Перайсці да зместу

Магілёўская жаночая гімназія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Магілёўская жаночая гімназія ў 1912 годзе

Магілёўская жаночая (Марыінская) гімназія — колішняя навучальная ўстанова ў Магілёве.

Магілёўская жаночая (Марыінская) гімназія з невялікім пансіёнам на 30 дзяўчынак адкрыта 1 студзеня 1865 г. Першапачаткова знаходзілася за горадам, на правым беразе Дняпра на дачы Піпенберг (паміж сучаснымі заводам штучнага валакна імя Куйбышава і п. Буйнічы). У 1872 г. гімназія набыла аднапавярховы мураваны будынак па Дняпроўскім праспекце ў Магілёве. Пазней дабудаваны яшчэ два паверхі і ў 1877 г. 2-павярховы флігель для лазні, пральні і памяшканняў для аканомкі, кашталяншы і фельчара. Пазней яны былі аб’яднаны ў адзін будынак[1], які набыў форму літары П[2].

Гімназія знаходзілася ў ведамстве імператрыцы Марыі, адсюль і яе назва — Марыінская[2]. Вучэбныя праграмы зацвярджаліся навучальнай праграмай ведамства[1]. Асноўная ўвага ўдзялялася гуманітарным навукам. Сістэма адзнак была 12-бальная, самым старэйшым лічыўся першы клас, самым малодшым — сёмы. Навучанне было платным. Існаваў строга абмежаваны прыём на вучобу «па саслоўных прызнаках: вучыцца маглі толькі дочкі дастаткова забяспечаных людзей». Выпускніцы 7-класнай гімназіі мелі права на званне «хатняя настаўніца», а пазней і на выкладанне ў пачатковай школе. Штогод абучаліся 500—600 навучэнцаў, працавалі 30—40 педагогаў[2].

Да канца ХІХ ст. гэта была адзіная ў губерні навучальная ўстанова для жанчын[2]. На 1 студзеня 1884 г. у гімназіі налічвалася 410 вучаніц і пансіянерак. З іх 230 праваслаўных, 65 каталічак, 7 лютэранак і 108 габрэяк. У 1908 г. быў адкрыты педагагічны клас з двума аддзяленнямі — славесным і матэматычным[1].

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года пераўтворана ў Магілёўскую працоўную школу № 1—5 першай ступені (з 8 да 13 гадоў). З 1919 г. стала 9-гадовай працоўнай школай агульнага навучання. З лютага 1921 г. — «1-ая Магілёўская Савецкая школа імя Энгельса». Выкладанне вялося на беларускай мове. У 1920-х—30-х гг. уваходзіла ў лік узорна-паказальных школ рэспублікі. Імёны многіх выпускнікоў увайшлі ў гісторыю — Таццяна Карпінская, Леанід Лорчанка, Анатоль Задушэўны, Лізавета Еўдакіменка[2], Іосіф Гусакоўскі, Тамара Талахадзэ[1] і інш.

У гады акупацыі будынак школы выкарыстоўваўся пад шпіталь для ваеннапалонных. Пасля вызвалення Магілёва заняткі пачаліся 1 верасня 1944 г. У 1964 г. прысвоена імя падпольшчыцы Таццяны Карпінскай[2].

У 1980-я гады ў школе фарміруецца сістэма дыферэнцыйнага навучання, ствараюцца клубы, гурткі па інтарэсах, пазнавальныя і навукова-пазнавальныя творчыя аб’яднанні; працуюць профільныя класы: фізіка-матэматычныя, хіміка-біялагічныя, гуманітарныя, спартыўныя. Школа з’яўлялася эксперыментальнай пляцоўкай па апрацоўцы мадэлі шматпрофільнай школы[2].

У 1990-я гады праходзілі апрабацыю новыя падыходы дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучальнага працэса, укараненне навучальнай мадэлі «Шаг за шагом»[2].

Зараз у школе створаны ўсе ўмовы для развіцця і навучання: арганізавана два профільных дзесятых класа — фізіка-матэматычны і хіміка-біялагічны, працягвае работу беларускамоўны клас на 1-й ступені навучання і выхавання, больш за 80 факультатыўных заняткаў, працуюць гурткі, спартыўныя секцыі[2].

Зноскі

  1. а б в г kropki.by — інтэрактыўная мапа Магілёва(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2022. Праверана 5 жніўня 2022.
  2. а б в г д е ё ж з Магілёўская жаночая (Марыінская) гімназія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2022. Праверана 5 жніўня 2022.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / АН БССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; галоўны рэдактар С. В. Марцэлаў. — Мінск, 1986. — С. 65 : фота.
  • Кирдяшкина, Е. Первая и старейшая / Екатерина Кирдяшкина // Веснік Магілёва. — 2013. — 27 сентября. — С. 10 : фото.
  • Краткая записка о пятидесятилетнем существовании Могилевской женской гимназии (1865—1915 гг.) [Электронный ресурс] / Национальная библиотека Беларуси. — Электронные текстовые, графические данные (1, 30 Гб). — Могилев на Днепре : Губернская типография, 1915. — 6 с. — Минск : Национальная библиотека Беларуси, [2009]. — 1 электронный оптический диск (CD-ROM) : 12 см. — Отдельные оттиски из газеты «Могилевский вестник» от 10 января 1915 г. № 7. — Заглавие сформулировано на основе анализа электронного ресурса. — Диск помещен в контейнер 14, 5х12, 5х1 см.
  • Могилев : энциклопедический справочник / редактор И. П. Шамякин. — Минск, 1990. — С. 128—129.
  • Науменко, В. В. Очерки истории образования Могилевщины / В. В. Науменко, В. С. Богданов, А. Г. Агеев ; Управление образования Могилевского областного исполнительного комитета. — Могилев, 2012. — С. 129—143 : фото.
  • Старосвецкая, Н. 139 лет уроков / Н. Старосвецкая // Могилевская правда. — 2005. — 21 января. — С. 20 : фото.