Літургічны год у рымскім абрадзе

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Літургічны, або царкоўны год — гэта сукупнасць розных падзеяў, якія Царква ўзгадвае на працягу года. У сучаснай Рымска-Каталіцкай Царкве (лацінскі абрад) літургічны год вызначаецца новым літургічным календаром, які быў уведзены папам Паўлам VI у ягоным motu proprio Mysterii paschalis, апублікаваным 14 лютага 1969 году. Асноўным дакументам, які апісвае правілы будавання літургічнага календара, з'яўляюцца «Агульныя нормы для літургічнага года і календара».

Богаслужбовыя цыклы[правіць | правіць зыходнік]

У рымскім абрадзе літургічны год можна прадставіць у выглядзе некалькіх укладзенных адзін у адзін цыклаў. Напрыклад, можна вылучыць:

Сутачны цыкл, г. зн. паслядоўнасць набажэнстваў, адпраўляемых на працягу сутак (гл. Літургія гадзінаў). Тыдневы цыкл. У адпаведнасцт са старажытнай традыцыяй, кожны дзень тыдня прысвечаны таму ці іншаму святому ці падзеі. Так, у рымскім абрадзе дні размеркаваныя наступным чынам: нядзеля — Уваскрасенне і Святая Тройца, панядзелак — Святы Дух і чысцовыя душы, аўторак — святыя анёлы, серада — святы Юзаф, чацвер — Найсвяцейшы Сакрамэнт, пятніца — Мука Пана і Яго Святое Сэрца, субота — Найсвяцейшая Панна Марыя і Яе Беззаганнае Сэрца.

У сучаснай практыцы захаваліся, у асноўным, два з гэтых прысвячэнняў: пятніца як дзень успаміну крыжовай мукі Пана (у гэты дзень прадпісваецца ўстрыманне ад мяса) і нядзеля як дзень Уваскрасення Хрыста з памерлых. Таксама часам служыцца суботняе набажэнства з успаміну Дзевы Марыі.

Месячны цыкл. Кожны месяц у календары таксама мае сваё прысвячэнне:

  • Студзень — імя Езуса
  • Люты — Святая Сям'я
  • Сакавік — Святы Юзаф
  • Красавік — Найсвяцейшы Сакрамэнт
  • Май — Святая Багародзіца
  • Чэрвень — Святое Сэрца Езуса
  • Ліпень — Найсвяцейшая Кроў Пана
  • Жнівень — Беззаганнае Сэрца Марыі
  • Верасень — Сем балесцяў Марыі
  • Кастрычнік — Ружанец Святой Багародзіцы
  • Лістапад — Успамін памерлых
  • Снежань — Беззаганнае Зачацце

У нашыя дні захаваліся, у асноўным, чатыры з гэтых прысвячэнняў. Май і кастрычнік прысвечаныя Багародзіцы Марыі, чэрвень — Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, а лістапад — успаміну памерлых.

Гадавы цыкл. Гэты цыкл складаецца з некалькіх перыядаў (tempus):

  • Адвэнт — пачынаецца за 4 нядзелі да Нараджэння Пана.
  • Перыяд Нараджэння Пана — ад Нараджэння Пана да свята Хросту Пана (нядзеля пасля Аб'ўлення Пана).
  • Звычайны перыяд (tempus per annum) — да пачатку Вялікага посту.
  • Вялікі пост — ад Папяльцовай серады да вечара Вялікага Чацвяра.
  • Святы Пасхальны Трыдуум — тры апошнія дні Вялікага тыдня і першы дзень Пасхі.
  • Велікодны перыяд — ад Вялікадня да Пяцідзесятніцы.
  • Звычайны перыяд — аднаўляецца пасля Пяцідзесятніцы і заканчваецца перад перыядам Адвэнту.

Таксама можна вылучыць яшчэ некалькі цыклаў, звязаных з чытаннем Бібліі падчас імшы. Так, у буднія дні звычайнага перыяду чытанні падбіраюцца, згодна з двугадовым цыклам (цотны/няцотны год), а ў нядзелі — па трохгадовым (А, В, С). Чытанні ў Гадзіне чытанняў могуць адбывацца па адна- ці двугадоваму цыклу. Кніга Псальмаў чытаецца ў Літургіі гадзінаў паводле цыклу даўжынёй у чатыры тыдні.

Літургічны дзень[правіць | правіць зыходнік]

Да рэформаў сярэдзіны XX стагоддзя літургічны дзень у рымскім абрадзе, паводле старажытнай традыцыі, пачынаўся з вечара папярэдняга дня, як гэта дасюль адбываецца ў візантыйскім абрадзе. Пасля рэформы 1969 года гэтая практыка была спрошчана, і цяпер богаслужбовы дзень адпавядае календарнаму дню (ад поўначы да поўначы). Выключэннем з'яўляюцца нядзельныя дні і ўрачыстасці, святкаванне якіх пачынаецца з вечара.

Ступені святаў[правіць | правіць зыходнік]

У сучасным рымскім абрадзе існуюць наступныя катэгорыі святаў (пералічаныя ў парадку ўзрастання ўрачыстасці):

Будні дзень (feria). Дзень, на які не прыпадае ўспамін якога-небудзь святога ці падзеі з жыцця Езуса Хрыста ці святых.

