Бізнес-анёл
Бізнес-анёл (англ.: business angel, angel investor) — прыватны венчурны інвестар, які дае фінансавую і экспертную падтрымку кампаніям на ранніх этапах развіцця.[1]
Гістарычна бізнес-анёлы з’яўляюцца асноўнай крыніцай фінансавання новых кампаній з патэнцыялам хуткага росту. Яны дапамагаюць стартапам пераадолець этап, калі аб’ём неабходных для развіцця рэсурсаў перавышае магчымасці заснавальнікаў, але недастаткова вялікі, каб зацікавіць інвестыцыйны фонд.[2]
Бізнес-анёлы інвестуюць у кампаніі наўпрост і аперуюць уласным капіталам. Анёл можа інвеставаць не толькі ў гатовы праект, але і ў ідэю, што немагчыма для інстытуцыйнага інвестара.[3] У партфелі бізнес-анёла невялікія інвестыцыі пераважаюць па колькасці і сумарным аб’ёме. Выключэннем з гэтага правіла з’яўляюцца «суперанёлы», якія аперуюць капіталам сувымерным з рэсурсамі венчурных фондаў. Часцяком анёлы інвестуюць сумесна, аб’ядноўваючы рэсурсы і скарачаючы індывідуальныя рызыкі. Па даных праведзенага ў 2009 годзе даследавання рынку анёльскіх інвестыцый Вялікабрытаніі, такія здзелкі склалі больш за 80 % здзелак за год.[4]
Сацыялагічныя даследаванні паказваюць на сталасць партрэта сярэднестатыстычнага бізнес-анёла: гэта мужчына з універсітэцкай адукацыяй ва ўзросце ад 45 да 65 гадоў, з прадпрымальніцкім або кіраўніцкім вопытам. Анёлаў характарызуе цікавасць да бізнэсу, і сярод іх рэдка сустракаюцца навукоўцы або спецыялісты, не звязаныя з кіраваннем.[5]
Лічыцца, што бізнес-анёлы больш ахвотна падтрымліваюць праекты, у якіх могуць прымяніць уласны вопыт. Асабістая ўцягнутасць і экспертныя веды — прынцыповае адрозненне бізнес-анёлаў ад іншых прыватных інвестараў. Сярод актыўных бізнес-анёлаў шмат прадпрымальнікаў, якія прыцягвалі знешняе фінансаванне ва ўласныя праекты
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Christine K. Volkmann, Kim Oliver Tokarski, Marc Grünhagen, 2010, p. 297
- ↑ Mark Van Osnabrugge, Robert J. Robinson. Angel Investing: Matching Startup Funds with Startup Companies — The Guide for Entrepreneurs and Individual Investors. — San-Francisco: John Wiley & Sons, 2000. — С. 40—41. — 448 с. — ISBN 0-7879-5202-8
- ↑ Анатолий Чаусский. Как привлечь зарубежные инвестиции. — М.: Альпина Паблишер, 2010. — С. 16. — 143 с. — ISBN 978-5-9614-1349-5
- ↑ Christine K. Volkmann, Kim Oliver Tokarski, Marc Grünhagen, 2010, p. 297—299
- ↑ Colin M. Mason, 2011, p. 3