Каалі (кратар)
Каалі (эст.: Kaali kraater) — метэарытны кратар, які ўтварыўся ў выніку падзення метэарыта на востраў Саарэма (Эстонія).
Метэарытны кратар знаходзіцца за 18 км ад г. Курэсаарэ, акружаны земляным валам вышынёй 16 м і дыяметрам 110 м. Навокал ёсць, акрамя таго, яшчэ 8 кратараў меншых памераў: ад 15 да 40 м у дыяметры.
Метэарыт упаў, верагодна, блізу 4 тыс. год назад. У 1937 геолаг І. Рэйнвальд знайшоў абвугленыя рэшткі дрэва і абломкі жалезнага метэарыта. Пазнейшыя даследаванні далі падставу меркаваць, што метэарыт масай ад 400 да 10000 т увайшоў у зямную атмасферу з хуткасцю ад 15 да 45 км/с і, губляючы з-за трэння атмасферы сваю масу, распаўся на некалькі фрагментаў на вышыні 5-10 км. Самы вялікі абломак масай 20-80 т утварыў найбольшы кратар, 8 меншых сталі вынікам падзення астатніх абломкаў.