Перайсці да зместу

Злучаны беларуска-амерыканскі дапамаговы камітэт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Злучаны беларуска-амерыканскі дапамаговы камітэт
Краіна
Заснаванне
Дата заснавання 8 лістапада 1948

Злучаны беларуска-амерыканскі дапамаговы камітэт (ЗБАДК) — першая паваенная беларуская арганізацыя ў ЗША.

Зарэгістраваны 8 лістапада 1948 года ў штаце Нью-Ёрк з правам юрыдычнай і фінансавай дзейнасці. У першы ўрад увайшлі: Іван Ермачэнка (старшыня), Барыс Кіт, Майк Філіповіч, Джын Скуба.

Паводле статуту арганізацыі, мэтамі ЗБАДК былі: наладзіць сувязі паміж прадстаўнікамі дзвюх хваляў эміграцыі, дапамагаць новым эмігрантам адаптавацца ў краіне, аказваць дапамогу суайчыньнікам у Нямеччыне, рэпрэзентаваць Беларусь і беларускую дыяспару перад амерыканскімі ўладамі як на федэральным, так і штатавым узроўні.

Нягледзячы на ўласную ініцыятыву ў стварэнні арганізацыі, праз некалькі месяцаў па заснаванні ЗБАДК Іван Ермачэнка пакінуў пасаду яго старшыні, паколькі палітычныя апаненты імкнуліся спыніць яго кантакты з амерыканскімі чыноўнікамі. Новым старшынём ЗБАДК стаў Мікалай Сцяпанаў, які кіраваў арганізацыяй да лістапада 1949 года — часу правядзення ІІ з’езду, калі кіраўніком Галоўнай управы быў абраны Барыс Кіт. На ІІІ з’ездзе (5 лютага 1950) ЗБАДК узначаліў Мікалай Шчорс.

Прадстаўнікі ад ЗБАДК бралі ўдзел у І Кангрэсе беларусаў Амерыкі, які прайшоў 11 лютага 1951 года ў Саўт-Рыверы, дзе быў створаны Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, першым старшынём якога стаў Мікалай Шчорс.

У другой палове 1950-х — пачатку 1960-х гадоў Злучаны беларуска-амерыканскі дапамаговы камітэт узначальваў Ксенафонт Вайцяхоўскі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск: [б.в.], 2009. — 428 с., [12] с. іл. — (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны, Кніга 16).