Вацлаў Рачкавіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вацлаў Рачкавіч
біскуп луцкі
з 28 верасня 1459
Дыяцэзія Луцкая дыяцэзія[d]
Папярэднік Andrzej Spławski[d]
Пераемнік Ян Ласовіч

Адукацыя
Дзейнасць каталіцкі святар
Нараджэнне 1420-я
Смерць не пазней за 1463
Бацька Рачка[d]

Вацлаў Рачкавіч (1420-я — да 1463) — каталіцкі біскуп луцкі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Сын Якуба Рачкі Табутавіча, брат Міхны, Юндзілы і Яна Рачкавічаў[1]. Як частка родавых уладанняў Вацлаву належала прынамсі доля ў Дзітве.[2].

Напэўна, тоесны Venceslaus Petri de Vaverka, які зімовым семестрам 1444 года ўнёс поўную аплату за паступленне ў Кракаўскі ўніверсітэт. Патронім Petri выклікае некаторыя сумненні, праз яго луцкага біскупа Вацлава часта называюць сынам Пятра Рачкавіча. Аднак, як адзначае Ян Глінка[pl], пра Пятра, сынам якога мог бы быць яшчэ адзін Вацлаў з Ваверкі, сярод родзічаў-уладальнікаў Ваверкі няма сведчанняў. Тым часам як імя Вацлаў даволі рэдкае, а біскуп яўна названы сынам Рачкі і братам Рачкавічаў. Таму Глінка не выключае, што Пётр магло быць яшчэ адным імем Якуба Рачкі Табутавіча, што не рэдкасць у першым пакаленні па каталіцкім хрышчэнні Літвы.[1]

У такім разе, Вацлаў нарадзіўся не пазней за 1431 год, бо ўзрост залічэння ва ўніверсітэт быў не меншы за 14 гадоў, хоць у Кракаўскім універсітэце таго часу вядомы залічэнні і 13-гадовых, аднак звычайна студэнты былі старэйшымі[3]. Перад гэтым, магчыма, навучаўся ў Віленскай кафедральнай школе[4].

У 1451 годзе атрымаў дыплом бакалаўра in artibus (вольных мастацтваў), у Liber promotionum Кракаўскага ўніверсітэта запісаны як Venceslaus de Wawerka Lithwanus. Напэўна, тым часам быў канонікам Віленскага кафедральнага капітула, хоць гэта і не адзначана ва ўніверсітэцкіх дакументах, бо быў ужо дэканам капітула ў 1459 годзе, калі кароль Казімір Ягелончык намінаваў яго біскупам луцкім.[4]

Зацверджаны як біскуп 10 верасня 1459 года Папам Піем II[4], 28 верасня праз свайго дэлегата ў Рыме заплаціў пошліну Курыі памерам 33 1/3 фларына[1]. Паводле выданага 10 верасня ў Мантуі папскага брэвэ, Вацлаў Рачкавіч быў in sacerdocio ac legitima aetate constitutus, то-бок меў святарскае пасвячэнне і не менш за 27 гадоў — узрост, неабходны для прыняцця біскупскай хіратоніі[4]. Такім чынам, нарадзіўся не пазней за 1432 год, што, аднак, не дае новых звестак. У актах Апостальскай Камеры[ru] запісаны як Wenceslaus Raskonicz (Raskonitz)[4].

Ад каго і калі Вацлаў прыняў біскупскае пасвячэнне, невядома. Звестак пра кіраванне Рачкавіча ў епархіі няма. Біскупам быў не болей за тры гады[1], ужо ў студзені 1463 года папскую кананічную правізію атрымаў яго наступнік. То-бок, нягледзячы на імаверна малады ўзрост, Вацлаў памёр да гэтага часу. Месца пахавання невядомае.[4]

Згадваецца ў дзвюх данацыях родзічаў ад 1463 і 1479 гадоў для касцёла ў родавай Ваверцы. Да публікацыі гэтых дакументаў у Кодэксе дыпламатычным кафедры і дыяцэзіі віленскай Вацлаў Рачкавіч наогул не быў вядомы.[1]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д Glinka 1959, T. V, s. 50.
  2. Glinka 1959, T. IV, s. 93.
  3. Wisłocki 1886, s. 9-10.
  4. а б в г д е Prokop 2011.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Wisłocki W. O wydawnictwie Liber diligentiarum Krakowskiego Fakultetu Filozoficznego z lat 1487-1563. — Kraków, 1886.
  • Krzysztof Rafał Prokop. Sylwetki biskupów łuckich. — Biały Dunajec — Ostróg, 2011. — С. 33-34.
  • Jan Glinka Ród Klawsucia w wiekach XIII—XIV. Ze studiów nad kształtowaniem się i różanicowaniem spolecznym bojarstwa litewskiego // Studia Źródłoznawcze.Warszawa. — Poznan: 1959. — Т. IV. — S. 85-107; T. V. — S. 35-55.