Арахазія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Арахозія)
Арахазія, каля 300 да н.э.

Арахазі́я (стар.-грэч.: Ἀραχωσία) — эліністычная назва тэрыторыі сучаснага паўднёва-ўсходняга Афганістана і паўночнага Пакістана - авестыйская Харахваці. У I стагоддзі да н.э. — асобная дзяржава.

Першапачаткова гэту тэрыторыю насялялі індаіранскія і іранскія плямёны, якія стварылі ў VI стагоддзі да н.э. царства Камбоджа, гісторыя якога невядомая. У тым жа стагоддзі Арахазію заваявалі персы. Пазней Арахазія ўваходзіла ў склад дзяржавы Аляксандра Македонскага, у імперыю Маур'яў і ў Грэка-бактрыйскае царства.

У апошняй чвэрці II стагоддзя да н.э. Арахазію заваявалі плямёны сакаў, якія перасяліліся сюды пад націскам юэчжаў з Сярэдняй Азіі. Апроч Арахазіі прышэльцы рассяліліся ў старажытнай Дрангіяне, якая з гэтага моманту стала называцца Сакастанам (сучасны Сістан). Гэта вобласць каля 115 года да н.э. была захоплена парфянамі і ў далейшым уваходзіла ў іх дзяржаву, хоць і карысталася значным самакіраваннем.

У пачатку I стагоддзя да н.э. Арахазія здолела аб'яднацца пад уладай мясцовай сакскай дынастыі, якая і кіравала там каля стагоддзя. Сталіцай яе верагодна была Александрыя Каўказская. Палітычная гісторыя гэтага царства амаль невядомая, але археолагамі знойдзены манеты, на якіх выбіты імёны чатырох цароў Арахазіі. Заснавальнікам дынастыі быў нейкі Ванон. Спалахор лічыўся яго братам-суправіцелем (але магчыма, ён не быў яго сваяком, а толькі насіў такі тытул). Спалагадам, верагодна, быў сынам Спалахора. Апошнім сакскім царом лічыцца Спалірыс. У канцы I стагоддзя да н.э. Арахазію заваяваў інда-сакскі цар Аз I, які кіраваў у Гандхары. У часы арабаў гэтая тэрыторыя стала называцца Рухаджэм.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Vogelsang W. 1985. Early historical Arachosia in South-east Afghanistan; Meeting-place between East and West. Iranica antiqua, 20, 1985, p. 55-99.