Аршанскі Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Аршанскі Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Працэс утварэння Саветаў у Оршы пачаўся пасля перамогі Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі (27 лютага 1917 г.). Рабочыя некалькіх прадпрыемстваў 3 (16) сакавіка арганізавалі ініцыятыўную групу, якая звярнулася да працоўных горада з заклікам да аб'яднання. Сход прадстаўнікоў рабочых, рамеснікаў і служачых 8 (21) сакавіка пастанавіў стварыць Савет рабочых дэпутатаў і выбраў яго часовы выканаўчы камітэт (старшыня Мілачкоў). З яго дапамогай не пазней 14 (27) сакавіка створаны Савет рабочых дэпутатаў на драцяна-цвіковым заводзе, які дзейнічаў самастойна да кастрычніка 1917 г. (старшыня А. Л. Антоненкаў). У хуткім часе ўзніклі часовы выканком афіцэрскіх дэпутатаў, выбраны на арганізацыйным сходзе афіцэраў, ваенных чыноўнікаў і ўрачоў (старшыня палкоўнік П. Ваксмут), выканком Савета салдацкіх дэпутатаў (старшыня эсэр Я. Філіпаў); на сумесным пасяджэнні афіцэрскіх і салдацкіх дэпутатаў 12 (25) сакавіка выбраны пастаянны выканком Савета з 7 чалавек. На працягу 7 (20) — 14 (27) красавіка 1917г. усе выканкомы зліліся і ўтварылі адзіны Савет рабочых, салдацкіх і афіцэрскіх дэпутатаў (старшыня эсэр Памяранцаў), які з 1 (14) мая пачаў выдаваць газету «Известия Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов Оршанского района». 28 мая (10 чэрвеня) 1917 г. адбыўся ўстаноўчы з'езд сялянскіх дэпутатаў, на якім у Савет выбраны і яго прадстаўнік. З таго часу ён называўся Саветам рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Аршанскага раёна. З часу стварэння Савет знаходзіўся пад уплывам меньшавікоў, бундаўцаў і эсэраў, падтрымліваў палітыку Часовага ўрада. Савет адыграў важную ролю ў дэмакратызацыі органаў мясцовага самакіравання. удзельнічаў у стварэнні мясцовай міліцыі, камітэта грамадскай бяспекі, прафсаюзаў, салдацкіх і зямельных камітэтаз і інш. грамадскіх арганізацый, прыняў рашэнне пра ўвядзенне 8-гадзіннага рабочага дня. Прадстаўнікі Савета ўдзельнічалі ў рабоце Першага з'езда ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту, I Усерасійскім з'ездзе Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 3 (16) чэрвеня — 24 чэрвеня (7 ліпеня) 1917 г.

Летам 1917 г. у Савеце актывізавалі сваю дзейнасць бальшавікі і інтэрнацыяналісты. Савет адыграў важную ролю ў мабілізацыі мас на ліквідацыю карнілаўскага мяцяжу: устанавіў кантроль на тэлефоннай станцыі, сумесна з іншымі арганізацыямі стварыў ваенную камісію з 33 чал., якой былі нададзены функцыі кіруючага органа па барацьбе з контррэвалюцыяй, горад патрулявалі салдаты разам з членамі Савета. Восенню 1917 г. уплыў бальшавікоў у Савеце ўзмацніўся. У яго ўваходзілі больш за 20 бальшавікоў і інтэрнацыяналістаў, у выканком — 4. Актыўна дзейнічалі ў Савеце бальшавікі І. Р. Дзмітрыеў і А. У. Галкін, якія да гэтага працавалі ў Мінскім Савеце. Аднак і напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Аршанскім Савеце пераважлі прадстаўнікі дробнабуржуазных партый, асабліва эсэры. На Другі Усерасійскі з'езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Аршанскі Савет паслаў бальшавіка Галкіна і левага эсэра А. П. Карэліна. У сувязі з тым, што бундаўцы, меншавікі і правыя эсэры рэзка адмоўна паставіліся да Кастрычніцкай рэвалюцыі, бальшавікі на чале з дзмітрыевым 27 кастрычніка (9 лістапада) пакінулі Савет і сфарміравалі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт (ВРК), які абвясціў аб пераходзе да яго ўсёй улады. 79 (20 — 22) лістапада 1917 г. адбыліся перавыбары выканкома Савета, у склад якога ўвайшлі бальшавікі, эсэры і Паалей-Цыён, старшынёй выбраны эсэр Эйдэлькіндж, яго намеснікам — бальшавік Дзмітрыеў. Аднак паміж абноўленым выканкомам Савета і ВРК існавалі непаразуменні. Пасля безвыніковай спробы 15 (28) лістапада прыйсці да пагаднення выканком склаў з сябе адказнасць за дзеянні ВРК. Паступова ўлада перайшла да Савета, ВРК быў скасаваны.

У снежні 1917 — лютым 1918 гг. выканком Савета сфарміраваў аддзелы (зямельны, харчовы, народнай асветы, ваенны і інш._. ствараў атрады Чырвонай Арміі, з 7 лютага 1918 г. пачаў выдаваць газету (пазней у адпаведнасці з новай назвай Савета яна называлася «Известия Совета рабочих, крестьянских, батрацких и красноармейских депутатов Оршанского уезда», пазней назва мянялася, з кастрычніка 1918 г. «Набат»). Калі пачалося наступленне германскіх войск. пры выканкоме ўтвораны рэвалюцыйны штаб па мабілізацыі насельніцтва на адпор ворагу. Заходняя частка Оршы пэўны час была акупіравана германскай арміяй, у выніку члены выканкома пакінулі горад, улада перайшла да гарадской думы. У сакавіку 1918 г. выканком вярнуўся ў горад і зноў узяў уладу ў свае рукі. У далейшым у структуры не раз адбываліся змены. Паводле Канстытуцыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919 г. ён называўся Савет рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1937 г. — Савет дэпутатаў працоўных, паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1978 г. — Савет народных дэпутатаў. У 19241930 гг. Аршанскі Савет з'яўляўся раённым і акруговым, з ліпеня 1930 г. — раённым, з 1938 г. да акупацыі Оршы нямецкімі войскамі (17 ліпеня 1941 г.) і пасля вызвалення (27 чэрвеня 1944 г.) гарадскі і раённы Саветы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Башко, П. К. Аршанскі Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў / П. К. Башко // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1. А — Беліца / БелЭн; Рэдкал.: М. В. Біч (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. – С. 194. — ISBN 5-85700-074-2.