Джон Кэлхун (этолаг)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Джон Кэлхун
JohnBCalhoun1986.JPG
Дата нараджэння 11 мая 1917(1917-05-11)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 7 верасня 1995(1995-09-07)[1] (78 гадоў)
Грамадзянства
Род дзейнасці псіхолаг, этолаг
Commons-logo.svg Джон Кэлхун (этолаг) на Вікісховішчы

Джон Бі Кэлхун (англ.: John B. Calhoun, 11 мая 1917, Элктан, Тэнэсі7 верасня 1995) — амерыканскі этолаг і даследчык псіхалогіі ў сувязі з праблемамі папуляцыйнай шчыльнасці і яе ўплыву на паводзіны. Кэлхун атрымаў вядомасць дзякуючы сваім вопытам з супольнасцямі грызуноў — мышэй і пацукоў. Ён лічыў, што лагічных прычын, па якіх назіраныя ў эксперыментах сацыяльныя эфекты не могуць адбыцца ў чалавечым грамадстве, не існуе[2].

У сваіх даследаваннях увёў паняцце «паводніцкая клаака» (Behavioral sink), які апісвае пагаршэнне і распаўсюджванне паталагічныхі адхіляючыхся формаў паводзін мышэй ва ўмовах іх павышанай цеснаты[3]. Паколькі даследчык у сваіх працах шырока выкарыстоўваў антрапаморфную тэрміналогію, яго ідэі хутка набылі грамадскі інтарэс і значнаы культурны ўплыў[4]. У прыватнасці, тэрмін «паводніцкая клаака» стаў выкарыстоўвацца і для абмеркавання чалавечага паводзінаў.

Эксперыменты з пацукамі[правіць | правіць зыходнік]

У 1947-1949 гадах Кэлхун ў рамках праекта па даследаванню экалогіі грызуноў, які праводзіўсяЎніверсітэтам Джона Хопкінса, назіраў за шэрымі пацукамі ў іх натуральным асяроддзі — у агароджаным загоне пад адкрытым небам плошчай 10 тысяч квадратных футаў (930 м2). Хоць колькасць пацукоў ў загоне такіх памераў пры бескантрольным размнажэнні тэарэтычна магла дасягнуць 5 тысяч, Кэлхун адзначыў, што памер папуляцыі за ўвесь час эксперыменту не перавышаў 200 асобін і стабілізаваўся на значэнні ў 150 асобін. Больш таго, пацукі не рассеяліся па загону бязладна, а ўтварылі 12-13 арганізаваных калоній, у кожнай з якіх пражывала па 12 пацукоў. Кэлхун выказаў здагадку, што менавіта такі памер групы з'яўляецца для шэрых пацукоў найлепшым — пры перавышэнні гэтай колькасці стрэс прыводзіць да распаду групы.

З 1958 па 1962 гады Кэлхун праводзіў серыю эксперыментаў з шэрымі пацукамі ўжо ў штучным асяроддзі — выбудаваным у лабараторыі палігоне плошчай 12 м2, вышынёй да 1,5 метра, падзеленым на 4 сазлучаных адзін з адным адсека, прычым два канчатковых адсека — першы і чацвёрты — не мелі кантактаў паміж сабой. Палігон быў ізаляваны ад навакольнага свету, забяспечваўся ежай і вадой у неабмежаваных колькасцях. Засяляючы гэты «пацучыны рай», Кэлхун даследаваў змены ў паводзінах пацукоў у залежнасці ад натуральнай змены колькасці іх папуляцыі. У кожны з чатырох адсекаў была змешчана група з 12 пацукоў, усяго 48 асобін. Каб не дапусціць празмернага перанасялення, па дасягненні колькасці 80 асобін даследчыкі прыбіралі з палігона лішніх маладых пацукоў, якія перажылі дзіцячы ўзрост. Аказалася, што канчатковыя адсекі былі захопленыя моцнымі самцамі-лідэрамі, кожны з якіх жыў ў гарэме з 8-12 самак, а іншых самцоў выганяў ў цэнтральныя адсекі. Каля 60 пацукоў, якія скучваліся ў цэнтральных адсеках, дэманстравалі разнастайныя формы дэвіянтных паводзін: павялічаную агрэсіўнасць, беспадстаўныя напады адзін на аднаго, знікненне цікавасці да спарвання, спробы спарвацца з усімі самкамі або нават з усімі пацукамі запар, незалежна ад полу. Назіраўся канібалізм (у прыватнасці, паглынанне пацучат) нават ва ўмовах празмернасці ежы[3].

