Аляксандр Карабач

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з А. Карабач)
Jump to navigation Jump to search


Аляксандр Карабач (1878 — ?) — беларускі нацыянальны дзеяч. Ураджэнец вёскі Вехатніца Роскай воласці Ваўкавыскага павета.

У 1910-я гады вучыўся ў адной з сярэдніх школ Вільні. Працаваў у паштова-тэлеграфных установах Вільні і Петраграда. Далучыўся да беларускага руху ў 1915, да гэтага з'яўляўся старшынёй праўрадавага «Белорусского общества» у Вільні. З 1918 член Віленскай Беларускай рады. Пасля быў членам Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта. Член партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, кіраўнік віленскага філіяла партыі. Да 1921 узначальваў Загранічнае бюро БПСР. Дэпартаваны ў лютым 1922 польскімі ўладамі ў ліку 33 беларускіх і літоўскіх дзеячаў з тэрыторыі Сярэдняй Літвы. Пасля гэтага быў прадстаўніком Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Коўне, загадчыкам спраў Міністэрства беларускіх спраў Літвы. З 1923 — у БССР. У 1924 браў удзел у ліквідацыйным з'ездзе Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў у Мінску. Далейшы лёс невядомы.

Таксама быў рэдактарам-выдаўцом грамадска-палітычнай і літаратурнай газеты «Незалежная Беларусь».