Моладзь.org

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Моладзь.org

Моладзь.org, moladz.org, Маладзевая інтэрнэт-пляцоўка "ВОКА" – беларуская інтэрнэт-супольнасць, накіраваная на выхаванне моладзі на глебе беларускай нацыянальнай ідэі, на данясенне яе да шырокіх колаў грамадства.

Ініцыятыва была створана ў снежні 2003 года. Дэклараванымі задачамі з'яўляюцца: агітацыйна-масавая дзейнасць па адраджэнню беларускай культуры, мовы, фарміраванне ў людзей адказнасці за лёс сваёй дзяржавы, праява актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

За час яе існавання каардынатарамі ініцыятывы было праведзена шмат разнастайных мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне актыўнасці грамадзянскай супольнасці. Арганізоўваліся дыскусіі на тэму "Становішча беларускай мовы ў грамадстве", футбольныя чэмпіянаты "За беларускую мову", "За кубак "ВОКА", валанцёры "ВОКА" садзейнічалі ў арганізацыі і інфармацыйнай падтрымцы канцэртаў "Я люблю ліцэй", "Генералы айчыннага рока", "Моладзь за Беларусь", "Рок пасля вакацыяў 2005". Акцыя "Зрабі-BY" была накіравана на павелічэнне колькасці беларускамоўных старонак у Інтэрнэце.

Сутнасць акцыі "Хочам вучыцца па-беларуску!", якая праводзілася сумесна з моладдзю Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа і Задзіночаннем беларускіх студэнтаў, складалася ў патрабаванні даць магчымасць вучыцца на роднай мове школьнікам і студэнтам, якія жадаюць мець беларускую адукацыю. Акцыя перарасла ў кампанію, якая праходзіла з 2004 па 2006 год.

Кампаніі "Штурм FM-1" і "Штурм FM-2" мелі мэтай павелічэнне колькасці беларускіх песень і гучання беларускай мовы ў эфірах радыёстанцый. Таксама ў падтрымку кампаніі "Штурм FM" пачаў працу музычны інтэрнэт-рэсурс "Вызначым лепшую песню года": наведвальнікі сайта на працягу ўсяго 2004 года ўдзельнічалі ў сямі турах галасавання за найбольш упадабаныя беларускія песні і ў канцы года вылучылі пераможца.

Сутнасць праекта "За беларусізацыю МТС", распрацаванага сумесна з Таварыствам беларускай мовы, складалася ў зборы подпісаў за стварэнне аператарам сотавай сувязі "МТС" беларускамоўных СМС-паведамленняў, аўтаматычнай службы сэрвісу абанента, інтэрнэт-сістэмы сэрвісу абанента на беларускай мове. На працягу некалькіх месяцаў былі сабраныя тысячы подпісаў, а таксама праведзеныя інтэрнэт-акцыі і флэш-мобы ў падтрымку кампаніі. У выніку кампанія "МТС" стварыла беларускамоўную версію сайта, а таксама выканала яшчэ частку патрабаванняў.

Сумесна з БМАgroup быў створаны "Фан-клуб беларускай музыкі", дзе кожны тыдзень збіраюцца аматары творчасці айчынных выканаўцаў, абмяркоўваюць пытанні, якія іх цікавяць, у тым ліку з удзелам прафесійных музыкантаў.

Былі выдадзеныя зборнікі вершаў "Наш час" і "Наш Час 2", якія цалкам складаюцца з твораў звычайных грамадзян Беларусі, абраных падчас галасавання на сайце ініцыятывы.

Інтэрнэт-рэсурс таксама падае замежныя і міжнародныя навіны, аналітычныя матэрыялы.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

moladz.org – Галоўная старонка