Імша́нкі (Bryozoa, Ectoprocta) — тып беспазваночных жывёл.
Выдзяляюцца 4 атрады, каля 20 тыс. відаў, з іх сучасных каля 4 тыс. Пашыраны ўсюды, існуюць марскія і прэснаводныя формы. Жывуць пераважна прымацаванымі манаморфнымі (прэснаводныя) ці паліморфнымі (марскія) калоніямі. Нагадваюць мох, водарасці або студзяністыя цяжы.
Даўжыня калоній да 20 см, складаюцца з мікраскапічных асобін (заоідаў), заключаных у вапнавую, хіцінавую або студзяністую ячэйку (цыстыд). Сістэмы органаў спрошчаныя. Гермафрадыты. Жывяцца мікраарганізмамі і арганічнымі часцінкамі.
Садзейнічаюць ачышчэнню вадаёмаў як фільтратары, але імі абрастаюць і засмечваюцца гідратэхнічныя збудаванні.