Перайсці да зместу

Гімн любові

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фрагмент 1-га ліста да Карынфян на папірусе III стагоддзя (1 Кар 7:33—8:4, Папірус 15[en]).

Гімн любові — фрагмент біблейскага Першага ліста да Карынфян святога апостала Паўла (1 Кар. 13:1—13). Гэта песня[pl] хвалы, а таксама спроба тлумачэння, што такое любоў, праз пералік яе рыс.

Паводле апостала Паўла, дар любові надае сэнс і каштоўнасць усім астатнім духоўным дарам[en]. Апостал Павел сцвярджае, што любоў — гэта імкненне да дабра і шчасця. Гэта прынясенне сябе ў бескарыслівы дар, сіла, якая пераадольвае эгаізмне шукае свайго», 1 Кар. 13:5). Ён таксама падкрэслівае важнасць самой веры праз некрытычны давер («усяму верыць, на ўсё спадзяецца», 1 Кар. 13:7).

«Гімн любові» таксама называюць «Песняй песняў Новага Запавету». У сваю чаргу, Папа Рымскі Бенедыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Бог ёсць Любоў[en]» («Deus caritas est», 2005) назваў «Гімн любові» «вялікай хартыяй усёй касцёльнай паслугі»[1].

Тэкст «Гімна любові» ў якасці біблейскага чытання часта суправаджае таінства[en] шлюбу ў хрысціянскіх цэрквах. Фрагменты і асобныя цытаты з «Гімна любові», а таксама іх парафразы нярэдка выкарыстоўваюцца ў разнастайных мастацкіх творах, у тым ліку ў літаратуры, музыцы і кіно Перайсці да раздзела ««Гімн любові» ў культуры».

Пераклады на беларускую мову

[правіць | правіць зыходнік]

Уся Біблія або асобныя яе часткі неаднаразова перакладаліся на беларускую мову, аднак агульнапрынятага і прызнанага ўсімі канфэсіямі перакладу не існуе. Ніжэй змешчаны некаторыя з перакладаў «Гімна любові» на беларускую мову, тэксты перакладаў прыведзены ў арыгінальных варыянтах правапісу.

Апостал Павел на карціне Рэмбранта.

«Гімн любові» з’яўляецца часткай Першага ліста да Карынфян апостала Паўла.

Першы раз Павел наведаў Карынф пад канец 50 года і заставаўся там каля васямнаццаці месяцаў. За гэты час ён навярнуў у хрысціянства значную колькасць язычнікаў і іудзеяў, арганізаваў жыццё хрысціянскай супольнасці. Аднак, калі Павел ад’ехаў, аказалася, што нованавернутыя хрысціяне не адмовіліся да канца ад старых звычак і былога ладу жыцця. Некаторыя заставаліся пад моцным уплывам язычніцтва, іншыя хацелі вярнуцца ў іўдаізм. Найбольшай праблемай быў удзел у язычніцкіх культах, выпадкі святатацтва падчас Эўхарыстыі, схільнасць да экстатычных станаў, як у містэрыйных культах, сексуальная свабода, а таксама прыняцце язычніцкай філасофіі, асабліва платанізму, што вяло да адкідвання істотнай праўды веры — уваскрашэння цела[9].

Першае пасланне да Карынфян магчыма было напісана Паўлам восенню 54 года, калі Павел знаходзіўся ў Эфесе падчас другога місійнага падарожжа. Прычынай напісання паслання быў візіт Хлоіных сямейнікаў і ліст карынфян, у якім яны задавалі апосталу пытанні і выказвалі свае сумненні (1 Кар. 7,1). Адказваючы, Павел згадвае таксама іншыя спрэчкі і рознагалоссе, што былі ў карынфскай супольнасці, найістотнейшым з якіх было пытанне наконт уваскрашэння і вечнага жыцця[9].

Вакол гісторыі стварэння «Гімна любові» існуе шэраг сумнеўных момантаў, якія можна падзяліць на тры катэгорыі:

  • Сумненні адносна часу напісання: некаторыя даследчыкі мяркуюць, што тэкст «Гімна любові» апостал Павел пісаў не адначасова з асноўнай часткай Ліста (Іаганес Вайс[de][10], Чарлз Кінгслі Барэт[en][11], Ганс Концэльман[de][12]).
  • Сумненні ў аўтарстве: некаторыя даследчыкі, напрыклад Эрык Л. Ціт, лічылі «Гімн любові» «непаўлавай устаўкай»[13].
  • Сумненні ў размяшчэнні Гімна: не выключана, што Гімн можа быць памылкова ўключаны ў змест Ліста (Вольфганг Шэнк[de]).

«Гімн любові» належыць да характэрнага для Старажытнай Грэцыі жанру гімна, «гімна хвалы найвышэйшай дабрадзейнасці», які пранік у яўрэйскую традыцыю мудрасці (Мдр. 7:22—8:1 і 3 Езд 4:34—40)[14].

