Перайсці да зместу

Віктар Антонавіч Сырыца

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Віктар Антонавіч Сырыца
Род дзейнасці педагог, грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 5 сакавіка 1953
Месца нараджэння Сладобка, Нясвіжскі раён
Дата смерці 9 лістапада 2015
Месца смерці Баранавічы
Грамадзянства Беларусь
Альма-матар
Член у

Віктар Антонавіч Сыры́ца (5 сакавіка 1953, Сладобка, Нясвіжскі раён — 9 лістапада 2015, Баранавічы) — дзеяч нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі, педагог, гісторык, краязнаўца[1].

Нарадзіўся 5 сакавіка 1953 года ў вёсцы Слабодка Нясвіжскага раёна.

У 1979 скончыў Мінскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці «Гісторыя і замежная (французская) мова».

Далейшы ягоны лёс і дзейнасць былі звязаны з Баранавічамі, дзе працаваў настаўнікам гісторыі ў сярэдніх школах № 6[2], № 8, № 20, у недзяржаўным эканоміка-юрыдычным каледжы. Пасля звальнення з палітычных матываў у 2006 працаваў рэпетытарам.

З 1994 па 2001 — сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», неаднаразова ўдзельнічаў у выбарах у гарадскі і абласны саветы дэпутатаў.

З 1996 да 2015 быў кіраўніком Баранавіцкай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».

Як краязнаўца і гісторык, Сырыца шмат друкаваўся ў прэсе. Ініцыятар і арганізатар гістарычных чытанняў да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны, святаў, фэстаў (у тым ліку фэсту 2 чэрвеня 2013 года ў гонар 150-х угодкаў Мілавідскай бітвы 1863 года), віктарын. Даследаваў гісторыю паўстання 1863 года ў Баранавіцкім краі.

Адзін з ініцыятараў устаноўкі памятнага знака Палонкаўскай бітвы 1660 года.

Адзін з ініцыятараў перадачы «Люблю наш край» на баранавіцкім радыё. Вялікім дасягненнем Віктара Сырыцы стала аднаўленне пад ягоным кіраўніцтвам дома-сядзібы ТБМ у аграгарадку Русіно, што знаходзіцца ў прыгарадзе Баранавічаў.

За сваю грамадска-палітычную дзейнасць неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям з боку ўладаў у 2013—2015 гадах[3][4].

Памёр 9 лістапада 2015 года, быў пахаваны пад бел-чырвона-белым сцягам на могілках «Русіно»[1].

У 2016 годзе рашэннем Рады Руху «За Свабоду» заснавана прэмія імя Віктара Сырыцы[5]. Ёй узнагароджваюць аўтараў найлепшых рэгіянальных ініцыятыў, якія папулярызуюць Беларушчыну[6].

  1. а б Віктара Сырыцу пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам . Наша Ніва (13 лістапада 2015). Праверана 29 чэрвеня 2025.
  2. О гимназии © Гимназия № 3 г. Барановичи. gymn3.baranovichi.edu.by. Праверана 29 чэрвеня 2025.
  3. Віктар Сырыца скардзіцца ў Мінюст на суддзю(нявызн.). spring96.org. Праверана 29 чэрвеня 2025.
  4. Будзьма беларусамі! » Раптоўна памёр баранавіцкі гісторык Віктар Сырыца. budzma.org. Праверана 29 чэрвеня 2025.
  5. Рух «За Свабоду» заснаваў прэмію імя Віктара Сырыцы . Новы Час (18 снежня 2016). Праверана 29 чэрвеня 2025.
  6. Абраныя лаўрэаты прэміі імя Сырыцы за 2019 год - Беларуская Служба(нявызн.). www.polskieradio.pl. Праверана 29 чэрвеня 2025.