага пратэсту. Прафесар Полацкай духоўнай семінарыі а. Адам Тамковід (1795-1860-ыя) быў высланы ў Курск у праваслаўны манастыр-вязьніцу для ўніятаў, якія былі супраць скасавання грэка-каталіцтва. Нават пасля вызвалення з яму не дазволілі вярнуцца ў Беларусь, 16 гадоў ён ня меў права служыць ля алтара. Да сваёй смерці ў Харкаве ён знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні і рэпрэсіі, якія Адаму Тамковіду давялося зведаць, ён застаўся адданым Царкве. Лёс 68 святароў, якія падпісалі петыцыю на імя Ігнатовіча і Тамковіда, вырашаў Іосіф Сямашка 11 лютага 1839 — выклікаў святароў у Беларускую кансісторыю. Тыя святары, хто раскаяўся, вярнуліся на месца службы, а тым, хто адмовіўся ад пакаяння было забаронена служыць. Таксама было загадана недобранадзейных святароў заключаць пад нагляд у манастыры.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Марозава С.В. Супраціў дэўнізацыі на Беларусі ў 1834–1838 г.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]