У гімне апостал Павел апісвае паняцце любові старажытнагрэчаскім тэрмінам «ἀγάπη»[15], які мае нявызначаную гістарычную этымалогію[16][17]. У дабіблейскай грэчаскай мове гэты тэрмін амаль ніколі не ўжываўся ў форме назоўніка[17]. Ён выкарыстоўваўся або ў форме дзеяслова (стар.-грэч.: ἀγαπᾶν), або ў форме прыметніка (стар.-грэч.: ἀγαπητός). Дзеяслоўная форма «ἀγαπᾶν» мае мноства значэнняў (праяўляць прыхільнасць, пераконваць, лашчыць, жадаць, быць задаволеным, атрымліваць задавальненне ад нечага і г.д.), але найбольш распаўсюджаным яго значэннем было «праяўляць любоў»[17]. Прыметнік «ἀγαπητός» ужываўся, напрыклад, у такіх выразах, як «любімае дзіця», і азначаў «больш любімае, чым астатнія нашчадкі»[17]. Форма назоўніка была ўведзена перакладчыкамі Септуагінты пры перакладзе Песні песняў Саламона: тут гэтае слова ўпершыню становіцца тэрмінам, які азначае любоў. А ў Новым Запавеце гэты тэрмін становіцца асноўным для абазначэння любові[17][18]. Тэрмін «ἀγάπη» не мае нічога агульнага з магічнай сілай «ἐρᾶν» («кахаць»), але ў ім ёсць нешта ад цеплыні «φιλεῖν» («любіць»)[17]. У біблейскай грэчаскай мове ён выкарыстоўваецца для адлюстравання любові Бога і зазвычай азначае прывілеяванае становішча чалавека ў вачах Бога, які ўзлюбіў яго па-над усім[17][19].

У старажытналацінскіх перакладах і ў Вульгаце выкарыстоўваюцца лацінскія адпаведнікі «caritas» або «dilectio»[18]. У «Гімне любові» выкарыстоўваецца менавіта слова «caritas», але апрача гэтага выпадку сустракаецца даволі рэдка. «Caritas» звычайна асацыіруецца з міласэрнасцю і з’яўляецца тэрмінам значна бяднейшым, чым «ἀγάπη»[18].

Гімн складаецца з трох тэматычных частак[20]:

  • Вершы 1—3: пра бессэнсоўнасць дароў пры адсутнасці любові
  • Вершы 4—7: пра сутнасць любові
  • Вершы 8—13: пра нятленнасць любові

Першая частка

[правіць | правіць зыходнік]
Карціна Андрэа дзі Нікола[en] «Любоў» (англ.: «Charity», 1495—1500).

1Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я — як медзь звонкая або гулкія цымбалы. 2Калі маю дар прароцтва і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто. 3Калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці.

У 12-м раздзеле Першага ліста да Карынфян, які непасрэдна папярэднічае «Гімну любові», апостал Павел пералічвае дары Святога Духа, што даюцца кожнаму сваё: каму слова мудрасці, каму слова пазнання, ці вера, дар лячэння, каму дар рабіць цуды, каму прароцтва, каму распазнанне духаў, каму гаварыць на розных мовах, а каму іх вытлумачаць (1 Кар. 12:8—10). Завяршаючы размову пра гэтыя дары, аўтар заклікае: «Але імкніцеся да большых дароў, і я пакажу вам шлях яшчэ больш дасканалы» (1 Кар. 12:30). Гэты заклік з’яўляецца ўводзінамі ў тэкст гімна і адначасова арыенцірам да першай яго часткі.

У першай частцы Гімна апостал Павел звяртаецца да любові (стар.-грэч.: αγαπη), як да найвышэйшага з дароў. Уся частка пабудавана паводле адной мадэлі: аўтар паслядоўна пералічвае дары, якія могуць быць у чалавека, а таксама ўчынкі, якія чалавек можа здзейсніць, — і абвяшчае, што ўсе гэтыя рэчы нішто пры адсутнасці любові. Пераходзячы ад аднаго дару да іншага, апостал прытрымліваецца парадку дароў з пункту гледжання ўзрастання іх значнасці: ад дару гутарыць на мовах («калі я гавару мовамі людзей і анёлаў»), праз інтэлектуальныя дары («калі маю дар прароцтва і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды») і дары, звязаныя з верай («калі маю… паўнату веры, каб перастаўляць горы»), да ўчынкаў бескарыслівага дабра і самаахвяравання («калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне»). Такім чынам, паводле апостала Паўла, чалавек можа ўсё выказаць, усё ведаць, усё магчы, але гэта не прынясе яму асабіста ніякай карысці, калі ён не будзе мець у сабе любові. Для Царквы, для грамады веруючых гэтыя дары не губляюць карысці, але тых, хто гэтымі дарамі валодае, яны не задавальняюць[21].

У першым вершы адметным з’яўляецца слова «цымбалы», якое часта выкарыстоўваецца ў Старым Запавеце, у той час як у Новым Запавеце яно выкарыстоўваецца толькі ў гэтым месцы[22]. У часы Паўла гэта быў інструмент, які выкарыстоўваўся ў язычніцкіх культах, асабліва для пакланення Кібеле і Дыянісу[22][23]. Па гэтай прычыне Харальд Рызенфельд[de] меркаваў, што спасылка на «гулкія цымбалы» мае адносіны да язычніцкага мінулага карынфян, якое таксама згадваецца ў 1 Кар. 12:2 («калі вы былі язычнікамі»)[24]. У другім вершы «перасоўванне гор» азначае здзяйсненне немагчымага[22], знішчэнне любых перашкод на шляху, якімі б вялікімі яны ні былі[21]. Верш сканчваецца высновай «я быў бы нічым», якая паказвае, што хрысціянін існуе толькі дзякуючы любові. У трэцім вершы згадваецца спаленне на кастры[en]kauthesōmāi», але не «kauthesō-māi»), якое ў старажытнасці лічылася самым жорсткім відам пакарання.

