Лютаўская рэвалюцыя
Лютаўская рэвалюцыя | |
---|---|
![]() Мастак Іван Уладзіміраў. Музей палітычнай гісторыі Расіі | |
Месца |
![]() |
Дата | 23 лютага (8 сакавіка) — 3 (16) сакавіка 1917 года |
Прычына | origins of the February Revolution[d] і Першая сусветная вайна |
Асноўная мэта | Звяржэнне манархіі, устанаўленне рэспублікі |
Вынік | Адрачэнне Мікалая II ад прастола, канец манархічнага праўлення ў Расіі (дэ-факта), устанаўленне рэспубліканскага ладу |
Загінула |
|
![]() |
Лютаўская рэвалюцыя 1917 года — рэвалюцыя ў Расійскай імперыі, вынікам якой стала падзенне манархіі, абвяшчэнне рэспублікі і пераход улады да Часовага ўрада.
Пачатак рэвалюцыі паклалі забастоўкі, вулічныя мітынгі і дэманстрацыі ў Петраградзе, праведзеныя 23 лютага 1917. Выступленні рабочых і салдат перараслі ва ўзброенае паўстанне. 2 сакавіка цар Мікалай II адрокся ад прастола на карысць брата Міхаіла, які на другі дзень падпісаў маніфест аб адмове прыняць трон да пастановы Устаноўчага сходу[2].
Прычыны
[правіць | правіць зыходнік]Лютаўская рэвалюцыя пачалася як стыхійны парыў народных мас, але яе поспеху спрыяў і востры палітычны крызіс у вярхах, рэзкая незадаволенасць ліберальна-буржуазных колаў аднаасобнай палітыкай цара. Хлебныя бунты, антываенныя мітынгі, дэманстрацыі, забастоўкі на прамысловых прадпрыемствах горада наклаліся на незадаволенасць і неспакой сярод шматтысячнага сталічнага гарнізона, які далучыўся да рэвалюцыйных мас, што выйшлі на вуліцы.
Развіццё падзей
[правіць | правіць зыходнік]27 лютага (12 сакавіка) 1917 года ўсеагульны страйк перарос ва ўзброенае паўстанне. Войскі, якія перайшлі на бок паўстанцаў, занялі найважнейшыя пункты горада, урадавыя будынкі. У дадзеным становішчы царскі ўрад выявіў няздольнасць да хуткіх і рашучых дзеянняў. Разрозненыя і нешматлікія сілы захоўвалі вернасць манарху, аднак аказаліся не ў стане самастойна справіцца з анархіяй, якая ахапіла сталіцу, а некалькі часцей, знятых з фронту дзеля здушэння паўстання, не здолелі прабіцца да горада.
Непасрэдным вынікам Лютаўскай рэвалюцыі стала адрачэнне ад пасады Мікалая II, спыненне панавання дынастыі Раманавых і фармаванне Часовага ўрада пад кіраўніцтвам князя Георгія Львова. Гэты ўрад быў цесна звязаны з буржуазнымі грамадскімі арганізацыямі, якія ўзніклі ў гады вайны, як то Усерасійскі земскі саюз, Гарадскі саюз, Цэнтральны ваенна-прамысловы камітэт. Часовы ўрад злучыў заканадаўчую і выканаўчую ўладу, замяніўшы цара, Дзяржаўны савет, Думу і Савет міністраў. У сваёй Дэкларацыі Часовы ўрад аб’явіў амністыю палітычным зняволеным, грамадзянскія свабоды, замену паліцыі «народнай міліцыяй», рэформу мясцовага самакіравання[3].
Практычна адначасова рэвалюцыйна-дэмакратычнымі сіламі быў сфармаваны паралельны орган улады — Петраградскі савет, што прывяло да сітуацыі, вядомай як двоеўладдзе. 1 (14) сакавіка 1917 года новая ўлада была ўсталявана ў Маскве, на працягу сакавіка — па ўсёй краіне.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://books.google.com/books?id=ety5B4feoDoC&pg=PA321
- ↑ Тэкст адрачэння Мікалая ІІ і адмовы Міхаіла прыняць імператарскую ўладу ў беларускім перакладзе
- ↑ Кара-Мурза С. Г. Гл. 2. Государство и право после Февральской революции 1917 г. История советского государства и права.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- История России. XX век: в 2-х т. / отв.ред. А. Б. Зубов. — Москва : АСТ, 2009. — Т. I. 1894—1939 гг. — 1024 с.
- Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі: Дапаможнік. Пад рэд. Л. В. Лойка. — Мн.: ТАА Цэнтр інавацыйных праграм і праектаў, 2003.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лютаўская рэвалюцыя
- Пра прычыны расійскай рэвалюцыі: неамальтузіянская перспектыва (руск.).
- Аляксандр Блок. Апошнія дні імператарскай ўлады Архівавана 8 кастрычніка 2007. (руск.).
- Справаздачы паседжанняў Часовага ўрада. Сакавік—красавік 1917 года (руск.).