Іосіф Карлавіч Здановіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іосіф Карлавіч Здановіч
Дата нараджэння 8 (20) сакавіка 1898
Месца нараджэння
Дата смерці невядома
Род дзейнасці фалькларыст, музыказнавец
Месца працы
Альма-матар

Іосіф (Язэп) Карлавіч Здановіч (8 (20) сакавіка 1898, м. Сялец Пружанскага павета Гродзенскай губерні, Расійская імперыя — ?) — беларускі і рускі музыказнавец, фалькларыст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Іосіф Здановіч нарадзіўся 8 (20) сакавіка 1898 ў мястэчку Сялец Пружанскага павета Гродзенскай губерні. Першапачатковую музычную адукацыю атрымаў у дзіцячым прытулку.

У 1918—1923 гадах у Чырвонай Арміі, служыў у ваенных аркестрах.

У 1919—1922 гадах І. К. Здановіч вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі. У 1926 годзе скончыў музычна-этнаграфічныя курсы пры Дзяржаўным інстытуце музычнай навукі ў Маскве. У 1930—1933 гадах працаваў навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута, адначасова выкладчыкам у Маскоўскай кансерваторыі, дзе выкладаў студэнтам практыку збірання і запісу народных песень. У 1933—1951 гадах працаваў у Цэнтральным дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў, адначасова ў 1934—1941 гадах па сумяшчальніцтве — навуковы супрацоўнік кабінета музыкі народаў СССР Маскоўскай кансерваторыі[1].

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Удзельнік шматлікіх фальклорных экспедыцый. Збіральнік песняў Берасцейшчыны. З голасу маці запісаў і апублікаваў падборку беларускіх і ўкраінскіх песняў «Народные песни местечка Селец Пружанского уезда Полесского воеводства»[2].

Зборнік дае даволі поўнае ўяўленне аб пазаабрадавай лірыцы гэтай мясцовасці, вызначаецца бездакорным густам у адборы напеваў, цікавымі этнаграфічнымі назіраннямі. Фалькларыст імкнуўся захаваць моўныя і музычныя асаблівасці песень, таму і надрукаваў песні без апрацоўкі. Творы класіфікаваны па групах: любоўныя, сямейныя, рэкруцкія і салдацкія. Найбольшая колькасць у зборніку песень пра каханне (26), але ў гэты раздзел уключаны не толькі любоўныя песні, але і пятроўскія, жартоўныя, казацкія. Яны спяваліся жанчынамі ў час працы, пры вяртанні з поля, на вечарынках і інш. Некаторыя тэксты запісаны не поўнасцю. Значную каштоўнасць маюць апісанні выканання асобных твораў, з якіх відаць, напрыклад, што выкананне песні «Загневаны» ўяўляла сабой цэлую драматызаваную гульню з танцамі, чаргаваннем спеваў мужчыны і жанчыны. Для зборніка адабраны лепшыя ўзоры беларускіх песень розных відаў і жанраў, якія характарызуюцца дэталізаванай натацыяй[1].

Песні ў запісе І. К. Здановіча неаднаразова выкарыстоўваліся беларускімі кампазітарамі. Вялікую каштоўнасць мае зборнік «Русские народные песни» (1950), складзены ім на аснове калекцыі Дзяржаўнага рускага народнага хору імя М. Пятніцкага ў архіве кінафотафонадакументаў[1].

Сачыненні[правіць | правіць зыходнік]

  • Белорусские народные песни Гродненской губернии местечка Селец, в кн.: Сборник работ этнографической секции, вып. 1. Труды Гос. Ин-та Муз. Науки, М., 1926, с. 52-67;
  • Народные песни местечка Селец (Западная Белоруссия), М., 1931;
  • Песни западной Белоруссии. М. — Л., 1930;
  • Киргизский музыкальный фольклор (совм. с В. М. Кривоносовым и Н. М. Владыкиной-Бачинской). Сб., М.-Л., 1939;
  • Русские народные песни. М. — Л., 1950.

Зноскі

  1. а б в 20 сакавіка 2018 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Карлавіча Здановіча (1898–?), беларускага і рускага музыказнаўца і фалькларыста(нявызн.). kb.brl.by. Праверана 21 сакавіка 2024.
  2. Володимир Леонюк. Зданович Йосиф // Словник Берестейщини. — Львів: Видавнича фірма «Афіша», 1996. — С. 135. — ISBN 966-95063-0-1.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Зданович И. К. // Музыкальная энциклопедия / Под ред. Ю. В. Келдыша. — М.: Советская энциклопедия, Советский композитор, 1973—1982.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]