Другая частка

[правіць | правіць зыходнік]
Карціна Антоніса ван Дэйка «Любоў» (англ.: «Charity», 1627—1628).

4Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, 5не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, 6не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. 7Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.

Другая частка гімна (вершы 4—7) прысвечана пераліку якасцяў любові. Апостал Павел апісвае любоў 15 дзеясловамі[заўв 1], якія ўтвараюць своеасаблівы «кодэкс» паводзін хрысціяніна па адносіне да іншага чалавека. У гэтай частцы гімна пералічваюцца цноты, якія адначасова з’яўляюцца як прычынай, так і вынікам любові — гэта цярплівасць, прабачэнне, пакора, а таксама гатоўнасць рабіць дабро.

Адметным у 4-ым вершы з’яўляецца стар.-грэч. дзеяслоў «χρηστεύεται», які ў беларускіх перакладах зазвычай перадаецца прыметнікамі «ласкавая» або «міласэрная», а Васіль Сёмуха перакладае дзеясловам «умілажальваецца». У грэчаскай мове гэтае слова ўжывалася толькі ў ролі назоўніка (стар.-грэч.: χρηστός) і прыметніка (стар.-грэч.: χρηστότης). Дзеяслоўная ж форма сустракаецца толькі ў біблейскіх тэкстах. Першае задакументаванае выкарыстанне гэтага тэрміну ў форме дзеяслова адносіцца да апакрыфічных Псалмоў Саламона 9, 1 (стар.-грэч.: τίνι χρηστεύση, ο θεός). У Новым Запавеце гэты тэрмін сустракаецца толькі ў гэтым месцы. Яшчэ два выкарыстанні гэтага дзеяслова можна сустрэць у Клімента Рымскага[25]. Нямецкі тэолаг Адольф фон Гарнак[en] выказваў здагадку, што апостал Павел запазычыў гэты тэрмін з Крыніцы Q[26].

Любоў «доўгацярплівая» (стар.-грэч.: μακροθυμει; дзеяслоў) і любоў «ласкавая» (стар.-грэч.: χρηστεύεται; дзеяслоў) утвараюць своеасаблівую пару. Калі першая якасць — пасіўны аспект любові, то другая — яе актыўны аспект[25]. Любоў «доўгацярплівая» — значыць марудная на гнеў, марудная на крыўду і помсту. Любоў зносіць крыўды, не адказваючы крыўдзіцелю тым жа[27]. Любоў «ласкавая», у сваю чаргу, уяўляе сабой дзейсную характарыстыку любові[28]. Любоў «ласкавая» пастаянна імкнецца аказаць паслугу бліжняму[29].

Далей ідзе пералік васьмі адмоўных азначэнняў паняцця любові: восем якасцяў, якія ёй не ўласцівы. Гэтыя азначэнні раскрываюць змест паняцця доўгацярпення і маюць між сабой блізкую сувязь. Так, той, хто мае зайздрасць да пераваг іншага чалавека, — той вывышаецца, гаворачы пра свае ўласныя вартасці; той ганарыцца, г. зн. увесь напоўнены пачуццём самаздаволенасці; той пагарджае іншымі[29]. Паводле Аляксандра Паўлавіча Лапухіна[ru], адмоўныя азначэнні любові можна падзяліць на дзве групы: першыя чатыры маюць на ўвазе злоўжыванне духоўнымі дарамі, а наступныя чатыры больш адносяцца да хрысціянскага жыцця наогул[29].

Любоў «не бессаромная» (стар.-грэч.: οὐκ ἀσχημονεῖ; дзеяслоў). Пад бессаромнасцю трэба разумець адсутнасць ветлівасці, пачцівасці, якая заўважалася ў некаторых карынфян. Гэта праяўлялася, напрыклад, у тым, што яны часам не давалі гаварыць на богаслужэбных зборах людзям, якія валодалі больш карыснымі для Царквы дарамі, гаворачы ўвесь час самі[29].

Любоў «не шукае свайго» (стар.-грэч.: οὐ ζητεῖ τὰ ἑαυτῆς). У кожнага з нас ёсць свае правы, але той, хто любіць бліжняга, зусім забываецца на гэтыя правы і клапоціцца толькі пра тое, каб іншыя былі задаволены. Шчасце заключаецца ў тым, каб даваць, і ў тым, каб служыць[30]. Некаторыя ж карынфяне лічылі іначай (што бачна з глаў 6 і 8)[29].

