Галіна права

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Галіна права - адасобленая ўнутры сістэмы права частка, сукупнасць аднародных нормаў права, якія рэгулююць пэўную вобласць грамадскіх адносінаў. Гэта значыць, што часткі сістэмы права, згрупаваныя па прадмеце свайго рэгулявання, складаюць галіну права.

Для ўтварэння самастойнай галіны права маюць значэнне наступныя ўмовы:

1. ступень своеасаблівасці тых ці іншых грамадскіх адносін;

2. удзельная вага пэўнай катэгорыі грамадскіх адносін;

3. немагчымасць рэгуляваць грамадскія адносіны з дапамогай іншых галінаў права;

4. неабходнасць прымянення спецыяльнага метаду рэгулявання да грамадскіх адносінаў.

Розныя галіны права адрозніваюцца адна ад адной прадметам рэгулявання. Прадмет прававога рэгулявання галіны права - гэта аднародная група адносін, што рэгулююцца групай прававых нормаў.

Асноўныя галіны права[правіць | правіць зыходнік]

Можна вылучыць наступныя асноўныя галіны права:

канстытуцыйнае права - рэгулюе ўзаемаадносіны дзяржавы і грамадзяніна, а таксама найбольш значныя грамадскія адносіны;

адміністрацыйнае права - звязана з ажыццяўленнем выканаўчай улады;

грамадзянскае права - рэгулюе маёмасныя і звязаныя з ім немаёмасныя адносіны суб'ектаў права;

зямельнае права - прадметам рэгулявання з'яўляюцца прававыя адносіны, звязаныя з зямлёй;

сямейнае права - прысвечана разгляду праблем, звязаных з шлюбна-сямейнымі праваадносінамі;

працоўнае права - разглядае адносіны, якія ўзнікаюць у працэсе працоўнай дзейнасці;

крымінальнае права - прадугледжвае парадак аднясення дзеянняў да правапарушэнняў, парадак наступлення адказнасці за іх здзяйсненне і іншыя;

сельскагаспадарчае права - сукупнасць юрыдычных норм і прававых інстытутаў, якія рэгулююць парадак арганізацыі і дзейнасці сялянскіх гаспадарак, калгасаў, акцыянерных таварыстваў, арандатараў, іх узаемаадносіны з іншымі суб'ектамі сельскагаспадарчых адносін.

Галіны права не ізаляваныя адна ад адной. Кожная галіна права знаходзіцца ва ўстойлівай сувязі з іншымі галінамі права. Спалучанасць агульных інстытутаў выяўляецца ў тым, што яны маюць нормы, якія адносяцца да розных галінаў права. У выніку гэтага роднасныя інстытуты, якія ўваходзяць у адну галіну, могуць утвараць прамежкавую падгаліну. Напрыклад, патэнтнае права ўяўляе сабой падгаліну грамадзянскага.

Іншыя класіфікацыі[правіць | правіць зыходнік]

Галіны права можна класіфікаваць наступным чынам:

1) матэрыяльныя - у тым выпадку, калі яны рэгулююць матэрыяльныя або грамадскія адносіны (грамадзянскае права, крымінальнае права);

2) працэсуальныя - прадметам рэгулявання з'яўляецца прымяненне і рэгламентацыя матэрыяльных галінаў права (крымінальна-працэсуальнае права і грамадзянска-працэсуальнае права).