Іда Аляксандраўна Гянко
Іда Аляксандраўна Гянко | |
---|---|
Дата нараджэння | 26 чэрвеня 1855 |
Дата смерці | невядома |
Месца працы | |
Музычная дзейнасць | |
Педагог | Луі Брасэн[d] і Соф'я Восіпаўна Ментэр[d] |
Прафесіі | піяністка, музычны педагог |
Іда Аляксандраўна Гянко (1855 — ?) — піяністка і музычны педагог, чыё жыццё было звязана з Беларуссю[1].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася ў 1855 годзе. Бацькі будучай піяністкі былі людзі адукаваныя, любілі музыку і літаратуру і гэтую любоў стараліся перадаць дачцэ. Вучылася пад кіраўніцтвам лепшых рыжскіх музыкантаў і дасягнула значных поспехаў[1].
У 1880 годзе I. А. Гянко пераехала ў Пецярбург. Паспяхова здаўшы ўступныя экзамены, яна стала студэнткай кансерваторыі, вучаніцай вядомага французскага піяніста, кампазітара і педагога Луі Брасэна , прапагандыста творчасці Бетховена. Пад кіраўніцтвам Брасэна Гянко развучыла многія фартэпіянныя творы Бетховена, якія пазней склалі аснову яе канцэртнага рэпертуару[1].
Калі ў 1884 г. Брасэн раптоўна памёр, Іда Аляксандраўна перайшла ў клас выдатнай нямецкай піяністкі Соф’і Ментэр . Скончыўшы вучобу з сярэбраным медалём, I. А. Гянко пераехала ў Вільню. Тут пачалася яе самастойная творчая дзейнасць[1].
У Вільні Гянко пазнаёмілася са многімі мінскімі музыкантамі, якія часта выступалі там. Па іх запрашэнні таленавітая піяністка ў сакавіку 1889 года ўпершыню наведала Мінск, дзе яе выступленні цёпла сустрэлі слухачы, а ў сярэдзіне 1890-х гадоў яна пераехала ў Мінск на сталае жыхарства[1].
Прыезд у Мінск І. А. Гянко меў станоўчы ўплыў на актывізацыю музычнага жыцця ў горадзе. Неўзабаве пасля яе прыезду ў горадзе пачалася работа па адраджэнні музычнага грамадства. На мяжы XIX—XX ст. творчая дзейнасць таленавітай піяністкі дасягае найбольшга росквіту. Яна часта выступала з сольнымі канцэртамі, актыўна ўдзельнічала ў арганізацыі Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў (1899 г.). У гэты ж час складваюцца два камерныя ансамблі з яе ўдзелам: санатны — са скрыпачом Я. Чыжэўскім[2] і трыа — з Я. Чыжэўскім і віяланчэлістам М. Пестрыкавым[1].
У 1907 годзе I. А. Гянко стала першай выкладчыцай ігры на фартэпіяна ў толькі што створаным у Мінску музычным вучылішчы[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ТАЛЕНАВІТАЯ ПІЯНІСТКА Архівавана 18 мая 2021.
- ↑ М. Зыкова. Становление и развитие профессионального скрипичного образования и исполнительского искусства Беларуси в начале XX века Архівавана 18 мая 2021. (руск.)