Любоў «не гневаецца» (стар.-грэч.: οὐ παροξύνεται). Апостал Павел не схільны разглядаць запальчывы, раздражняльны нораў, як нявінную слабасць, але памяшчае яго ў шэраг якасцяў супярэчных любові[29]. Паводле Генры Друманда[en], нішто не можа ў такой ступені зрабіць жорсткім жыццё, пасеяць варожасць, разбурыць святыя сямейныя сувязі, пазбаўляць мужчын іх мужчынскай, спакойнай годнасці, жанчын — сапраўднай жаноцкасці, дзяцей — ласкавай чыстасардэчнасці, як, так званыя, хібнасці характару, пануры, запальчывы, раздражняльны нораў.

Любоў «не памятае зла» (стар.-грэч.: οὐ λογίζεται τὸ κακόν). Гэта значыць, не ставіць іншым у віну зробленае імі зло. У аснове такой адносіны да бліжніх ляжыць перакананне, што ніхто не хоча наўмысна прыносіць шкоду іншаму. Той, хто любіць, давярае іншым людзям[29].

Любоў «не радуецца несправядлівасці» (стар.-грэч.: οὐ χαίρει τῇ ἀδικίᾳ), «але радуецца разам з праўдай» (стар.-грэч.: συγχαίρει δὲ τῇ ἀληθείᾳ·). З гэтага месца зноў пачынаецца пералік станоўчых уласцівасцяў любові. Праўда тут, як і любоў, увасабляецца. Яны — як родныя сёстры: калі праўда радуецца, то з ёю цешыцца і любоў. Нават у выпадку, калі гэтая праўда разыходзіцца з асабістымі меркаваннямі чалавека, любоў вітае яе[29].

Любоў «усё зносіць» (стар.-грэч.: πάντα στέγει). Гэта значыць, прабачае ўсе недахопы бліжняга. Пры гэтым, любоў у неабходных выпадках бярэ на сябе ўсе непрыемныя наступствы, якія могуць узнікнуць з такога стаўлення да правіннасцяў людзей[31].

Любоў «усяму верыць» (стар.-грэч.: πάντα πιστεύει). Гэта значыць, заўсёды давярае людзям, спадзеючыся на тое, што найлепшыя пачуцці ні ў кім не могуць заглухнуць назаўжды. Гэты давер служыць асновай для пакрывання чужых недахопаў і заган[31].

Любоў «на ўсё спадзяецца» (стар.-грэч.: πάντα ἐλπίζει), «усё церпіць» (стар.-грэч.: πάντα ὑπομένει). Бывае, што для веры ў выпраўленне чалавека ўжо не застаецца месца ў душы таго, хто любіць: сумная рэчаіснасць руйнуе гэтую веру. Але і тады, з падзеннем веры або ўпэўненасці ў выпраўленні бліжняга, сэрца таго, хто любіць, не пакідае надзея на тое, што дабро павінна ў рэшце рэшт перамагчы. Любоў у гэтым спадзяванні на выпраўленне чалавека не стамляецца і цярпліва зносіць усе засмучэнні[31].

Трэцяя частка

[правіць | правіць зыходнік]
Карціна Адольфа-Вільяма Бугеро «Любоў» (англ.: «Charity», 1878).

8Любоў ніколі не мінае. Не так як прароцтвы, якія спыняцца, ці мовы, якія змоўкнуць, ці веды, якія скончацца. 9Бо мы часткова пазнаем і часткова прарочым, 10а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, знікне. 11Калі я быў дзіцём, то як дзіця гаварыў, як дзіця думаў, як дзіця разважаў; а калі стаў мужчынам, то пакінуў дзіцячае. 12Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, а тады — тварам у твар. Цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны. 13А цяпер трываюць вера, надзея і любоў — гэтыя тры, але найбольшая з іх — любоў.

Трэцяя частка гімна (вершы 8—13) апавядае пра нятленнасць любові. Асноўная думка гэтай часткі гімна: духоўныя дары знікаюць, а любоў застаецца вечна. Нават найважнейшыя пасля любові цноты — вера і надзея — зазнаюць некаторыя змены, і толькі любоў будзе заўсёды нязменная[31].

У гэтай частцы гімна апостал Павел праводзіць шэраг супрацьпастаўленняў: у 8-ым вершы — гэта супрацьпастаўленне часовага і вечнага, у вершах 9—10 — частковага і дасканалага, у 11-ым — дзіцячага і дарослага («дзіця» — «муж»), апроч таго праз усю гэтую частку праводзіцца скразная апазіцыя цяперашняга і будучыні («цяпер» — «тады»).

У 12-м вершы апостал гаворыць, што ў цяперашнім жыцці мы спасцігаем боскае, нібыта ў люстраным адлюстраванні. Гэтае параўнанне з часам згубіла сваю актуальнасць, бо сучасныя люстэркі якасна адлюстроўваюць навакольны свет, у той час як у старажытнасці іх рабілі з метала, зазвычай з адшліфаванай да бляску медзі, і адлюстраванне атрымоўвалася скажонае. З гэтай прычыны ў сучасных перакладах фразу «як у люстэрку» (стар.-грэч.: δι' ἐσόπτρου) часцей за ўсё перакладаюць выразамі накшталт «як скрозь цьмянае шкло», «як скрозь мутнае шкло».

