Перайсці да зместу

Народны каляндар усходніх славян

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Народны каляндар)
«Круглы год». Лубок. Канец XVII — пачатак XVIII ст.

Народны каляндар усходніх славян — сістэма адзначаных у народнай свядомасці замацаваных ці рухомых дат, якая склалася ў старажытнасці і з’яўлялася важным арыенцірам усяго кола рытуальных паводзін у межах гадавога, сезоннага, тыднёвага і сутачнага цыклаў, а таксама асновай прымеркаванасці да пэўных дат сельскагаспадарчых работ. Адна з форм духоўнай культуры народа.

У традыцыйным беларускім народным календары адлюстраваны погляды чалавека на навакольнае асяроддзе, шматлікія культурныя ўплывы, працэсы іх уніфікацыі, дыферэнцыяцыі, узаемаўзбагачэння і інш. Беларускі народны каляндар, які працягваў старажытнаславянскія традыцыі, быў звязаны са зменаю фаз (квадраў) месяца, прычым кожная з іх лічылася спрыяльнай або неспрыяльнай для пэўных гаспадарчых работ (пасадку гародніны пачыналі звычайна ў маладзік, а закладванне яе на зіму прымяркоўвалі да апошняй квадры; снаваць пачыналі ў поўню і інш.). Па месячных квадрах у некаторых мясцінах сачылі за рухомымі святамі (напрыклад, Вялікдзень заўсёды святкавалі пасля поўні — месяц у апошнюю чвэрць). Гэта пацвярджэнне таго, што тыднёваму падліку часу ў славян, як і ў іншых народаў, папярэднічала сістэма, арыентаваная на месячны каляндар. У беларускім народным календары захаваліся і рэшткі сонечнага календара — старадаўняга падзелу года адпаведна зімоваму (на Каляду) і летняму (на Купалу) сонцастаянню. Колькасць тыдняў паміж гэтымі святамі аднолькавая (26), і Купала падзяляў сялянскі каляндарны год на два паўгоддзі (25 снежня — 24 чэрвеня старога стылю).

Разам з хрысціянствам распаўсюджваўся кананічны хрысціянскі тыдзень, адбывалася замена пэўнай часткі народнай каляндарнай тэрміналогіі на канфесіянальную. Адначасова ішло і прыстасаванне, адаптацыя хрысціянскага (пазней праваслаўнага ці каталіцкага) календара да папярэдняга язычніцкага. Нягледзячы на залежнасць народнага календара ад хрысціянскага, як і другасны характар народнай каляндарнай тэрміналогіі, значэнне асобных святаў, структура традыцыйнага беларускага календара, часам і назвы свят (Куцця, Грамніцы, Вялікдзень, Радаўніца, Сёмуха, Іван Галавасек і інш.) далёка адышлі ад хрысціянскіх кананізаваных форм. Гэта праяўлялася ў народным асэнсаванні значнай часткі свят царкоўнага календара, нават такіх буйных, як Благавешчанне, Сёмуха, Багач і інш.

Аснова беларускага народнага календара — маркіраваныя і немаркіраваныя дні-святы і будні. Святы падзяляліся на вялікія, ці гадавыя (дванадзясятыя), і малыя, ці прысвяткі, да якіх прымыкала штотыднёвая нядзеля. Такая дыферэнцыяцыя залежала ад адноснай сілы забароны, якую неабходна было выконваць у час свята (на працягу вялікіх свят стараліся нічога не рабіць ні дома, ні ў полі, у некаторых выпадках нават не гатаваць ежу). Яе парушэнне, паводле народных уяўленняў, магло прывесці да бяды з хатняй жывёлай або да стыхійнага няшчасця. Прытрымліваліся і забароны, прымеркаванай да асобных дзён тыдня: нядзелі, посных дзён — пятніцы, серады (забаранялася ткаць і інш.). Асаблівае значэнне і выяўленасць уласцівы пярэдадню свята (у народным усведамленні святочны дзень пачынаецца з моманту захаду сонца напярэдадні), на які часта пераносілася агульная асэнсаванасць свята. Важным у народным календары з’яўляўся і наступны за святам дзень, шанаванне якога нібыта прадухіляла град, засуху, навальніцу і інш. У сувязі з тым, што ў народзе фактычна не ўжываліся назвы месяцаў і каляндарныя лічбы, амаль да пачатку XX ст. у сялянскім побыце захоўваўся характэрны для народнага календара адлік часу.