Ліст-пратэст 139

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ліст-пратэст 139, Кіеўскi ліст — грамадскі ліст на імя Леаніда Брэжнева, Аляксея Касыгіна і Мікалая Падгорнага з патрабаваннем спыніць практыку супрацьзаконных палітычных судовых працэсаў.

Папярэднія падзеі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля зняцця М. С. Хрушчова восенню 1964 г. з пасады Першага сакратара ЦК КПСС у СССР скончыўся перыяд «адлігі». З 1965 г. пачалася хваля арыштаў сярод прадстаунікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі. Ва Украіне пераследы мелі часцяком прэвентыўны характар, небяспеку бачылі ў кожным, хто занадта цікавіўся пытаннямі нацыянальнай культуры і мовы. Гэты працэс выклікаў супраціў з боку прыгнечаных.

Міхаіл Бялецкі, украінскі матэматык і палітолаг, адзін з "падпісантаў" ліста-пратэста 139:

" ...Расказ трэба пачаць з апісання агульнай атмасферы, якая панавала ў тыя гады. Атмасферы, адначасова і страшнай, і дзіўнай. Страшнай – з вядомых прычын: пераследу іншадумцаў, сваволля рэпрэсіўных органаў. Дзіўнай – бо гэта была атмасфера супольнай працы і салідарнасці з выдатнымі і мужнымі людзьмі...[1].

"

Найбольш распаўсюджанай формай супраціву з’яўляліся лісты-пратэсты.

Ліст-пратэст[правіць | правіць зыходнік]

У гэтых абставінах у 1968 г. быў складзены грамадскі ліст з патрабаваннем спыніць практыку супрацьзаконных палітычных працэсаў. У лісце звярталася ўвага на адыход ад рашэнняў ХХ з’езда КПСС, парушэнні сацыялістычнай законнасці. Ініцыятарамі ліста былі Іван Святлічны, Іван Дзюба, Віктар Баднарчук, Юры Цэхмістрэнка, Ірына Заслаўская, Міхаіл Бялецкі. Першым стаяў подпіс Сяргея Параджанава, які не прымаў удзел у складанні, але настаяў на тым, што мусіць быць першым. Сярод падпісантаў былі пісьменнікі, мастакі, вядомыя вучоныя.

Міхаіл Бялецкі:

" ...Абмеркаванне самога тэксту ліста заняло некалькі вечароў. Як мне зараз здаецца, галоўнымі яго аўтарамі былі Дзюба і Святлічны (а можа, адзін з іх). У лісце асуджаліся палітычныя рэпрэсіі ва Украіне 1965-67 гг., з асаблівым упорам на працэс Чарнавола ў лістападзе 1967 г. у Львове. Яны разглядаліся ў сувязі з агульнасаюзнымі рэпрэсіямі і патугамі да адраджэння сталінізму, заяўлялася пра салідарнасць з маскоўскімі праваабаронцамі...[2].

"

Генеральнаму сакратару ЦК КПСС Л. І. Брэжневу

Намесніку Савета Міністраў СССР А. М. Касыгіну

Намесніку Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР М. В. Падгорнаму


Паважаныя таварышы!

Звяртаемся да Вас па пытанні, што глыбока хвалюе розныя колы савецкай грамадскасці.

На працягу некалькіх апошніх гадоў у Савецкім Саюзе праводзяцца палітычныя працэсы над маладымі людзьмі з асяроддзя творчай і навуковай інтэлігенцыі. Мы занепакоены гэтымі працэсамі па шэрагу прычын.

Перадусім, нас не можа не трывожыць тое, што пры правядзенні многіх з гэтых працэсаў парушаліся законы нашай краіны. Напрыклад, усе працэсы ў Кіеве, Львове і Івана-Франкоўску 1965-1966 гг., на якіх асуджана больш за 20 чалавек, праводзіліся ў закрытым парадку — насуперак таму, што адкрыта і недвухсэнсоўна гарантавана Канстытуцыяй СССР, Канстытуцыямі саюзных рэспублік і іх крымінальнымі кодэксамі. Больш таго, закрыты характар працэсаў спрыяў парушэнню законнасці ў самім ходзе судовых разбораў.

