Вікіпедыя:Прэс-рэлізы/200000
31 снежня 2020 года колькасць артыкулаў у Беларускай Вікіпедыі дасягнула лічбы 200 000! Юбілейным стаў артыкул Гімн любові. Гэтае дасягненне мы прысвячаем тым, хто ў гэты няпросты год запальваў сэрцы, выратоўваў жыцці, даваў надзею і суцяшаў, страціў нешта важнае ці рызыкаваў усім дзеля вялікага. Гэтае дасягненне мы прысвячаем усім неверагодным людзям, што стаялі плячо ў плячо, рухаючы свет да лепшай долі!
15 студзеня 2021 года Вікіпедыя таксама будзе адзначаць сваё 20-годдзе. Вікіпедыя ж па-беларуску існуе са жніўня 2006 года, развіваецца ахвотнікамі энцыклапедычнай справы і назапашвае матэрыялы на беларускай літаратурнай мове. У 2007 годзе ў асобны раздзел вынесена Вікіпедыя «тарашкевіцай». Першыя гады існавання беларускай вікі прайшлі малапрадуктыўна ў бясконцых звадах і спрэчках, але раздзелу ўдалося нарэшце падняцца на ногі і ўпэўнена закрочыць наперад. Калі на першыя 50 000 тысяч артыкулаў спатрэбілася шэсць гадоў, то на апошнія — ўсяго два гады. Сёння Беларуская Вікіпедыя — самая вялікая энцыклапедыя, напісаная па-беларуску. Раздзел займае 48-е месца сярод усіх Вікіпедый. Колькасць удзельнікаў, якія рэгулярна робяць праўкі ў Вікіпедыі, дасягае за месяц больш за 250 чалавек. За ўвесь час існавання раздзела было зроблена звыш 3,7 млн правак.
Па суадносінах колькасці артыкулаў да носьбітаў мовы Беларуская Вікіпедыя блізкая да Украінскай Вікіпедыі — 1 артыкул на 32 носьбіты, што ў разы больш за паказчык для Рускай Вікіпедыі — 1 артыкул на 154 носьбіты рускай мовы. Але паколькі беларуская мова не мае ні дзясяткаў мільёнаў носьбітаў, як украінская, ні тым больш сотняў мільёнаў, як руская, імклівасць развіцця Беларускай Вікіпедыі залежыць ад дзейснага ўдзелу кожнага з нас. Праўце смела!