Выраз «тварам у твар» — гэта семітызм, які азначае блізкі і прамы кантакт. Гэты выраз таксама сустракаецца ў кнізе Быццё (Быц 32:30)[12].

У завяршальным 13-м вершы апостал звяртаецца ад часовых рэчаў да вечных. У папярэдніх вершах ён казаў пра тое, што духоўныя дары з часам скончаць сваё існаванне, цяпер жа ён гаворыць пра тое, што ніколі не знікне і да набыцця чаго, адпаведна, варта імкнуцца. Гэта тры найважнейшыя цноты хрысціянства — вера, надзея і любоў. Аўтар супрацьпастаўляе гэтыя тры цноты тром духоўным дарам, якія ўзгадваліся раней — дару моў, дару прароцтва і дару ведаў. Сярод трох найвышэйшых цнот, апостал Павел падкрэслівае вышэйшасць любові, бо гэта боская цнота. Пра Бога нельга сказаць, што Ён верыць і спадзяецца, але можна сказаць, што Ён — любіць. Любоў належыць да самой Яго сутнасці. Такім чынам, для хрысціяніна любоў — гэта мэта, а вера і надзея — сродкі, якія вядуць да дасягнення гэтай мэты[32].

Старажытныя паралелі

[правіць | правіць зыходнік]

Даследчыкі адзначаюць, што існуе шмат старажытных тэкстаў падобных да «Гімна любові» (зазвычай да пэўных частак гімна). Сярод грэчаскіх тэкстаў найбольш важнымі паралелямі з’яўляюцца[33]:

Сярод яўрэйскіх тэкстаў сустракаюцца наступныя паралелі[20]:

Інтэрпрэтацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Святы Аўгусцін

[правіць | правіць зыходнік]

Святы Аўгусцін (354—430) звяртаецца да інтэрпрэтацыі «Гімна любові» ў некалькіх сваіх пропаведзях.

У «Пропаведзі 40 па Новым Запавеце» (XC. Ben.) Аўгусцін разбірае прыпавесць пра вясельную гасціну (Мф 22:1—14). Прыпавесць апавядае пра караля, які справіў вяселле для сына і запрасіў шмат гасцей. Калі запрошаныя не прыйшлі, кароль загадаў пайсці і запрасіць усіх сустрэчных — і вяселле напоўнілася гасцямі. Калі кароль увайшоў у залю, то заўважыў чалавека не ў вясельнай вопратцы — і загадаў звязаць яго і выкінуць вон. Паводле Аўгусціна гэтай вясельнай вопраткай і з’яўляецца любоў, апісаная апосталам Паўлам у «Гімне»[34]. Да той жа думкі Аўгусцін вяртаецца і ў «Пропаведзі 45 па Новым Запавеце» (XCV. Ben.), дзе разважае над фрагментам пра размнажэнне хлеба (Мк 8:1—9)[35].

У «Пропаведзі 55 па Новым Запавеце» (CV. Ben.) Аўгусцін разглядае прыпавесць пра настойлівага сябра (Лк 11:5—8) і знаходзіць у вобразах хлеба, рыбы і яйка — адпаведна сімвалы любові, веры і надзеі[36].

Фама Аквінскі

[правіць | правіць зыходнік]

Фама Аквінскі (1225—1274) у сваім «Quaestio» з «Secunda Secundae» разглядаў «Гімн любові» з пункту гледжання праблемы так званага «адзінства цнот», ужо пастаўленай у старажытнасці Платонам у «Пратагоры[en]». Сярэднявечны багаслоў задаваўся пытаннем, ці магчымыя вера і надзея без любові (звяртаючыся да 1 Кар 13:13), а таксама якая цнота заслугоўвае звання першай і найвышэйшай («per se — per accidens»). Высновы Фамы Аквінскага заключаюцца ў тым, што цнота любові робіць так, каб абвешчанае верай станавілася любімым і жаданым[37].

" Праз «caritas» воля разумее звышнатуральную мэту як «connaturalis», як мэту, да якой яна па сутнасці арыентавана. У акце любові яна перажывае роднасць сваёй сутнасці («conformitas») з тым, што прадстаўлена ў артыкуле веры. Фама выкарыстоўвае мову містыкі: любоў выклікае своеасаблівы духоўны саюз, дзякуючы якому воля ў пэўным сэнсе пераўтвараецца ў сваю ўласную мэту[37]. "

У «Quaestio» любоў названа «формай веры», а яе аб’ект — «боскім дабром, якое з’яўляецца мэтай веры»[37]. У гэтым сэнсе, паводле Фамы, вера без любові перастае быць цнотай; называцца цнотай можа толькі вера, напоўненая любоўю, паколькі ў такім выпадку яна з’яўляецца вытокам усіх добрых спраў, накіраваных на канцавую мэту — сувязь з Богам[37].

Ян ад Крыжа (1542—1591) інтэрпрэтуе «Гімн любові» ў трактатах «Цёмная ноч[fr]» (Кніга Другая), «Узыходжанне на гару Кармель[fr]» (Кніга Другая)[38], у тлумачэнні 13 страфы «Духоўнай песні[fr]»[39], а таксама ў тлумачэнні 1 страфы «Жывога полымя любові[fr]».