Мы лічым, што парушэнне прынцыпу галоснасці судаводства ідзе ўразрэз з рашэннямі XX і XXII з'ездаў партыі пра аднаўленне сацыялістычнай законнасці, уразрэз з інтарэсамі савецкага грамадства, з'яўляецца здзекам над найвысокім законам нашай краіны — Канстытуцыяй Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік — і нічым не можа быць апраўдана. Прынцып галоснасці ўключае ў сябе не толькі адкрыты судовы разбор, але і шырокае і праўдзівае асвятленне яго хода ў друку. Вядома патрабаванне У. І. Леніна аб тым, што шырокія масы мусяць усё ведаць, усё бачыць і мець магчымасць пра усё судзіць, што асабліва ў адносінах да карных органаў «маса мусіць мець права ведаць і правяраць кожны, нават наіменшы крок іх дзейнасці» (У. І. Ленін, т. 27, ст. 186). Між тым, наш друк зусім не рэагаваў на палітычныя працэсы, якія праводзяцца на Украіне. Што датычыцца палітычных працэсаў, якія праводзіліся ў Маскве, то кароткія паведамленні аб іх, якія з’явіліся ў друку, здольныя хутчэй выклікаць збянтэжанасць і абразіць сваёй непавагай да здаровага сэнсу савецкага чытача, чым даць яму сапраўдную інфармацыю аб справах, якія слухаліся, і ходзе судовага разбору.

Гэтая – па сутнасці – бескантрольнасць і непублічнасць зрабіла магчымым парушэнне канстытуцыйных гарантый і працэсуальных нормаў. Стала амаль правілам, што на падобных палітычных працэсах суд адмаўляецца выслухоўваць сведак абароны і абмяжоўваецца толькі сведкамі абвінавачвання. Факты, прыведзеныя ў адкрытым лісце П. Літвінава і Л. Богараз, які атрымаў шырокую вядомасць, красамоўна сведчаць пра тое, што суд над Галансковым, Гінзбургам, Дабравольскім і Пашковай праводзіўся з грубым парушэннем працэсуальных нормаў.

Звяртае на сябе ўвагу тая злавесная акалічнасць, што ў шматлікіх выпадках падсудным інкрымінуюцца выказваемыя і адстойваемыя імі погляды, якія зусім не маюць антысавецкі характар, а толькі змяшчаюць крытыку асобных з’яў нашага грамадскага жыцця ці крытыку відавочных адступленняў ад сацыялістычнага ідэала, відавочных парушэнняў афіцыйна абвешчаных нормаў. Напрыклад, журналіст Вячаслаў Чарнавол быў судзімы Львоўскім абласным судом 15 лістапада 1967 г. толькі за тое, што сабраў і прадставіў у афіцыйныя органы матэрыялы, якія раскрываюць супрацьзаконны і юрыдычна непісьменны характар палітычных працэсаў, праведзеных на Украіне у 1965-1966 гг. І нягледзячы на тое, што абвінавачванне не здолела высунуць супраць В. Чарнавола нічога зразумелага, не здолела нават высунуць супраць яго ніводнага сведкавага паказання (з двух прыцягнутых абвінавачваннем сведак адзін не з’явіўся на суд па невядомых прычынах, а іншы адмовіўся ад сваіх папярэдніх паказанняў і даў паказанні на карысць В. Чарнавола), нягледзячы на тое, што абарона пераканаўча і ярка выкрыла ўсю смехатворнасць высунутага супраць В. Чарнавола абвінавачвання – суд усё ж такі задаволіў усе патрабаванні абвінавачвання і прысудзіў маладога журналіста да трох гадоў пазбаўлення волі.

Усё гэта і многія іншыя акты кажуць пра тое, што палітычныя працэсы, якія праводзяцца ў апошнія гады, становяцца формай падаўлення іншадумцаў, формай падаўлення грамадзянскай актыўнасці і сацыяльнай крытыкі, цалкам неабходнай для здароўя усялякага грамадства. Яны сведчаць пра ўзмацнелую рэстаўрацыю сталінізма, ад якой так энергічна і мужна перасцерагаюць І. Габай, Ю. Кім і П. Якір у сваім звароце да дзеячаў навукі, культуры і мастацтва ў СССР. На Украіне, дзе парушэнні дэмакратыі дапаўняюцца і абвастраюцца скажэннямі ў нацыянальным пытанні, сімптомы сталінізма выяўляюцца яшчэ больш відавочна і груба.

Мы лічым сваім абавязкам выразіць глыбокую трывогу з нагоды таго, што адбываецца. Мы заклікаем Вас выкарыстаць свой аўтарытэт і свае паўнамоцтвы ў тым напрамку, каб органы суда і пракуратуры строга прытрымліваліся савецкіх законаў і каб цяжкасці і рознагалоссі, якія паўстаюць у нашым грамадска-палітычным жыцці, вырашаліся ў ідэйнай сферы, а не аддаваліся кампетэнцыі органаў пракуратуры і дзяржбяспекі.

Красавік 1968 г.[3]

Ліст з подпісамі быў перададзены ў прыёмную ЦК КПСС у красавіку 1968 г.

Міхаіл Бялецкі:

" ...Ліст з подпісамі быў перададзены "адрасатам" у красавіку 1968 года. Мне таксама давялося браць у гэтым удзел. Для гэтага Ірына Заслаўская і я паехалі ў Маскву. Яна аднесла арыгінал ліста з подпісамі ў прыёмную ЦК, дзе пакінула для адказу свой хатні адрас. А я аднёс асобнік Пятру Якіру...[4].

