Аршанская арганізацыя РСДРП

З пляцоўкі Вікіпедыя

Аршанская арганізацыя РСДРП. Знаёмства рабочых Оршы з марксізмам пачалося ў 189-я гады. У 18981900 гг. тут дзейнічала Аршанская рабочая арганізацыя. У красавіку — верасні 1900 г. існаваў сацыял-дэмакратычны гурток, які меў бібліятэку нелегальнай літаратуры, распаўсюджваў сярод чыгуначнікаў пракламацыю «Да ўсіх рабочых і работніц Расіі», выдадзеную ў друкарні сацыял-дэмакратычнай групы «Паўднёвы рабочы». Пасля выхаду газеты «Искра» на яе пазіцыі перайшла група рабочых. У пачатку 1904 г. гэта група ўтварыла Аршанскую арганізацыю РСДРП, што адразу ўвайшла ў склад Палескага камітэта РСДРП. Яе работай кіравалі Т. Чарняк, Д. Чарняк, С. Міндлін. Дзейнасць арганізацыі ў асноўным пашыралася на рабочых чыгуначнага вузла і прамысловых прадпрыемстваў горада. Вяла таксама рэвалюцыйную прапаганду сярод салдат, рабочых мястэчка Барань і Дуброўна, садзейнічала стварэнню тут мясцовай арганізацыі РСДРП.

У перыяд рэвалюцыі 1905—1907 гг. дзейнасць арганізацыі ўзмацнілася. У лютым 1905 г. яна правяла 3 сходкі рабочых. Пад сумесным кіраўніцтвам мясцовых арганізацый РСДРП, Бунда і эсэраў адбыліся Аршанскія выступленні рабочых 1905, Бараньскія выступленні працоўных 1905 і інш. Займалася друкаванай прапагандай, выпусціла лістоўкі «Патрабаванні ўсіх чыгуначных служачых і рабочых», «Да ўсіх рабочых Аршанскага цвіковага завода», «Да насельніцтва горада Оршы», у якіх ставіла эканамічныі і палітычныя патрабаванні. Актыўна вяла рэвалюцыйную дзейнасць у вёсцы. Разам з Аршанскай арганізацыяй эсэраў склікала Аршанскую павятовую канферэнцыю сялян 1906 г., на якой быў распрацаваны план дзеянняў на валасных, павятовым і губернскім выбарчых сходах па выбарах у думу.

У 1906 г. Аршанская арганізацыя РСДРП разгромлена паліцыяй. Восенню 1907 г. П. М. Лепяшынскі стварыў сацыял-дэмакратычную групу, у якую ўвайшлі Ф. Ф. Жукоўскі, браты Кліндуховы, Г. Н. Курцееў, В. Б. Лепяшынская, А. У. Фралкоў і інш. Група мела сувязь з Загранічным бюро ЦК РСДРП, атрымлівала ад яго літаратуру, вяла палітычную работу сярод працоўных Оршы. У 1910 г. пасля выезду кіраўніка групы Лепяшынскага і арышту іншых бальшавікоў, яна распалася. Вясною 1915 г. зноў аформілася Аршанская арганізацыя РСДРП, у якую разам з меншавікамі і прымірэнцамі бальшавікі ўвайшлі асобнай фракцыяй. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у Оршы ўзнікла «аб'яднанка».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Салашэнка, У. І. Аршанская арганізацыя РСДРП / У. І. Салашэнка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1. А — Беліца / БелЭн; Рэдкал.: М. В. Біч (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — С. 186. — ISBN 5-85700-074-2.