Віганд Альгердавіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вігунт Альгердавіч)
Віганд Альгердавіч
князь кернаўскі

Нараджэнне каля 1372
Смерць 28 чэрвеня 1392(1392-06-28)
Месца пахавання
Род Гедзімінавічы
Бацька Альгерд
Маці Ульяна Цвярская
Жонка Ядвіга Апольская
пячатка, 1388 год

Віганд, або Вігант (каля 1372 — 28 чэрвеня 1392) — князь кернаўскі, сын вялікага князя літоўскага Альгерда Гедзімінавіча ад другой шлюбу з Ульянай Цвярской (пам. 1393), малодшы брат і паплечнік вялікага князя літоўскага Ягайлы.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Л. Вайтовіча, пры нараджэнні Віганд быў хрышчоны па праваслаўным абрадзе пад імем Фёдар[1].

Віганд атрымаў ва ўдзельнае валоданне ад свайго старэйшага брата, вялікага князя літоўскага Ягайлы, гарады Кернава, Чачэрск і Біюцішкі. Таксама меў значныя ўладанні ў Польшчы — Быдгашч, Інаўроцлаў і інш.

У 1385 годзе князь кернаўскі Віганд падтрымаў свайго старэйшага брата Ягайлы пры падпісанні ў Крэве уніі паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім. У 1386 годзе Віганд разам з іншымі братамі суправаджаў Ягайлу падчас яго паездкі ў Польшчу. У Кракаве Ягайла перайшоў ў каталіцтва і прыняў польскую карону. Большасць яго братоў, сваякоў і саноўнікаў таксама прынялі каталіцкае хрышчэнне. Пры хрышчэнні Віганд атрымаў імя Аляксандр. У 1390 годзе ён ажаніўся з Ядвігай Апольскай, дачкой сілезскага князя Уладзіслава Апольскага.

Падчас грамадзянскай вайны ў Вялікім Княстве Літоўскім 1389—1392 гадоў паміж Вітаўтам Кейстутавічам і Скіргайла Альгердавічам Віганд падтрымліваў апошняга. У 1390 годзе Скіргайла і Віганд пацярпелі паражэнне ад аб’яднаных сіл Вітаўта і тэўтонскіх крыжакоў. У 1391 годзе Віганд узначаліў паход літоўскага войска на Прусію, дзе літоўцы няўдала аблажылі замак Нойгартэн. Віганд карыстаўся любоўю і прыхільнасцю свайго старэйшага брата Ягайлы. У чэрвені 1392 года Віганд раптоўна памёр. Хадзілі чуткі, што Віганд быў атручаны па распараджэнні Вітаўта[2].

Спадчыннікі[правіць | правіць зыходнік]

Таксама літоўскае язычніцкае імя Вінгальт прыпісваецца брату Аляксандра Андрэю Альгердавічу, князю пскоўскаму і полацкаму, пачынаючы з прац Тэадора Нарбута, аднак па захаваных летапісах яно невядома. Аднак ад нейкага Вігунта выводзіць свой род княжацкі род Палубінскіх герба «Ястрабец».

Зноскі

  1. Войтович Л. Князівські династії Східної Європи (кінець IX — початок XVI ст.): склад, суспільна і політична роль. Історико-генеалогічне дослідження. — Львів: Інститут українознавства ім. І.Крип’якевича, 2000. — 649 с. — ISBN 966-02-1683-1.
  2. Барбашев А.И. Витовт и его политика до Грюнвальдской битвы. — Санкт-Петербург, 1885. — С. 59.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]