"

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Першы час пераследам падпісантаў ліста займаліся партыйныя органы. Афіцыйнае ўмяшанне КДБ не пацверджана. Спачатку падпісантаў выклікалі ў партбюро на месцах працы, распытвалі, хто ім даў ліст на подпіс, і патрабавалі раскаяння. Цэхмістрэнка і Баднарчук узялі адказнасць на сябе. Усім, каму яны давалі ліст на подпіс, было дазволена на іх спасылацца.

У залежнасці ад мясцовых умоў, рэпутацыі і паводзін абвінавачаных ім маглі абвясціць вымову, выключыць з камсамола ці партыі, звольніць з працы. Нярэдка пасля звальнення доўгі час чалавеку не давалі магчымасці ўладкавацца на працу, як правіла, назаўжды зачыняўся шлях да навуковай працы. Аднак, кампанія па пераследу падпісантаў ліста ў 1968 г. насіла даволі павярхоўны характар. Да многіх з іх проста не дайшлі рукі, вядома, калі яны да таго не прыцягвалі да сябе ўвагу органаў. У такіх выпадках простая змена працы часта бывала дастатковым спосабам пазбегнуць пакарання.

Другі этап пераследу пачаўся ў 1972 г. Ва Украіне гэты год стаў годам шырокамаштабнай аперацыі КДБ супраць усялякага іншадумства, перш за ўсё, нацыянальна афарбаванага. Прайшлі павальныя арышты ўсіх, да каго ва ўладзе былі хоць бы мінімальныя прэтэнзіі. Праўда, самога факта падпісання ліста пратэсту для арышту было яшчэ мала, але падпісанты разам з іншымі іншадумцамі сталі аб’ектам пільнай увагі і апрацоўкі КДБ. Гэтыя даследаванні працягваліся ўвесь 1972 г. і ахапілі вельмі шырокае кола людзей. Тых з іх, хто не апраўдаў надзей органаў, чакалі тыя ж наступствы, што і пасля разборак ў 1968 годзе, прычым адлучэнне ад нармальнага жыцця, як правіла, насіла больш сістэмны і працяглы характар.

Падпісанты[правіць | правіць зыходнік]

Першыя подпісы[правіць | правіць зыходнік]

  1. С. І. Параджанаў, рэжысёр
  2. А. М. Каралёў, к.ф.-м.н.
  3. Ю. Цэхмістрэнка, к.ф.-м.н.
  4. І. C. Марчук, мастак
  5. В. Баднарчук, к.ф.-м.н.
  6. І. Заслаўская, к.ф.-м-н.
  7. А. Ф. Лубчанка, доктар ф.-м.н., лаўрэат Ленінскай прэміі
  8. І. П. Дзюб, к.ф.-м.н.
  9. І. А. Святлічны, паэт, праваабаронца
  10. У. А. Вышанскі, к.ф.-м.н.
  11. І. М. Дзюба, літаратуравед, публіцыст

Пісьменнікі[правіць | правіць зыходнік]

  • В. П. Някрасаў
  • В. С. Стус
  • Г. П. Кочур
  • В. А. Шаўчук
  • Л. Кастэнка
  • М. С. Вінграноўскі
  • І. Ф. Драч
  • Б. Д. Антоненка-Давідовіч
  • Я. А. Свярсцюк
  • Б. М. Харчук
  • Ю. А. Сярдзюк

Мастакі[правіць | правіць зыходнік]

Вучоныя[правіць | правіць зыходнік]

  • Ю. М. Беразанскі, д.ф.-м.н., чл-кар. АН УССР
  • А. У. Скараход, д.ф.-м.н., чл-кар. АН УССР
  • Ю. Д. Сакалоў, д.ф.-м.н., чл-кар. АН УССР
  • А. Р. Сіценка, д.ф.-м.н., чл-кар. АН УССР
  • К. Б. Талпыга, д.ф.-м.н., чл-кар. АН УССР
  • А. А. Бялецкі, д.фiл.н.
  • М. Ю. Брайчэўскі, гісторык

Артысты[правіць | правіць зыходнік]

  • Т. С. Калусцян, спявачка

Зноскі

  1. Як готувався "Київський лист"(недаступная спасылка). analitik.org.ua. Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2016. Праверана 14 траўня 2016 года.
  2. Як готувався "Київський лист"(недаступная спасылка). analitik.org.ua. Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2016. Праверана 14 траўня 2016 года.
  3. КИЕВСКОЕ ПИСЬМО(недаступная спасылка). analitik.org.ua. Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2017. Праверана 17 траўня 2016 года.
  4. Як готувався "Київський лист"(недаступная спасылка). analitik.org.ua. Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2016. Праверана 14 траўня 2016 года.