Беларускае таварыства

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Беларускае таварыства (руск.: Белорусское общество) — групоўка дэнацыяналізаванай інталігенцыі і чыноўнікаў, а таксама прадстаўнікоў заможнай часткі беларускіх сялян, якія арыентаваліся на саюз з царскім урадам, каб з яго дапамогай прыдбаць землі польскіх памешчыкаў. Існавала ў 1908—першай палове 1910-х гадоў. Узнікла ў Вільні на аснове таварыства «Крестьянин». Дзейнасць таварыства ўзначальвала праўленне (10 чал.); старшыні Л. М. Саланевіч, з жніўня 1911 П. В. Каранкевіч. Друкаваныя органы — газеты «Белорусская жизнь», «Северо-Западная жизнь», «Белорусский вестник».

Таварыства стаяла на пазіцыях заходнерусізму, галоўнай задачай лічыла «развіццё ў беларускай народнасці самасвядомасці на асновах рускай дзяржаўнасці». З'яўлялася правадніком шавіністычнай палітыкі царызму на Беларусі, атрымлівала субсідыі ад урадавага адміністрацыйна-бюракратычнага апарату, падтрымлівала сувязі з правымі дэпутатамі 3-й Дзяржаўнай думы. Спрабавала дыскрэдытаваць беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, выклікаць рэпрэсіі супраць газеты «Наша ніва». Падтрымлівала сталыпінскую аграрную рэформу. На з'ездзе прадстаўнікоў вёскі Паўночна-Заходняга краю (канец 1908—пачатак 1909, Вільня), скліканым таварыствам сумесна с дэпутатамі Думы, настойвала на больш інтэнсіўным правядзенні хутарызацыі ў Віленскай і Гродзенскай губерняў.

Пры абмеркаванні ў 1909—1910 законапраекта аб увядзенні земства ў заходніх губернях таварыства дамагалася аб'яднання ўсяго «рускага» (беларускага) праваслаўнага насельніцтва з рускімі памешчыкамі на платформе велікадзяржаўнага шавінізму для барацьбы супраць «польскага засілля». Да пачатку Першай сусветнай вайны сышло з палітычнай арэны.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]