Перайсці да зместу

Крывіцкі вязок

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Крыві́цкі вязо́к» — адна з першых беларускіх нацыянальна-культурных і асветніцкіх арганізацый, якая існавала ў Санкт-Пецярбургу ў 1868—1870-х гадах. Аб'ядноўвала пераважна прадстаўнікоў сацыяльнай эліты і студэнцкай моладзі. Галоўнай мэтай гуртка была культурна-асветніцкая дзейнасць і маштабнае выданне кніг на беларускай мове[1].

Гісторыя стварэння і склад

[правіць | правіць зыходнік]

Якіх-небудзь афіцыйных дакументальных сведчанняў пра існаванне арганізацыі ў архівах не выяўлена. Галоўнай крыніцай інфармацыі пра яе дзейнасць з'яўляюцца ўспаміны аднаго з яе арганізатараў[1] і кіраўніка («галавы»)[2] — паэта і публіцыста В. Савіча-Заблоцкага, выкладзеныя ў лістах да ўкраінскага гісторыка і грамадскага дзеяча М. Драгаманава. Сучасныя даследчыкі, у тым ліку гісторык і этнолаг П. У. Церашковіч, не сумняваюцца ў рэальнасці існавання гэтага гуртка[1].

Паводле звестак В. Савіча-Заблоцкага, якому на момант утварэння гуртка ў 1868 годзе было ўсяго 18 гадоў, гэта была пераважна маладзёжная арганізацыя. Яе колькасць даходзіла да 50 чалавек. У сацыяльным плане члены «Крывіцкага вязка» належалі да вышэйшай эліты — гэта былі графы, князі, сыны камергераў і генералаў. Удзельнікі арганізацыі выразна ўсведамлялі сябе менавіта беларусамі (выкарыстоўваючы таксама этнонім «крывічы»), незалежна ад канфесійнай прыналежнасці і культурнай арыентацыі на «ляхаў» ці «маскалёў», строга дыстанцыюючы сябе як ад Польшчы, так і ад Расіі[1].

Праграма і дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Мэты «Крывіцкага вязка» не выходзілі за межы легальнай культурна-асветніцкай актыўнасці. Арганізацыя свядома не планавала выдаваць ніякай палітычнай або сацыяльнай літаратуры. Для рэалізацыі сваіх ідэй члены сабралі значную па тых часах суму — 5000 рублёў (кожны з 50 удзельнікаў унёс па 100 рублёў)[1].

Група распрацавала маштабную выдавецкую праграму на беларускай мове, якая ўключала выданне буквароў, календароў, дапаможнікаў па арыфметыцы, заалогіі і гігіене, а таксама евангелляў, каталіцкіх і праваслаўных малітоўнікаў і баек Эзопа. Акрамя таго, члены гуртка надавалі вялікую ўвагу вывучэнню беларускай мовы, якую В. Савіч-Заблоцкі часам называў «дыялектам чарналюда» або «мужыцкай мовай», і нават пачалі падрыхтоўку ўласнага слоўніка. У планах арганізацыі было напісанне нацыянальнай гісторыі, адпраўным пунктам якой павінна была стаць гісторыя Полацкага княства[3]. Самаідэнтыфікацыя членаў гуртка выяўлялася і праз спецыфічную тэрміналогію: яны называлі сваю супольнасць «руствам», а сваю краіну — «Белай Руссю»[4].

Спыненне дзейнасці

[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова расійская адміністрацыя не ўмешвалася ў дзейнасць гуртка, пакуль яна заставалася на стадыі этнаграфічных і лінгвістычных захапленняў. Аднак перспектыва рэалізацыі маштабнага кнігавыдавецкага праекта выклікала занепакоенасць улад і прывяла да больш рашучых дзеянняў.

Урад паспрабаваў выкарыстаць арганізацыю ў сваіх інтарэсах, імкнучыся надаць ёй антыпольскі характар. У прыватнасці, ад членаў-каталікоў патрабавалі перайсці ў праваслаўе. Пасля таго як удзельнікі «Крывіцкага вязка» адмовіліся прыняць гэтыя ўмовы, арганізацыя была распушчана. Улады ўжылі да ўдзельнікаў «мяккія» рэпрэсіі: усталяванне паліцэйскага нагляду, высылку з Санкт-Пецярбурга і перавод на іншыя месцы службы. Сабраныя гурткоўцамі 5000 рублёў былі канфіскаваныя і пазней выкарыстаныя для будаўніцтва праваслаўных цэркваў[3].

Дзейнасць «Крывіцкага вязка» не мела значных сацыяльных наступстваў для Беларусі і засталася практычна невядомай для наступных пакаленняў беларускіх нацыянальных дзеячаў напрыклад, пра яе не згадвалі ні выдаўцы часопіса «Гоман», ні кола газеты «Наша ніва»). Тым не менш, гісторыкі разглядаюць гэты гурток як важны ранні этап фарміравання беларускай нацыянальнай ідэалогіі[4].