Гомельская мысль

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search



«Гомельская мысль» — грамадска-палітычная і літаратурная газета ліберальна-асветніцкага кірунку. Выдавалася 5(18) лютага 1913 да 17(30) ліпеня 1914 гг. у Гомелі на рускай мове. Выходзіла 3 разы на тыдзень. Рэдактары-выдаўцы Х.Д.Гарфункель, Г.Х.Старобінец. Асноўнае месца адводзіла асвятленню мясцовых праблем. Друкавала інфармацыю пра ўнутрыпалітычныя і міжнародныя праблемы. Выступала супраць курсу на хутарызацыю і шавіністычнай палітыкі рускіх нацыяналістаў, за свабоду друку, усеагульнае і бясплатнае пачатковае навучанне. Значнае месца на яе старонках займалі сацыяльна-эканамічныя і юрыдычныя праблемы яўрэйскага насельніцтва ў Расійскай імперыі. Выступала супрпаць нацыяналізацыі крэдытнай сістэмы, якая падрывала яўрэйскі капітал. У артыкуле «Асіміляцыя народнасцей» ананімны аўтар пераказваў, на яго думку, бліскучую, але спрэчную лекцыю аднаго з заснавальнікаў сіянізму В.Жабацінскага, паводле якога «гета створана не вонкавым прымусам, а гістарычнымі тэндэнцыямі самога яўрэйства, і толькі закансервавана законам» (18 сакавіка 1914 г.). Абараняючы «іншародцаў», газета часам аргументавала сваю пазіцыю цытатамі з бальшавіцкіх газет. Напярэдадні 1-й сусветнай вайны крытыкавала шавінізм Саюза рускага народа, выкрывала ваенныя бюджэты Германіі, Францыі, Аўстрыі. У час вайны заняла пацыфісцкую пазіцыю, заклікала да міру. У нарысе «Беларусы» (3 — 5 чэрвеня 1914 г.), матэрыял якога ўзяты з газеты «Киевская мысль», ананімны аўтар пераказваў памылковую канцэпцыю расійскай і польскай гістарыяграфіі, быццам беларуская «народнасць» ніколі не ведала самастойнай дзяржаўнасці, «заваяваная яшчэ у 13 ст. літоўцамі, яна ўваходзіла ў склад спачатку літоўскай, а пазней польска-літоўскай дзяржавы». Разам з тым у нарысе ў асноўным правільна ацэнены беларускі адраджэнскі рух, сацыяльнай асновай якога было пераважна сялянства. Аўтар нарыса вітаў газету «Наша ніва», новую беларускую літаратуру і беларускую нацыянальную ідэю. Аднак ён перабольшваў «забітасць» беларускага сялянства, яго быццам бы неўспрымальнасць да заклікаў сацыяльнага вызвалення, недакладна ацэньваў беларускую літаратуру як быццам бы «цалкам сялянскую» (5 чэрвеня 1914 г.). У артыкулах «Беларускі тэатр» (7 красавіка 1913 г.), «Пра беларускі тэатр» (29 чэрвеня 1914 г.) газета вітала станаўленне беларускага тэатральнага мастацтва, адзначыла багатую нацыянальную паэзію, створаную Я.Купалам, Я.Коласам, М.Багдановічам (факты і ацэнкі ананімны аўтар браў з газеты «Столичный вестник» і інш. Выданняў). Шмат увагі надавала прапагандзе рускай літаратуры. Звярнула ўвагу на негатыўныя тэндэнцыі «эканамічнага матэрыялізму» ў літаратурна-мастацкай крытыцы.