Вігіланскі кодэкс
Вігіланскі (Альбельдэнскі) кодэкс (лац.: Codex Conciliorum Albeldensis seu Vigilanus) — ілюмінаваная кампіляцыя розных дакументаў вестгоцкага перыяду ў Іспаніі. Сярод вялікай колькасці тэкстаў, сабраных складальнікамі, знаходзяцца каноны Таледскіх сабораў, Вестгоцкая праўда, дэкрэты некаторых ранніх пап і пісанні Святых Айцоў, гістарычныя творы (такія як Хроніка Альбельды і жыццяпіс Мухамеда), урыўкі з публічнага і царкоўнага права, а таксама каляндар.
Складальнікамі рукапісу былі тры манахі з рыёхскага манастыра святога Марціна: ілюстратар Вігіла, у гонар якога названы зборнік; Серацына, яго сябар; і Гарсія, яго вучань. Складанне зборніка было завершана ў 976 годзе, яго арыгінал захоўваецца ў Эскарыяле (як Escorialensis d I 2). У гэты час Альбельда была культурным і інтэлектуальным цэнтрам Памплонскага каралеўства. Рукапісы зборніка ўслаўлялі не толькі старажытных вестгоцкіх каралёў-заканадаўцаў — Хіндасвінта, Рэкесвінта і Эгікі — але і сучасных кіраўнікоў Навары: Санча II і яго жонку Ураку, яго брата Раміра Гарсеса, караля Вігеры.
Апроч іншай карыснай інфармацыі, кодэкс утрымоўвае першую згадку і выявы арабскіх лічбаў (акрамя нуля) у Заходняй Еўропе. Яны з’явіліся праз маўраў у Іспаніі каля 900 года.
Стыль ілюмінавання ўнікальны, спалучаючы вестгоцкае, масарабскае і каралінгскае мастацтва. У шаблонах арнаментаў бачны каралінгскі і італа-візантыйскі ўплыў.