У першым з гэтых твораў іспанскі містык спалучае фрагмент «Гімна», які заклікае Карынфян да сталасці (1 Кар 13:11), з канцэпцыяй «цёмнай ночы душы». Паводле Яна ад Крыжа Бог пасылае на чалавека пакуты і роспач, каб душа «ачысцілася» і наблізілася да «Божай любові». Аднак, прабываючы ў цёмнай ночы, «прагрэсіўныя душы» яшчэ не дасягнулі дасканалага стану духа, таму яны гавораць як дзіця, адчуваюць сябе як дзіця, думаюць як дзіця (1 Кар 13:11) — не толькі ва ўспрыманні жыцця, але і ва ўспрыманні Бога[40].

З іншага боку, духоўная сталасць азначае поўнае яднанне з Богам. Гэта падкрэсліваецца і ў кнізе «Узыходжанне на гару Кармель» (Кніга Другая, раздзел 9). Аўтар цытуе ўрыўкі Святога Пісання, дзе Бог прамаўляў з хмары (3 Цар 8:10—12; Вых 19:9; Іоў 38:1, 40:1), і тлумачыць, што гэтая хмара сімвалізуе «цемру веры», у якую Бог хаваецца, калі кантактуе з душой. Прыводзячы фрагмент «Гімна любові» пра частковае і дасканалае (1 Кар 13, 10), Ян ад Крыжа сцвярджае, што гэтая заслона ў свой час знікне[38].

Сёрэн К’еркегор

[правіць | правіць зыходнік]

Дацкі філосаф Сёрэн К’еркегор (1813—1855) у другой частцы «Справы любові[en]» дае разгорнутую інтэрпрэтацыю і аналіз «Гімна любові». К’еркегор факусуе сваю ўвагу ў асноўным на ўрыўках пра тое, што любоў «усяму верыць» (1 Кар 13:7), «на ўсё спадзяецца» (1 Кар 13:7), «не шукае свайго» (1 Кар 13:5) і «ніколі не мінае» (1 Кар 13:8), звязваючы іх з іншым урыўкам з Першага ліста да Карынфян: «любоў будуе» (1 Кар 8:1). Паводле К’еркегора, сапраўдная любоў, апісаная ў «Гімне», можа быць дасягнута праз поўнае «знішчэнне» сябе дзеля іншага чалавека. Тут прысутнічаюць відавочныя спасылкі на сакратаўскую этыку, паводле якой найвышэйшае дабро, якое чалавек робіць для таго, каго любіць, — гэта бескарыслівая (а значыць, і прыхаваная) дапамога быць самім сабой. Параўноўваючы любоў, апісаную ў «Гімне», з каханнем і сяброўствам, К’еркегор звяртае ўвагу на абмежаванасць апошніх у гэтым плане:

" У эратычнай любові і сяброўства ёсць межы; яны могуць адмовіцца ад усяго дзеля адметнасці іншага, але не могуць адмовіцца ад сябе саміх, кахання і сяброўства, дзеля адметнасці іншага. Дапусцім цяпер, што адметнасць іншага патрабуе менавіта гэтай ахвяры! Дапусцім, закаханы ўбачыў, да свайго захаплення, што яго кахаюць, але таксама ўбачыў, што гэта будзе надзвычай разбуральна для адметнасці каханага, сказіць яго, як бы гэтага не хацелася, — што ж, у гэтым выпадку эратычная любоў сама па сабе не здольна на такую ахвяру. Або дапусцім, каханы ўбачыў, што стасункі зруйнуюць закаханага ў яго, цалкам пахіснуць яго адметнасць — што ж, у гэтым выпадку эратычная любоў сама па сабе не здольна на такую ахвяру. Але сапраўдная любоў, самаахвярная любоў, якая любіць кожную чалавечую істоту паводле яе адметнасцяў, гатова прынесці любую ахвяру — яна не шукае свайго[41]. "

К’еркегор стварае даволі выразны і рашучы падзел на пачуццёвую любоў (дацк.: elskov), якая, па сутнасці, шукае толькі сваё «другое я», і хрысціянскую любоў (дацк.: kjerligher) яўна этычнага і рэлігійнага характару, якая з’яўляецца «голасам Бога», змяняючы адносіны паміж чалавекам і чалавекам у адносіны паміж чалавекам, Богам, як цэнтрам, і іншым чалавекам.

Важна, тым не менш, адзначыць, што К’еркегор вельмі крытычна ставіўся да ідэалу шлюбу.

