Партрэт Льва Сапегі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
невядома
Партрэт Льва Сапегі. 1617(?)
Матэрыял палатно і алейныя фарбы
Памеры 102 × 79,5 см
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Партрэт Льва Сапегі — карціна невядомага мастака, напісаная каля 1617 года. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Памер карціны — 102 × 79,5 см.

Да 1944 года захоўваўся ў калекцыі Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Паступіў у Дзяржаўны музей БССР 19 красавіка 1968 года ад мастака Пётры Сергіевіча (1900—1984) з Вільнюса.

Апісанне

На партрэце справа ўверсе — прыватны герб Л. Сапегі, пяціпольны з лабрамі. У сэрцавым полі — родавы герб «Ліс»; у правым верхнім геральдычным полі — «Сапега» (тры лілеі), верагодна, герб Фёдара Іванавіча, дзеда канцлера; у левым верхнім геральдычным полі — «Пагоня», герб Ганны Сангушкі, бабкі па лініі бацькі; у правым ніжнім геральдычным полі — «Друцк» (меч лязом уніз у атачэнні чатырох паўмесяцаў), герб Багданы Друцкай-Сакалінскай, маці канцлера; у левым ніжнім геральдычным полі — «Талачынскі» (сагнутая ў локці рука рыцара, працятая стралой), герб бабкі па лініі маці Н. Ю. Талачынскай.

Герб на партрэце не адпавядае класічным патрабаванням геральдыкі: ніжнія палі памяняліся месцамі ў адрозненне ад гравюрнай класічнай выявы асабістага гербу Л. Сапегі ў выданні Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.

Над гербам і пад ім надпісы ў 3 і 2 радкі: «LEO SAPIEHA CANCELL // M.D.Lit. MOHIL. BЕRES // CAPITANEVS /// ǼTATIS SVǼ 60 // ANNO DNI/ 16.1.6» («Леў Сапега канцлер // ВКЛіт.[оўскага] Магіл.[ёўскі] Берас[цейскі] стараста /// Веку свайго 60 // Року Панскага 16.1.6»).