Лаўр (Шкурла)
Мітрапаліт Лаўр (свецкае імя: Васілій Міхайлавіч Шкурла; 1 студзеня 1928, Ладамірава, Чэхаславакія (цяпер — Славакія) — 16 сакавіка 2008, Джорданвіль, штат Нью-Ёрк, ЗША), епіскап Рускай праваслаўнай царквы за мяжой, у 2001—2008 — першаіерарх РПЦЗ, мітрапаліт Нью-Ёркскі і Усходне-Амерыканскі.
Нарадзіўся ў русінскай сям’і. У 1939 годзе паступіў у мясцовы Пачаеўскі манастыр, які ў 1944 годзе быў перанесены спачатку ў Браціславу, затым у Германію і Швейцарыю, а ў 1946 годзе ў ЗША. З 1944 — паслушнік, з 1947 — расафорны манах, з 1948 — манційны манах, названы ў гонар святога мучаніка Лаўра.
У 1950 узведзены ў сан іерадзякана, у 1954 — у сан іераманаха. З 1954 года выкладчык Свята-Троіцкай духоўнай семінарыі (выкладаў дагматычнае багаслоўе і кананічнае права). У 1959 узведзены ў сан ігумена, у 1964 — у сан архімандрыта.
У 1967 годзе ўзведзены ў епіскапа Манхэтэнскага, вікарыя Усходне-Амерыканскай епархіі, з 1976 настаяцель Свята-Троіцкага манастыра ў Джорданвілі, рэктар духоўнай семінарыі, у 1981 годзе ўзведзены ў сан архіепіскапа.
У 2000 годзе прызначаны намеснікам першаіерарха РПЦЗ. На Архіерэйскім Саборы РПЦЗ 17-27 кастрычніка 2001 быў абраны Першаіерархам Рускай праваслаўнай царквы за мяжой, мітрапалітам Усходне-Амерыканскім і Нью-Ёркскім. 17 мая 2007 у Храме Хрыста Збавіцеля ў Маскве сумесна з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Алексіем падпісаў Акт аб кананічных зносінах — дакумент, які паклаў канец падзелу Рускай Царквы.