Асобныя фразы з «Гімна любові» нярэдка выкарыстоўваліся ў якасці назваў для мастацкіх твораў. Так, фраза «цяпер мы бачым быццам праз мутнае шкло, не выразна» (1 Кар 13:12) абыгрываецца ў назвах наступных твораў:

Фрагменты «Гімна любові», а таксама іх парафразы можна сустрэць у наступных літаратурных творах:

Некаторыя кампазітары выкарыстоўвалі тэкст «Гімна любові» ў сваіх музычных творах:

  • Мотэт «Cum essem parvulus» (Арланда дзі Ласа[en], 1582). У якасці тэксту музычнага твору выкарыстаны вершы 11—13 гімна.
  • Песенны цыкл «Чатыры сур’ёзныя песні[en]» (Іаганес Брамс, 1896). У тэксце чацвёртай песні цыкла цытуюцца вершы 1—3, 12—13.
  • Песня «Watered-Down Love[pl]» (Боб Дылан, 1981). На працягу ўсёй песні Дылан пералічвае якасці любові ў адпаведнасці з 4—7 вершамі гімна.
  • Сімфонія № 6 «Літургічная» для аркестра, фартэпіяна і хора (Андрэй Эшпай, 1988).
  • Песня «Monte Castelo[en]» («Legião Urbana[en]», 1989). Тэкст песні ўяўляе сабой сумесь «Гімна любові» і «Санета 11» партугальскага паэта Луіса дэ Камоэнса.
  • Песня «Song for the Unification of Europe» (Збігнеў Прайснер, 1993). Твор ахоплівае ўвесь тэкст «Гімна любові» толькі ў крыху скарочаным і адаптаваным выглядзе, выконваецца на арыгінальнай для гімна грэчаскай мове.
  • Песня «Moving Mountains» («Thrice[en]», 2008). Песня пабудавана на парафразах вершаў 1—3.
  • Песня «Same Love[en]» (Macklemore[en] і Раян Льюіс[en], 2012). У песні цытуецца 4 верш гімна.

Таксама цытаты з «Гімна любові» можна сустрэць у кіно:

Цытаты з «Гімна любові» нярэдка выкарыстоўваюцца для аздаблення помнікаў і надмагільных камянёў. Такія цытаты можна сустрэць на магіле нямецкага дыпламата Ота фон Бюлава[ru], нямецкага хіміка Юліуса-Адольфа Штокгарта[en], нямецкага дырыжора і кампазітара Вільгельма Фуртвенглера і многіх іншых.

