Даўжыня каля 40 см, важыць ад 180 да 310 г, размах крылаў ад 100 да 110 см. Доўгая, тонкая чорная дзюба, на канцы светла-жоўтага колеру. Верхні бок крылаў светла-шэрага колеру, ніжні бок і шыя белыя. Верх галавы і хахол на патыліцы чорнага колеру. Самцы і самкі афарбаваны аднолькава. Крык нагадвае карканне «кэррык». Працягласць жыцця да 23 гадоў.
Насяляе еўрапейскае ўзбярэжжа Паўночнага, Балтыйскага, Міжземнага, Чорнага, Каспійскага мораў і Атлантыкі. У Цэнтральнай Еўропе знаходзіцца з сакавіка па верасень. Узімку пералятае ў Паўднёвую Еўропу і Паўднёвую Афрыку. Селіцца на берагах і невялікіх астравах на плыткаводдзі, багатым кормам. Дзве самыя значныя гнездавыя калоніі размешчаны на незаселеных астравах Халіг, Нордэрааг і востраве Трышэ, на ўзбярэжжы Паўночнага мора.
Пара птушак назіралася на тэрыторыі рыбгаса Днепрабугскі 23 мая 2011 года. Гэта першы выпадак назірання такога віду птушак на Беларусі.[1]
Палавая спеласць надыходзіць праз 3—4 гады. Часцей за ўсё гняздуецца на невялікіх незаселеных выспах, утвараючы вялізныя калоніі. Перыяд гнездавання з мая па ліпень. Калонія птушак можа налічваць ад 1000 да 9000 пар, пры гэтым на адным квадратным метры можа размясціцца да 10 пар птушак. Касякі птушак могуць эфектыўна абараняцца ад ворагаў: гучна крычаць, кружаць над імі шчыльным воблакам і паліваюць памётам. Гняздо — ямка велічынёй 20 см знаходзіцца ў дзюнах або на водмелі. Самец і самка выседжваюць 1—3 яйкі прыкладна 24 дні. Праз 2 дні птушаняты пакідаюць гняздо і даследуюць разам наваколлі. Праз 4—5 тыдняў птушаняты становяцца самастойнымі, але яшчэ некаторы час бацькі прыносяць ім корм. Прылівы і чалавек наносяць вялікі ўрон папуляцыі.