Успамін (memoria). Успаміны бываюць абавязковыя (memoria obligatoris) і неабавязковыя, факультатыўныя (memoria ad libitum). У другім выпадку таму, хто цэлебруе, прадстаўляецца магчымасць адзначаць гэты ўспамін ці не адзначаць.

Свята (festum). У дні святаў узгадваюцца найбольш істотныя постаці хрысціянскай веры і важныя падзеі з жыцця Езуса Хрыста і святых, а набажэнства мае асаблівыя элементы.

Урачыстасць (solemnitas). Да ўрачыстасцяў адносяцца найбольш важныя святкаванні падзей з жыцця Езуса Хрыста, а таксама святых. Імша ў гэты дзень мае не два, а тры чытанні, таксама прамаўляецца сімвал веры.

Налажэнні і пераносы[правіць | правіць зыходнік]

У рымскім абрадзе няма, напрыклад, у адрозненне ад візантыйскага, развітай сістэмы аб'яднання розных святаў, якія прыпадаюць на адзін дзень. Калі два святкаванні прыпадаюць на адзін дзень, то выбіраецца больш важнае, паводле спецыяльнай табліцы літургічных дзён.

Першынство літургічных дзён, калі гаворка ідзе пра іх цэлебрацыю, вызначаецца толькі на падставе наступнай табліцы:

  1. Пасхальны Трыдуум Мукі і Уваскрасення Пана.
  2. Нараджэнне Пана, Аб'яўленне Пана, Унебаўшэсце Пана і Спасланне Духа Святога, Нядзелі Адвэнту, Вялікага посту і Велікоднага перыяду. Папяльцовая серада. Будні Вялікага тыдня ад панядзелка да чацвярга ўключна. Дні ў актаве Пасхі.
  3. Урачыстасці Пана, Найсвяцейшай Панны Марыі і святых, якія ўпісаны ў Агульны каляндар. Успамін усіх памерлых вернікаў.
  4. Уласныя ўрачыстасці, а менавіта: а) урачыстасць галоўнага апекуна мясцовасці, мястэчка або горада; б) урачыстасць пасвячэння і гадавіны пасвячэння ўласнага касцёла; в) урачыстасць тытула ўласнага касцёла; г) тытулярная ўрачыстасць, урачыстасць заснавальніка або галоўнага апекуна ордэна ці кангрэгацыі.
  5. Святы Пана, якія ўпісаны ў агульны каляндар.
  6. Нядзелі перыяду Нараджэння Пана і Звычайнага Перыяду.
  7. Святы Найсвяцейшай Панны Марыі і святых, якія змешчаны ў агульным календары.
  8. Уласныя святы, а менавіта: а) свята галоўнага апекуна дыяцэзіі; б) свята гадавіны пасвячэння катэдральнага касцёла; в) свята галоўнага апекуна краіны, правінцыі, народу або вялікай тэрыторыі; г) тытулярнае свята, свята заснавальніка, галоўнага апекуна ордэна ці кангрэгацыі і законнай правінцыі з захаваннем прадпісанняў №4; д) іншыя ўласныя святы пэўнага касцёла; е) іншыя святы, якія ўпісаны ў каляндар дыяцэзіі, ордэна ці кангрэгацыі.
  9. Будні Адвэнту з 17 па 24 снежня ўключна. Дні ў актаве Нараджэння Пана. Будні Вялікага посту.
  10. Абавязковыя ўспаміны, змешчаныя ў агульным календары.
  11. Уласныя абавязковыя ўспаміны, а менавіта: а) успаміны дадатковага апекуна мясцовасці, дыяцэзіі, краіны або законнай правінцыі; б) іншыя абавязковыя ўспаміны, якія ўпісаны ў каляндар дыяцэзіі, ордэна ці кангрэгацыі.
  12. Неабавязковыя ўспаміны, якія таксама можна адзначаць асаблівым чынам, апісаным у Агульных уводзінах да Рымскага Імшала і да Літургіі гадзінаў нават у дні, пералічаныя ў №9. Такім жа чынам, як неабавязковыя ўспаміны могуць адзначацца ўспаміны абавязковыя, якія прыпадаюць на будні Вялікага посту.
  13. Будні Адвэнту да 16 снежня ўключна. Будні перыяду Нараджэння Пана з 2 студзеня да суботы пасля Аб'яўлення Пана. Будні Велікоднага перыяду ад панядзелка пасля актавы Пасхі да суботы перад Спасланнем Духа Святога. Будні Звычайнага перыяду.

Абавязковыя святы[правіць | правіць зыходнік]

Частка святкаванняў у рымскім абрадзе з'яўляюцца абавязковымі, г. зн. кожны католік мусіць прыняць у гэты дзень удзел у імшы. Да такіх дзён адносяцца ўсе нядзелі, а таксама 10 святаў з наступнага спісу (спіс можа карэктавацца Канферэнцыямі каталіцкіх біскупаў)[1]:

  • 8 снежня — Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі
  • 25 снежня — Нараджэнне Пана
  • 1 студзеня — Святой Багародзіцы Марыі
  • 6 студзеня — Аб'яўленне Пана
  • 19 сакавіка — Св. Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі
  • 40-ы дзень пасля Вялікадня — Унебаўшэсце Пана
  • 60-ы дзень пасля Вялікадня — Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана
  • 29 чэрвеня — Св. Пятра і Паўла, апосталаў
  • 15 жніўня — Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
  • 1 лістапада — Усіх святых

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]