Цэнтр гарадскога жыцця

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цэнтр гарадскога жыцця
Адміністрацыйны цэнтр
Тып арганізацыі культурная ўстанова[d]
Заснаванне
Дата заснавання 2016
Ліквідацыя
Дата скасавання 2021

«Цэнтр гарадскога жыцця» — прыватная адукацыйна-культурная ўстанова, якая існавала ў Гродне ў 2016—2021 гадах. Стваральнік і дырэктар установы — журналіст, менеджар культуры і грамадскі актывіст Павел Мажэйка.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

«Цэнтр гарадскога жыцця» з'явіўся ў 2016 у частцы памяшканняў прыватнай гродзенскай галерэі «Крыга». На момант адкрыцця Цэнтра галерэя была ўжо вядомым месцам на мапе культурнага жыцця Гродна, дзе рэгулярна адбываліся выставы, тэматычныя сустрэчы, прэзентацыі кніг, лекцыі і кінапрагляды[1].

У 2018 годзе Цэнтр пераехаў ва ўласнае большае памерам памяшканне ў адноўленай гістарычнай камяніцы на вуліцы Кірава, 3[2].

У «Цэнтры гарадскога жыцця» адбываліся грамадскія дыскусіі па важных для гродзенцаў тэмах, такіх як брэнд горада ці безбар'ернае асяроддзе, прэзентацыі кніг ад гродзенскім і мінскіх выдавецтваў, міжнародныя навуковыя канферэнцыі, мастацкія выставы, вечары традыцыйных танцаў[3]. На базе Цэнтра дзейнічала ініцыятыва HrodnaMediaRoom, у межах якой праходзілі сустрэчы з журналістамі, блогерамі і іншымі людзьмі, якія ўплываюць на беларускую інфармацыйную прастору[4]. У Цэнтры адбываліся прэзентацыі навуковага часопіса «Гарадзенскі гадавік» і кніг з серыі «Гарадзенская бібліятэка», у выданні якіх удзельнікаў Павел Мажэйка[5][6].

Сустрэча ў «Цэнтры гарадскога жыцця» ў Гродне, 25 лютага 2020 г.
Сустрэча ў «Цэнтры гарадскога жыцця» ў Гродне, 25 лютага 2020 г.

У 2018—2019 гадах у Цэнтры праходзіў Міжнародны фестываль дакументальнага кіно WATCH DOCS Belarus. У 2019 годзе «Цэнтр гарадскога жыцця» стаў адзіным у Беларусі месцам, дзе можна было пабачыць выставу па выніках конкурса World Press Photo. У 2019—2020 гадах у «Цэнтры гарадскога жыцця» прыходзіў літаратурны фестываль «Прадмова».

Падчас першай хвалі пандэміі каранавіруса ў красавіку 2020 года «Цэнтр гарадскога жыцця» стаў пляцоўкай, дзе валанцёры шылі маскі і халаты, а таксама збіралі ахоўныя экраны для медыкаў. Валанцёры сабралі на базе Цэнтра каля 10 тысяч ахоўных экранаў для твараў, пашылі і размеркавалі ў медычныя ўстановы некалькі тысяч ахоўных супрацьчумных касцюмаў[7].

У верасні 2020 года «Цэнтр гарадскога жыцця» стаў пляцоўкай для выступаў актораў, якія сышлі або былі звольненыя з Гродзенскага драмтэатра па палітычных матывах[8].

Пераслед і ліквідацыя[правіць | правіць зыходнік]

Выстава мастака Алеся Пушкіна ў "Цэнтры гарадскога жыцця" ў Гродне, сакавік 2021
Выстава мастака Алеся Пушкіна ў "Цэнтры гарадскога жыцця" ў Гродне, сакавік 2021

19 сакавіка 2021 года ў «Цэнтры гарадскога жыцця» адчынілася выстава мастака Алеся Пушкіна «Пушкін у Гародні». На ёй былі выстаўленыя мастацкія прапановы роспісаў для гродзенскага Старога замка і творы мастака розных гадоў. Пракурор горада Уладзімір Клішын палічыў, што адна з работ парушае заканадаўства Беларусі «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і 30 сакавіка звярнуўся ў Эканамічны суд Гродзенскай вобласці з просьбай ліквідаваць установу[9]. Супраць Паўла Мажэйкі і Алеся Пушкіна завялі крымінальную справу нібыта за рэабілітацыю нацызму[10][11].

