Анусіна (археалагічныя помнікі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Анусіна — археалагічныя помнікі: курганныя могільнікі каля в. Анусіна (Мінскі раён). Датуюцца XI — пачатакам XII стст.

Могільнік—1[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 0,15 км на захад ад паўночнай ускраіны вёскі. На ўзгорку 42 насыпы (у канцы XIX ст. было 80), дыяметр 5—7,5, вышыня да 1 м, значная колькасць пашкоджана ямамі. У 1983 г. абследаваў Э. М. Зайкоўскі, 4 курганы раскапаў Ю. А. Заяц. У 2 курганах пахаванняў не было, у астатніх — пахаванні па абраду трупапалажэння галавой на захад, у падкурганных ямах глыбінёй 0,3—0,6 м, выкапаных у межах рытуальных вогнішчаў (у кургане № 3 абкладзена камянямі). У жаночым пахаванні знойдзены скроневыя кольцы (пярсцёнкападобныя з заходзячымі канцамі і адваротным завітком на адным з іх), шкляныя бочачкападобныя і цыліндрычныя пазалочаныя пацеркі, бронзавыя пярсцёнак, ланцужок, грушападобная бразготка з крыжападобнай прораззю, рэшткі баваўнянага шнурка.

Могільнік—2[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 0,6 км на паўднёвы захад ад вёскі, у лесе. 22 курганы паўсферычныя дыяметрам 4,5—8 м і авальныя памерамі да 7х8 м, вышынёй 0,7—1,5 м. Каля аднаго з насыпаў серпападобныя ямы. У 19881989 гг. Ю. А. Заяц даследаваў 6 курганоў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне галавой на захад у падкурганных ямах глыбінёй 0,4—0,6 м і на грунце. У 4 насыпаў каменныя агароджы, у кургане № 7 — імітацыя агнішча ці печы-каменкі. Знойдзены пярсцёнкападобныя, трохпацеркавыя, бранзалетападобныя з завязанымі канцамі скроневыя кольцы, пярсцёнкі, спражка, пацеркі шкляныя і сердалікавыя.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Заяц, Ю. А. Анусіна / Ю. А. Заяц // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 36. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Заяц, Ю. А. Анусіна / Ю. А. Заяц // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 40. — ISBN 5-85700-077-7.
  • Заяц, Ю. А. Анусинские курганы / Ю. А. Заяц // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 1996. — № 10. — С. 43 — 57.