Эксперыменты з мышамі[правіць | правіць зыходнік]

Кэлхун ўнутры палігона для эксперыментаў з мышамі, 1970 год

Найбольш знакамітая серыя эксперыментаў Кэлхуна, у якіх рост папуляцыі ніяк не абмяжоўваўся, была пастаўлена на мышах. Умоўная назва эксперыменту — «Сусвет 25» (англ.  Universe 25), а лічба "25" — парадкавы нумар эксперыменту. У ліпені 1968 года ў драцяны загон ў лабараторыі на базе Нацыянальнага інстытута псіхічнага здароўя былі змешчаныя 4 пары мышэй. Загон з 256 скрынямі-гнёздамі, кожнае з якіх было разлічана на 15 мышэй, быў абсталяваны раздатчыкамі вады і корму і дастатковай колькасцю матэрыялу для будаўніцтва гнёздаў. Кэлхун апісваў загон як «утопію» для мышэй: па разліках даследчыкаў, месцы для гнёздаў у загоне хапіла б на 3840 мышэй, а пастаянна падаемай ежы — на 9500. На практыцы колькасць папуляцыі спынілася на максімальным значэнні ў 2200 асобін і пасля яго толькі скарачалася. Да чэрвеня 1972 года, калі Кэлхун завяршыў эксперымент, у загоне заставаліся толькі 122 мышы, якія выйшлі з рэпрадукцыйнага ўзросту. Таму вынік эксперыменту ўжо быў ясны.

Перыяд асваення тэрыторыі першымі чатырма парамі мышэй Кэлхун назваў стадыяй А. Стадыя B пачалася з моманту нараджэння першых дзіцянятаў. Гэта стадыя экспанентна росту колькасці папуляцыі ў баку ў ідэальных умовах - колькасць мышэй падвойваецца кожныя 55 дзён. Пачынаючы з 315 дня правядзення эксперыменту тэмп росту папуляцыі значна запаволіўся, і колькасць мышэй падвойвалась кожныя 145 дзён. Пачалася трэцяя стадыя (C) эксперыменту. У гэты момант у баку пражывала 620 мышэй, і сфармавалася пэўная сацыяльная іерархія. З'явілася катэгорыя маладых самцоў, якія не знайшлі для сябе сацыяльнай ролі ў мышынай іерархіі ў калоніях па перыметры загону і выгнаных у цэнтр бака. Адрозніць групу «адрынутых» магчыма было па пакусаным хвастам, выдранай поўсці і слядах крыві на целе. Праблема адсутнасці падыходзячых сацыяльных роляў была выкліканая тым, што ў ідэальных умовах бака мышы жылі доўга, старыя мышы не вызвалялі месца для маладых грызуноў. Пасля выгнання самцы ламаліся псіхалагічна, характарызаваліся пасіўнасцю альбо празмернай агрэсіўнасцю з нападам на любых іншых мышэй. Цяжарныя самкі станавіліся менш абароненымі ад выпадковых нападаў. У выніку яны самі сталі праяўляць агрэсію, менавіта яны — а не самцы — сталі актыўна абараняць сваю тэрыторыю, пры гэтым агрэсія выяўлялася ў адносінах і да сваіх дзяцей. У выніку нараджальнасць значна ўпала, а смяротнасць маладняку дасягнула значных узроўняў.

Неўзабаве пачалася апошняя стадыя існавання мышынага раю — фаза D або фаза смерці, як яе назваў Джон Кэлхун. На дадзенай стадыі Кэлхун назіраў ўзрастанне колькасці яшчэ адной групы самцоў, якіх ён назваў «прыгажунамі» (англ.: beautiful ones), з-за адсутнасці ран і рубцоў. Гэтыя мышы не ўступалі ў барацьбу за самак і тэрыторыю, не праяўлялі актыўнасці да размнажэння і толькі сілкаваліся, спалі і чысцілі поўсць. Самкі таксама перасталі спарвацца з самцамі. Калега Кэлхуна, доктар Хэлсі Марсдэн, у 1972 годзе перанёс некалькі самак і самцоў-«прыгажуноў» ў асобныя загоны, выявіўшы, што мышы і там не спрабуюць спарвацца.

Папа Рымскі Павел VI сустракаецца з Джонам Кэлхунам, 1973 год

Па выніках даследавання Кэлхун зрабіў выснову, што пры перавышэнні пэўнай шчыльнасці насельніцтва і запаўненні ўсіх сацыяльных роляў у папуляцыі ўзнікае праслойка маладых «ізгояў», якая расце. Вострая канкурэнцыя паміж імі і старэйшымі асобінамі прыводзіць да распаду сацыяльных сувязяў і катастрофы грамадства ў цэлым, і пераходу ў такі стан, калі пры нізкай смяротнасці нормай становіцца прымітыўныя «аўтыстычныя» паводзіны, якія вядуць да вымірання папуляцыі. Выкарыстоўваючы адсылку да Адкрыцьця Яна Багаслова, Кэлхун апісаў распад грамадства як «смерць у квадраце» (англ.: death squared), пры гэтым «першую смерць», смерць духу, мышы перажывалі яшчэ пры жыцці[2].

Знакаміты эксперымент быў у далейшым выкарыстаны як аснова развіцця канцэпцыі праксемікі Эдварда Хола. Паняцце клаакі паводзінаў таксама аказала ўплыў на развіццё сацыялогіі горада[5] і псіхалогіі.

Распрацоўкі Кэлхуна аказалі ўплыў на даследаванні агрэсіі.