Іск пракуратуры аб ліквідацыі «Цэнтра гарадскога жыцця» разгледзелі ў Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці 12 траўня 2021 года[12]. Установу ліквідавалі, нягледзячы на апеляцыю дырэктара і сумнеўныя доказы пракуратуры, а таксама тое, што пад зваротам у абарону Цэнтра падпісалася 1272 чалавекі[13][14]. У падтрымку Цэнтра публічна выказваліся дзеячы культуры і мастацтва Гродна. Дырэктар Павел Мажэйка сцвярджаў, што справа аб ліквідацыі ўстановы — палітычная[15].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Павел Мажэйка: "Цэнтр гарадскога жыцця" паўстаў у "Крызе"(нявызн.)(недаступная спасылка). БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ (21 верасня 2016). Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2022. Праверана 20 кастрычніка 2023.
  2. К, А.. Чытачы пытаюць, HL адказвае. Што будзе на месцы арт-галерэі “Крыга”? . Hrodna.life (13 лістапада 2018). Праверана 20 кастрычніка 2023.
  3. Ад прэзентацый кніг да выступаў актораў. Топ-10 падзей "Цэнтра гарадскога жыцця", які хочуць закрыць . Hrodna.life (20 кастрычніка 2023). Праверана 20 кастрычніка 2023.
  4. HrodnaMediaRoom. hrodnamediaroom.tilda.ws. Праверана 20 кастрычніка 2023.
  5. Выйшаў з друку новы нумар “Гарадзенскага гадавіка”(нявызн.)(недаступная спасылка). БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ (23 чэрвеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 8 снежня 2022. Праверана 20 кастрычніка 2023.
  6. Гарадзенская бібліятэка . Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org. Праверана 20 кастрычніка 2023.
  7. "Если врачи вымрут, кто нас будет лечить?" Как гродненцы спасают медиков во время пандемии (руск.). Hrodna.life - русская версия (4 мая 2020). Праверана 20 кастрычніка 2023.
  8. "Калі дадуць лінаваную паперу, пішы ўпоперак". У Гродне акцёры закрытага драмтэатра выступілі ў двары . Hrodna.life (26 верасня 2020). Праверана 20 кастрычніка 2023.
  9. Цэнтр Жыві. web.archive.org (22 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 22 ліпеня 2021. Праверана 20 кастрычніка 2023.
  10. К, А.. Супраць Паўла Мажэйкі і Алеся Пушкіна завялі крымінальную справу за рэабілітацыю нацызму (абноўлена) . Hrodna.life (26 сакавіка 2021). Праверана 20 кастрычніка 2023.
  11. Вызвалілі гаспадара «Цэнтра гарадскога жыцця» Паўла Мажэйку, якога затрымалі за карціну . Новы Час (29 сакавіка 2021). Праверана 20 кастрычніка 2023.
  12. HL. "Цэнтр гарадскога жыцця" ў Гродне ліквідуюць па рашэнні суда (дапоўнена) . Hrodna.life (12 мая 2021). Праверана 20 кастрычніка 2023.
  13. “Цэнтр гарадскога жыцця” ўсё ж ліквідуюць. Апеляцыйная камісія пакінула у сіле рашэнне суда . Hrodna.life (21 чэрвеня 2021). Праверана 20 кастрычніка 2023.
  14. Цэнтр Жыві. web.archive.org (22 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 22 ліпеня 2021. Праверана 20 кастрычніка 2023.
  15. «Такое не знішчыць. Гэта назаўжды». Чым увайшоў у гісторыю Горадні Цэнтр гарадскога жыцця. belsat.eu. Праверана 20 кастрычніка 2023.