Любанскі дзяржаўны музей народнай славы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Любанскі дзяржаўны музей народнай славы

Любанскі дзяржаўны музей народнай славы — музей, створаны ў г. Любань на аснове загаду Мінскага аблвыканкама ад 22.10.1968 г. Для наведвальнікаў адкрыты 3 ліпеня 1971 г. Музеем кіравалі М. П. Дарожка, Л. Ф. Сойка, Н. І. Новікава, Г. М. Алейнікава, Н. М. Сіняк, Ф. Ф. Федарук. З 1986 г. дырэктар Н. М. Сіняк.

Музей размешчаны ў 3 будынках, агульная экспазіцыйная плошча (2008) складае 232,3 м². У фондзе музея 23 444 адзінкі захоўвання, з якіх 14 785 адзінак асноўнага фонду.

Збор музейных прадметаў вядзецца па калекцыях: нумізматыка, баністыка, фалерыстыка, археалогія, зброя, дакументы, мастацтва і інш. Экспазіцыя музея мае 5 раздзелаў. Асноўны раздзел прысвечаны гісторыі краю і пабудаваны па храналагічным і калекцыйным прынцыпах. Тут экспануюцца дакументы, фотадакументы, помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры, якія адлюстроўваюць розныя перыяды гісторыі Любаншчыны. Калекцыя археалогіі падрабязна знаёміць з жыццём і заняткамі першых жыхароў краю. Скарб манет Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, копіі вырабаў Урэцкай шкляной мануфактуры XVIII ст., карта-схема рэйду атрада С. Грабоўскага падчас паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі 1794 г. раскрываюць эканамічныя і палітычныя сувязі аддаленага ад цэнтра рэгіёну з «вялікім» светам. Дэманструюцца таксама вырабы рамёстваў і промыслаў мясцовых жыхароў, прадметы побыту канца ХІХ — пачатку ХХ ст.

Музей мае 2 філіялы: Музей народных промыслаў і рамёстваў у г. Любань і Музей гісторыі меліярацыі ў в. Камуна.