Казахстан у складзе Расійскай імперыі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Казахстан у складзе Расійскай імперыі знаходзіўся з XVIII стагоддзя да канца існавання імперыі.

Першы расійскі пратэктарат над казахамі[правіць | правіць зыходнік]

У 1718 годзе ў становішчы вайсковага паслаблення казахаў з-за працяглых звад і джунгарскай агрэсіі, хан Малодшага жуза Абулхайр прыняў рашэнне пра ўсталяванне дыпламатычных адносін з Расіяй. У 1730 годзе хан Абулхайр і яго сыны Нуралы і Ералы звярнуліся да расійскай імператрыцы Ганне Іаанаўне з прашэннем пра шыранне расійскага падданства на казахаў Малодшага жуза. У 1731 годзе гэта прашэнне было здаволена, і над казахамі Малодшага жуза быў усталяваны пратэктарат Расіі. У 1732 годзе расійскай імператрыцы прысягнуўся хан Сярэдняга жуза Соміку, а ў 1740 годзе расійскі пратэктарат над казахамі Сярэдняга жуза пацвердзіў Абылай-хан. Ханы Малодшага і Сярэдняга жуза абавязаліся ахоўваць расійскія межы, спрыяць расійскім вайскоўцам, палітычным і гандлёвым інтарэсам на падуладнай ім тэрыторыі і плаціць ясак «скурамі звярынымі». У памен расійскія ўлады гарантавалі казахам Малодшага і Сярэдняга жуза абарону ад спусташальных набегаў джунгараў і башкіраў.

Пасля смерці ў 1748 годзе хана Абулхайра расійскі ўплыў у казахскіх стэпах саслабеў. Батыр-хан змяніў арыентацыю на Джунгарскае ханства, а пасля разгрому Джунгарскага ханства Цынскай імперыяй у 1756 годзе прызнаў сюзерэнітэт Пекіна над казахамі Малодшага жуза.

Будаванне расійскіх фартыфікацыйных ліній[правіць | правіць зыходнік]

Пачатку поўнамаштабнай экспансіі Расіі ў Казахстане папярэднічала будаванне расійскіх фартыфікацыйных ліній уздоўж расійска-казахскай мяжы, прыняцце ўрадам заахвочвальных мер да перасялення рускіх сялян і гандляроў у памежныя з Казахстанам раёны і палітычна-эканамічны ціск на мясцовых уладцаў. У 1716 годзе пачалося будаванне першай расійскай фартыфікацыйнай лініі — Іртышскай; у 1752 годзе яна злучыла тры заходне-сібірскія крэпасці: Омск, Сяміпалацінск і Усць-Каменагорск. У 1737—1742 гадах Арэнбургская фартыфікацыйная лінія злучыла Арэнбург і Троіцк. У 1740—1750-х гадах былі збудаваны шэраг фарпостаў, якія пазней склалі Уральскую (Яіцкую) абарончую лінію. У 1811 годзе паміж рэкамі Ілек і Урал была пабудавана Ілекская абарончая лінія. Усяго да пачатку XIX стагоддзя на чатырох лініях былі збудаваны 46 крэпасцей і 96 рэдутаў.

Аднаўленне расійскага пратэктарату над казахамі Малодшага і Сярэдняга Жуза[правіць | правіць зыходнік]

Большасць кланаў Малодшага жуза і некаторыя кланы Сярэдняга жуза падтрымалі Пугачоўскае паўстанне (1773—1775), што паслужыла нагодай для вяртання Расіі ў Казахстан. Палітыка Кацярыны II у рэгіёне спалучала вайсковае прыгнечанне, стымуляванне эканамічнай зацікаўленасці казахаў у расійскім кіраванні, і культурна-ідэалагічную экспансію. Як цывілізатарскі фактар і спосаб ідэалагічнага кантролю Кацярына II разглядала ісламізацыю казахаў высілкамі казанскіх татар. У 1784 годзе быў выдадзены ўказ пра масавую пабудову ў казахскіх стэпах мячэцяў, медрэсэ і караван-адрын і ўкамплектаванне іх татарамі. У 1789 годзе ў Уфе быў заснаваны першы расійскі муфтыят — Духоўнае кіраванне мусульманаў Расійскай імперыі, адной з найважных функцый якога было шыранне ісламу сярод казахаў-качэўнікаў. У выніку да пачатку XIX стагоддзя іслам стаў панавальнай рэлігіяй у казахскіх стэпах.