Крытыка эксперыменту «Сусвет 25»[правіць | правіць зыходнік]

На сімпозіуме «Чалавек і яго месца ў прыродзе» ў 1972 годзе даклад Кэлхуна падвергнуўся крытыцы:[2]

  1. Няма звестак аб паходжанні першых 8 мышэй, якія далі пачатак ўсёй папуляцыі. У прыватнасці, не было праверана, ці не з'яўляюцца яны разам з братамі і сёстрамі з аднаго прыплоду. Блізкароднасныя сувязі маглі аказаць самы негатыўны ўплыў на ўсе далейшыя пакаленні мышэй.
  2. Тэмпература ў загоне магла дасягаць +32 градусаў, што неспрыяльна для мышэй.
  3. Загон чысцілі раз у 1-2 месяцы, гэта значыць вялікую частку часу мышы праводзілі ў памяшканні, забруджаным фекаліямі, мачой, трупамі і рэшткамі ежы.
  4. Няма дакладнага апісання метадаў падліку мышэй. Ацэнкі колькасці дадзены прыблізна.
  5. На апошняй стадыі Кэлхун апісвае з'яўленне групы «мышэй-прыгажуноў» (мышы не ўступалі ў барацьбу за самак і тэрыторыю, не праяўлялі актыўнасці да размнажэння і толькі сілкаваліся, спалі і чысцілі поўсць...), адзначаючы такія паводзіны як анамальныя, аднак не ясны ўзрост гэтых мышэй. Паказана аднак, што сярэдні ўзрост мышэй на апошняй стадыі складаў 770 дзён. Да гэтага часу рэпрадуктыўны перыяд у самцоў даўно завершаны, і апісанае паводзіны з'яўляецца для іх нармальным.
  6. Прычыны смерцяў і бясплоддзя самак не былі дастаткова даследаваны. Загон не быў абаронены ад траплення якіх-небудзь інфекцый, якія маглі паўплываць на смяротнасць і рэпрадуктыўную функцыю.

Памылкі адносна эксперыментаў[правіць | правіць зыходнік]

  • Няправільная выснова аб тым, што чым больш колькасць папуляцыі, тым мацней тэндэнцыя да яе дэградацыі. Кэлхун ставіў асноўнай задачай даследаванне паводзін мышэй ва ўмовах перанаселенасці: у мышэй быў неабмежаваны доступ да ежы і вады, але тэрыторыя, якая з'яўляецца не менш важным фактарам для нармальнага існавання, была зрэзаная да мінімуму. Калі тэрыторыя не абмежаваная, рост папуляцыі ў ідэальных умовах можа працягвацца практычна бясконца без сацыяльных і генетычных наступстваў (прыкладам таму можа быць дэмаграфічны выбух папуляцыі трусаў у Аўстраліі).

У мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Па матывах работ Кэлхуна была напісана кніга Mrs. Frisby and the Rats NIMH» і зняты мультфільм «Сакрэт пацукоў».

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Кнігі[правіць | правіць зыходнік]

  • Calhoun, John. Crowding and Social Behavior in Animals. — Anchor Books, 1947-1948.
  • Calhoun, John. Environment and Population: Problems and Adaptation: An Experimental Book Integrating Statements by 162 Contributors. — Praeger, 1983. — P. 486. — ISBN 0-275-90955-7.

Артыкулы[правіць | правіць зыходнік]

  • Calhoun, John. The Study of Wild Animals under Controlled Conditions // Annals of the New York Academy of Sciences. — 1950. — Vol. 51. — P. 113–22.
  • Calhoun, John. The Social Aspects of Population Dynamics / American Society of Mammalogists // Journal of Mammalogy. — 1952. — Vol. 33. — Iss. 2. — P. 139–159. — DOI:10.2307/1375923. — Шаблон:JSTOR.
  • Calhoun, John. A Behavioral Sink // Roots of Behavior. — New York : Harper & Brothers, 1962.
  • Calhoun, John. Population density and social pathology // Scientific American. — 1962. — Vol. 206. — Iss. 2. — P. 139–148. — PubMed.
  • Calhoun, John. Plight of the Ik and Kaiadilt is seen as a chilling possible end for Man // Smithsonian Magazine. — 1972. — Vol. 3. — P. 27–32.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 John B. Calhoun // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. 2,0 2,1 2,2 Calhoun, John. Death Squared: The Explosive Growth and Demise of a Mouse Population // Proc. roy. Soc. Med.. — 1973. — Vol. 66. — Iss. 2. — P. 80-88. — PubMed.
  3. 3,0 3,1 Хок, Роджер. 40 исследований, которые потрясли психологию. — Прайм-ЕВРОЗНАК, 2003. — С. 330. — 416 с. — ISBN 5-93878-096-9.
  4. The Behavioral Sink // Cabinet. — 2011. — Iss. 42.
  5. Ramsden E., Adams J. Escaping the Laboratory: the rodent experiments of John B. Calhoun & their cultural influence / Edmund Ramsden, Jon Adams // Journal of Social History. — 2009. — Vol. 42. — Iss. 3.
Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.