  1. У адрозненні ад арыгінальнага грэчаскага тэксту, у беларускіх перакладах некаторыя з пералічаных якасцяў любові прыводзяцца ў форме прыметнікаў.
  1. Бенедыкт XVI.. Deus caritas est . Сайт «Libreria Editrice Vaticana». Праверана 30 снежня 2020.
  2. Біблія. Пераклад Я. Станкевіча і М. Гітліна 1973, с. 176—177.
  3. Новы Запавет і Псальмы. Пераклад Л. Дзекуць-Малея і А. Луцкевіча 1991, с. 258.
  4. Біблія. Пераклад Васіля Сёмухі 2002, с. 1438—1439.
  5. Біблія. Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь 2012, с. 1016.
  6. Новы Запавет. Кніга Прыповесьцяў. Пераклад Антонія Бокуна 2016, с. 314—315.
  7. Новы Запавет. Пераклад Рымска-Каталіцкага Касцёла на Беларусі 2017, с. 398—399.
  8. Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста. The Gideons International, с. 358.
  9. а б Новы Запавет. Пераклад Рымска-Каталіцкага Касцёла на Беларусі 2017, с. 378—379.
  10. Weiss, Der erste Korintherbrief 1910, pp. XL–XLIII.
  11. Barrett, A Commentary on the First Epistle to the Corinthians 1968, p. 154.
  12. а б Conzelmann, Der erste Brief an die Korinther 1981.
  13. Eric L. Titus. Did Paul Write I Corinthians 13?(англ.) // Journal of Bible and Religion. — Oxford University Press, 1959. — Vol. 27. — № 4. — P. 299—302.
  14. The New Jerome Biblical Commentary / Edited by Raymond Edward Brown, Joseph A. Fitzmyer, Roland Edmund Murphy. — Prentice Hall, 1990. — 1484 p. — ISBN 9780136149347.
  15. ΠΡΟΣ ΚΟΡΙΝΘΙΟΥΣ Α΄ 13 κεφάλαιο. Сайт «Bible.by». Праверана 30 снежня 2020.
  16. J.H. Moulton, G. Milligan. Ἀγαπάω, ἀγάπη, ἀγαπητός // The Vocabulary of the Greek Testament. — London: Hodder and Stoughton, 1914. — P. 2.
  17. а б в г д е ё G. Quell, E. Stauffer. Ἀγαπάω, ἀγάπη, ἀγαπητός // Theological Dictionary of the New Testament / Edited by G. Kittel, G. Friedrich, translated by G.W. Bromiley. — Grand Rapids, Michigan: Wm. B. Eerdmans Publishing Company, 1964. — Vol. 1. — P. 36. — (Theological Dictionary of the New Testament).
  18. а б в Dąbrowski, Listy do Koryntian 1965, p. 253.
  19. Godet, Commentary on First Corinthians 1977, p. 665.
  20. а б Friedrich Lang. Die Briefe an die Korinther. — Gottingen und Zurich: Vandenhoeck & Ruprecht, 1986. — P. 181.
  21. а б Лопухин, Толковая Библія 1913, с. 99.
  22. а б в Dąbrowski, Listy do Koryntian 1965, p. 255.
  23. Fee, The First Epistle to the Corinthians 2014, p. 700.
  24. Riesenfeld, Note supplémentaire sur I Cor. XIII 1946, pp. 50–53.
  25. а б Fee, The First Epistle to the Corinthians 2014.
  26. Geoffrey William Bromiley. χρηστός, χρηστότης, χρηστεύομαι, χρηστολογία // Theological Dictionary of the New Testament / Edited by Gerhard Kittel, Geoffrey William Bromiley, Gerhard Friedrich, translated by Geoffrey William Bromiley. — Wm. B. Eerdmans Publishing, 1964. — Vol. 9. — P. 491. — 696 p. — (Theological Dictionary of the New Testament).
  27. Dąbrowski, Listy do Koryntian 1965, p. 257.
  28. Geoffrey William Bromiley. χρηστός, χρηστότης, χρηστεύομαι, χρηστολογία // Theological Dictionary of the New Testament / Edited by Gerhard Kittel, Geoffrey William Bromiley, Gerhard Friedrich, translated by Geoffrey William Bromiley. — Wm. B. Eerdmans Publishing, 1964. — Vol. 9. — P. 492. — 696 p. — (Theological Dictionary of the New Testament).
  29. а б в г д е ё ж Лопухин, Толковая Библія 1913, с. 100.
  30. Henry Drummond[en]. The Greatest Thing in the World. — J. Pott & Company, 1890. — P. 30. — 56 p.
  31. а б в г Лопухин, Толковая Библія 1913, с. 101.
  32. Лопухин, Толковая Библія 1913, с. 103.
  33. Conzelmann, Der erste Brief an die Korinther 1981, p. 266.
  34. Sermon 40 on the New Testament (англ.). Сайт «New Advent[en]». Праверана 20 верасня 2021.
  35. Sermon 45 on the New Testament (англ.). Сайт «New Advent[en]». Праверана 20 верасня 2021.
  36. Sermon 55 on the New Testament (англ.). Сайт «New Advent[en]». Праверана 20 верасня 2021.
  37. а б в г Friedo Ricken, Piotr Domański. Filozofia religii. — Kęty: Wydawnictwo Marek Derewiecki, 2007. — С. 304. — ISBN 978-83-89637-38-3.
  38. а б Saint John of the Cross. Book II // The Ascent of Mount Carmel. — T. Baker, 1906. — P. 100. — 388 p. — (The works of St. John of the Cross).
  39. Spiritual Canticle: STANZA XIII (англ.). Сайт «Christian Classics Ethereal Library». Праверана 18 кастрычніка 2021.
  40. Święty Jan od Krzyża – Noc ciemna (ks. II 1-8) (польск.). Сайт «Vox Domini». Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2017.
  41. Søren Kierkegaard. Second Series // Works of Love / Edited and translated bu Howard V. Hong and Edna H. Hong. — Princeton: Princeton University Press, 1998. — P. 261. — 576 p. — ISBN 978-0-691-05916-7. Архівавана 12 лістапада 2021.
  42. Томас Ман. Тоніа Крэгер // Смерць у Венецыі: выбраныя навелы і апавяданні / Пераклад У. А. Папковіча. — Мінск: А. М. Янушкевіч, 2018. — С. 298. — 388 с. — (Noblesse Oblige). — 700 экз. — ISBN 978-985-7165-87-2.
  43. Giovanni's Room (Page 16) (англ.)(недаступная спасылка). Сайт «Books'Cool». Праверана 30 снежня 2020.
  44. A Walk to Remember - Page 36/40 (англ.). Сайт «NovelFree.by». Праверана 30 снежня 2020.(недаступная спасылка)
  45. ИЗГНАНИЕ: НАДРЫВ (руск.). Сайт часопіса «Кинотексты». Праверана 11 студзеня 2020.

Пераклады Першага ліста да Карынфян на беларускую мову

[правіць | правіць зыходнік]
  • Першы ліст сьвятога Паўлы апостала да Карынцян // Сьвятая Бібля: Кнігі сьвятога пісьма Старога й Новага закону / Пераклад Я. Станкевіча і М. Гітліна. — Нью-Ёрк, 1973. — 840 + 260 с.
  • Пе́ршае Пасланьне да Карыньцянаў Сьвятога Апостала Паўлы // Новы Запавет і Псальмы / Пераклад Л. Дзекуць-Малея і А. Луцкевіча. — Біблейскія грамадства, 1991. — 353 + 93 с.
  • Першае пасланьне да Карынфянаў // Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету кананічныя ў беларускім перакладзе / Пераклад В. Сёмухі. — Duncanville, USA: World Wide Printing, 2002. — 1536 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-58712-085-2.
  • Першы ліст да Карынцянаў // Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. — Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2012. — 1120 с. — 4 000 экз. — ISBN 978-985-6183-14-6.
  • Першае пасланьне да Карыньцянаў апостала Паўла // Новы Запавет. Кніга Прыповесьцяў / Пераклад А. Бокуна. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2016. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-6983-69-9.
  • Першае пасланне да Карынцянаў // Новы Запавет / Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. — Мінск: Про Хрысто, 2017. — 688 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-7074-80-8.
  • Да Кары́нфян першае пасланне святога Апостала Паўла // Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста / Пераклад з грэчаскай мовы на беларускую Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. — Мінск: Прынткорп. — 499, [11] с. — 30 000 экз.

Аналіз Першага ліста да Карынфян у літаратуры

[правіць | правіць зыходнік]