Індастрыял

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Індастрыял (англ.: industrial — «прамысловы») — музычны напрамак, што вылучаецца выразнай эксперыментальнасцю і асабліваю эстэтыкай механічных ды іншых прамысловых гукаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Канчаткова стыль аформіўся ў 1974 годзе ў Англіі. Гэтаму спрыяў гурт Throbbing Gristle, што заснаваў лэйбл Industrial Records, паводле назвы якога быў названы стыль. Першапачаткова індастрыял быў не толькі музычным напрамкам, але і ідэалагічным - асноўным метадам стала "шокавая тактыка". У перыяд з 1974 да 1981 года з'яўляецца мноства музыкаў і гуртоў гэтага кірунку ва ўсіх частках свету. Найбольш вядомыя з іх : Бойд Райс(NON), Einstuerzende Neubauten, SPK, Merzbow і іншыя, які разам склалі "класічны індастрыял".

Throbbing Gristle распаліся ў 1981 годзе, заявіўшы пра сканчэнне "індустрыйнай эпохі і пачатак "пост-індустрыйнай", што значыла змену тактыкі. Былыя ўдзельнікі Throbbing Gristle ўтварылі некалькі новых праектаў, гучанне якіх у параўнанні з TG моцна змянілася. Іншыя «класічныя» індустрыйныя гурты (напрыклад, SPK і Einstuerzende Neubauten) таксама перайшлі на «новую стратэгію», з'явіліся і новыя праекты. Пост-індустрыйная музыка стала менш агрэсіўнаю, а радыкальнасць вылілася ў музычныя эксперыменты. Цяпер post-industrial музыкі спалучаюць індустрыйныя традыцыі з іншымі напрамкамі музыкі: танцавальнай, фальклорнай, рытуальнай.

Асноўныя стылі індустрыйнай\пост-індустрыйнай музыкі[правіць | правіць зыходнік]

Трэба адзначыць, што не ўсю індустрыйную музыку можна аднесці да якога-небудзь пэўнага жанру. Музыкі дасёння ствараюць музыку, якая не прымае пэўных стылёвых межаў і развівае як класічныя індустрыйныя ідэі, так і іншастылевыя запазычанні.

Нойз[правіць | правіць зыходнік]

Найстарэйшы стыль індустрыйнай музыкі. Заснавальнікам лічыцца амерыканец Бойд Райз (Boyd Rice)(праект NON), які ў 70-х гадах пачаў выпускаць чысты, немузычны шум у якасці музычных твораў. Класічны нойз пазбаўлены рытму і мелодыі, дый наогул выходзіць за межы паняцця "музыка". Таксама ў кампазіцыях могуць прысутнічаць чыстыя ці скажоныя вакал і галасавыя сэмплы. Найбольш радыкальны разнавід з'явіўся ў Японіі (японскі нойз). Кампазіцыі ж рытмік-нойзу (паўэр-нойзу) добра структураваныя і рытмічныя.

Тыповыя прадстаўнікі: NON, Merzbow

Percussion Industrial[правіць | правіць зыходнік]

Як вынікае з назвы, у падмурку гучання тут ляжаць перкусійныя інструменты. У такой якасці зазвычай выкарыстоўваюцца нетрадыцыйныя немузычныя рэчы - ад пустых жалезных бочак да складаных металічвых канструкцый уласнай вытворчасці. Элементы такога гучання прысутнічаюць у многіх гуртоў, у чыстым выглядзе сустракаецца рэдка.

Прыклады: Z’ev «Salts Of Heavy Metals», «Production & Decay Of Spatial Relations», «F.F.F.», Einsturzende Neubauten «Kollaps», «Halber Mench», «Haus Der Luege», Test Dept. «The Unacceptable Face Of Freedom», «Brith Gof: Gododdin», Les Tambours Du Bronx «Ca Sonne Pas Beau Un Bidon ?!?».

Паўэр-электронікс[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцаю стылістыкі тут паслужылі класічныя гурты кшталту Throbbing Gristle, Whitehouse, Maurizio Bianchi/M. B., SPK. Але ж працы 1990-х гадоў маюць моцныя адрозненні - найперш гэта шчыльнае змрочнае гучанне і агрэсіўны настрой кампазіцый, пазней дадаўся і дыстаршаваны вакал з тэкстамі на гісторыка-палітычныя тэмы.

Прадстаўнікі: Institut, Genocide Organ, Anenzephalia, Con-Dom, Brighter Death Now

Імправізацыйны індастрыял[правіць | правіць зыходнік]

Improvised Industrial адпаведна з назваю базуецца на вольнай імправізацыі. Маючы крыніцу ў творчасці класікаў - Throbbing Gristle і AMM - у чыстым выглядзе сустракаецца рэдка.