Кацярына II надавала адменнае значэнне пераводу казахаў-качэўнікаў на аселасць; таксама былі прыняты дадатковыя меры па перасяленні рускіх сялян у казахскія стэпы і па навучанні мясцовых качэўнікаў земляробскім навыкам. У 1787 годзе расійскія ўлады ініцыявалі падзел тэрыторыі Малодшага жуза на заходнюю, цэнтральную і паўднёвую вобласці, што кіраваліся выбарнымі саветамі старэйшын і памежнымі суднамі, у якіх былі пададзены як казахі, так і рускія. Савет і суд былі падсправаздачныя адначасна казахскаму хану і расійскім уладам.

Па меры пераходу вярхоўных уладных функцый над казахамі Малодшага і Сярэдняга жуза да Санкт-Пецярбурга, улада ханаў стала насіць намінальны характар. У 1818 годзе тытул хана быў скасаваны ў Сярэднім жузе, а ў 1824 — у Малодшым жузе; за гэтым адбылося улучэнне земляў Сярэдняга жуза ў склад Заходняй Сібіры пад назвай «Кіргізскі стэп». У 1844 годзе казахі былога Малодшага жуза былі перакладзены пад паралельнае кіраванне Азіяцкім дэпартаментам Міністэрства замежных спраў і Арэнбургскага вайсковага каменданта.

Рэформы Сперанскага[правіць | правіць зыходнік]

У 1820—1840-х гадах на тэрыторыі казахскіх стэпаў былі праведзены рэформы, галоўным распрацоўнікам якіх быў генерал-губернатар Заходняй Сібіры М. М. Сперанскі. Мэтай рэформаў было цверджанне сярод казахаў тэрытарыяльнага адміністрацыйнага дзялення заміж існавалага раней радавога, і на інтэграцыю Казахстана ў адміністрацыйную сістэму Расійскай імперыі. У выніку гэтых рэформаў «Кіргізскі стэп» быў падзелены на 4 акругі, якія ў сваю чаргу падзяляліся на 87 воласцей (у 1834 годзе былі дададзены яшчэ тры акругі). Акруга кіравалася загадам на чале з султанам і дзвюма — расійскім і казахскім — прадстаўнікамі. Загад надзяляўся палітычнымі і судовымі паўнамоцтвамі. Воласць (іншародная ўправа), якая складалася з 10-12 аулаў (радавая ўправа) кіравалася султанам ці чальцом арыстакратычнай сям'і, абраным на радзе старэйшын кланаў. Аул, у сваю чаргу, яднаў каля 15 сем'яў, злучаных роднымі вязямі.

Эканамічныя рэформы былі накіраваны на ператварэнне качэўнікаў у аселых жыхароў і на развіццё расійска-казахскага гандлю. Шараговыя качэўнікі задарма надзяляліся зямельнымі дзяльніцамі ў памеры 15 дзесяцін, а таксама насеннем і сельскагаспадарчым інвентаром. Старэйшыны родаў атрымвалі 30 дзесяцін, беі — 40. Паралельна з надаваннем казахаў зямлёй уводзіліся абмежаванні на іх вольнае перасоўванне па стэпе (у прыватнасці, для скрыжавання меж акругі ці воласці патрабавалася атрымаць афіцыйны дазвол улад). Рускія купцы ў Казахстане і казахскія гандляры на ўсёй тэрыторыі Расійскай імперыі мелі прывілей бязмытнага гандлю.

У 1841 годзе была праведзена кадыфікацыя кодэкса стэпавых законаў, што сінтэзаваў нормы адату і расійскага судовага заканадаўства.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • «История Востока» (в 6 т.). Т.IV «Восток в новое время (конец XVIII — начало XX вв.)», книга 1 — Москва: издательская фирма «Восточная литература» РАН, 2004. ISBN 5-02-018387-3
  • «История Востока» (в 6 т.). Т.IV «Восток в новое время (конец XVIII — начало XX вв.)», книга 2 — Москва: издательская фирма «Восточная литература» РАН, 2005. ISBN 5-02-018387-3

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]