Венесуэльскі заліў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Паўвостраў Гуахіра адгароджвае Венесуэльскі заліў ад Карыбскага мора

Венесуэльскі заліў (ісп.: Golfo de Venezuela) ці Маракайба (Maracaibo) — заліў на поўдні Карыбскага мора ў берагоў Венесуэлы, адмежаваны ад мора паўвостравамі Гуахіра і Парагуана. Абмывае венесуэльскія штаты Сулія і Фалькон, а таксама калумбійскі дэпартамент Гуахіра.

Даўжыня заліва 231 км, шырыня каля ўваходу 98 км. У паўднёвай частцы заліў злучаецца з возерам Маракайба праз бухту Таблас і праліў шырынёй 6,5-22 км і глыбінёй 11 м.[1] Глыбіня самога заліва змяняецца ад 18 да 71 м. Ва ўсходняй частцы ў бераг паўвострава Парагуана ўдаецца невялікі заліў Каро. Берагі Венесуэльскага заліва нізкія, не апрацаваныя ў сілу пясчаных глебаў. Прылівы змешаныя, вышынёй менш за 1 м.

Заліў быў адкрыты еўрапейцамі ў 1499 годзе, калі экспедыцыя пад камандаваннем Алонса дэ Ахеда ў суправаджэнні Амерыга Веспучы даследавала ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі, збіраючы інфармацыю і даючы назвы новым землям. Воды заліва з'яўляюцца аб'ектам пагранічнай спрэчкі з часоў здабыцця Калумбіяй і Венесуэлай незалежнасці ад Іспаніі ў XIX стагоддзі. Іспанская імперыя не праводзіла межаў у гэтым раёне, паколькі мясцовы народ Гуахіра аказваў ёй супраціўленне. Мяжа па сушы была ўстаноўлена ў 1941 годзе, але пытанне тэрытарыяльных вод засталося нявырашаным.

Заліў валодае стратэгічнай важнасцю як суднаходны шлях у Карыбскае мора, па якім перавозяць нафту, што здабываецца на нафтавых радовішчах на возеры Маракайба. У межах заліва таксама маецца радовішча нафты. На берагах размешчаны глыбакаводныя нафтаэкспартныя парты Амуай, Пунта-Кардон і Пунта-Фіха.[2]

Зноскі

  1. Gulf of Venezuela (gulf, Caribbean Sea) — Britannica Online Encyclopedia
  2. Венесуэльскі заліў — Слоўнік сучасных геаграфічных назваў