Прыклады: Throbbing Gristle («Heathen Earth», «Funeral In Berlin», «Funk Beyond Jazz», «Mission Of Dead Souls», «Once Upon A Time…», «Special Treatment», «Thee Psychic Sacriface»), AMM «To Hear And Back Again», «Generative Themes», «The Inexhaustible Document»; Borbetomagus

Дарк-эмбіент\дроўн-эмбіент\рытуал-эмбіент[правіць | правіць зыходнік]

Беларускі гурт дарк-эмбіента Pragnavit на фестывалі Mėnuo Juodaragis

Дарк-эмбіент з'яўляецца больш змрочнаю версіяй класічнага эмбіента, якой наканавана ствараць атмасферу, не канцэнтруючы ўвагі на мелодыі ці на рытме. Музыка напоўненая гудзеннем, фонавым шумам, металічным звонам, урыўкамі мелодыяў і галасоў, манатонным рытмам, пульсацыяй. Музыка дроўн-эмбіенту складаецца з розначастотных гудзенняў — дроўнаў, створаных праз гітары, сінтэзатары і іншыя інструменты. У кампазіцыях рытуал-эмбіенту выкарыстоўваюць складаныя перкусіі, якія часам змяняюць на эмбіентныя ландшафты ці этнічныя спевы.

Прыклады: Pragnavit, Bad Sector, Lustmord, Deutsch Nepal, Maeror Tri, Troum, Hybryds.

Маршал-індастрыял (Martial Industrial)[правіць | правіць зыходнік]

Стыль вылучаецца ваеннаю тэматыкай: ад эпохі крыжакоў да сучасных войнаў. Можна сустрэць мелодыі венных гадоў, трубы, чытанне маніфестаў, выбухі і гукі стрэлаў, запісаныя, як правіла, у своеасаблівай эстэтыцы нізкай якасці гуку. Заснавальнікам часта лічаць югаслаўскі\славенскі гурт Laibach.

Тыповыя прадстаўнікі: Laibach, Von Thronstahl, Dernière Volonté

Неафолк\дарк-фолк[правіць | правіць зыходнік]

Пачынальнікам сучаснага неафолку з'яўляецца англійскі гурт Current 93 (фактычна ў складзе адзінага ўдзельніка - Дэвіда Цібета). Пад канец 1980-х фармуюцца характэрныя рысы стылю — гучанне традыцыйных інструментаў (часта - акустычнай гітары), выкарыстанне ў тэкстах рэлігійных і фальклорных сімвалаў. Нягледзчы на частую блізкасць гэтай сцэны да таго ж маршал-індастрыялу, дарк-фолкам і неафолкам часта называюць гурты, зусім далёкія ад індустрыйнага гучання, больш роднасныя з традыцыйным фолкам і фолк-рокам.

Тыповыя прадстаўнікі: Current 93, Tenhi, Von Thronstahl

EBM (Electronic Body Music)[правіць | правіць зыходнік]

Адзін з самых папулярных цяпер пост-індустрыйных стыляў. Стылю ўласцівыя зацыкленыя мелодыі з танцавальным рытмам, багатыя на выкарыстанне сэмплаў. Тэрмін EBM прыдуманы музыкамі бельгійскага гурта Front 242, які цяпер лічыцца заснавальнікам стыля.

Тыповыя прадстаўнікі: Front 242, Front Line Assembly, Nitzer Ebb

Futurepop[правіць | правіць зыходнік]

Futurepop — назва вытворнага ад EBM кірунку, які з'явіўся ў другой палове 1990-х гадоў як сумесь электра-індастрыялу з сінці-попам і элементамі клубнай электроннай музыкі.

Тыповыя прадстаўнікі: VNV Nation, Covenant, Apoptygma Berzerk

Электра-індастрыял[правіць | правіць зыходнік]

Дадзены стыль роднасны з папярэднім, але ў параўнанні з ім менш танцавальны і болей атмасферны.

Тыповыя прадстаўнікі: wumpscut:, Front Line Assembly

Агра-індастрыял\індастрыял-рок\індастрыял-метал[правіць | правіць зыходнік]

Роднасныя і часам малаадрозныя жанры. Асноўнай прыкметаю «агра-індастрыялу» (англійск. аggressive) з'яўляецца наяўнасць «рыфаванай» гітары і «брутальнага» вакалу. Таксама можа прысутнічаць як EBM, так і «synth-pop»-рытм-секцыя і дыска-клавішныя. Індастрыял-рок у сваю чаргу спалучае індустрыйны гук з традыцыямі асобных паджанраў року. Раннія спалучэнні такога кшталту назіраюцца ў творчасці пост-панкавых гуртоў: Killing Joke, Swans, Foetus. Індастрыял-метал, які з'явіўся пад канец 1980-х, вылучаецца рыфамі хэві-металу (альбо іншых асобных металёвых паджанраў), «індустрыйным» сінтэзатарам, моцна скажоным гукам гітар і дыстаршаваным вакалам (хаця такі паджанр, як NDH (Новы нямецкі цяжар) вылучаецца якраз чысцінёю вакалу - гл. Rammstein).

Тыповыя прадстаўнікі: KMFDM, Ministry, Think About Mutation, Die Krupps, Coptic Rain, Oomph!

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

- расійскія сайты, прысвечаныя пост-індустрыйнай музыцы.