Дажынкі
Прачыстая, Дажынкі | |
---|---|
![]() |
|
Дажынкі у Глыбокім. Заходняя Беларусь. 1934 | |
Тып | народна-хрысціянскі |
інакш | Успленне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Аспажа, Гаспажа, Спажа, Вялікая Спажа, Зялёная, Зельная |
Значэнне | завяршэнне ўборкі злакаў, пачатак сяўбы азімых |
Адзначаецца | усходнімі і заходнімі славянамі |
Дата | 15 (28) жніўня |
Традыцыі | асвячалі «бараду» на поле, а дома — жыта, наладжвалі Свята Свечкі, на Палессі варылі кашу з проса |
Звязана з | канчатак Успенскага паста |
Дажы́нкі, Прачыстая (Успленне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Аспажа, Гаспажа, Спажа, Вялікая Спажа, Зялёная, Зельная, Спленне, Талака[1]) — старажытные народнае свята, якое прысвячалася сканчэнню жніва. Людзі на нейкі час рабіліся вольнымі ад цяжкай працы, атрымлівалі адпачынак і — найперш — ураджай.
Сканчэнне жніва святкавалася ў многіх народаў, але ў беларусаў традыцыя захавалася ў вельмі архаічным выглядзе. Суправаджаліся танцамі, песнямі, рознымі абрадамі язычніцкага паходжання. У наш час дажынкі адзначаюць як свята ўраджаю.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]
Паводле Я. Карскага, першыя згадкі пра свята сустракаюцца ў хроніках пад ХІІ ст. Хаця сама традыцыя можа весці свой пачатак яшчэ ад неаліту, калі на Беларусі з’явілася земляробства.
Святкаванне
[правіць | правіць зыходнік]«Завіванне барады»
[правіць | правіць зыходнік]У многіх вёсках, сабраўшы ўраджай, было прынята пакідаць на полі некалькі нязжатых каласкоў. Іх абвязвалі поясам. Гэта і звалося «завіць бараду». Побач з імі клалі хлеб з соллю, яйкі. Апошнія каласкі зваліся ў розных мясцінах Дзедава Барада, Богава Барада. Або казалі, што пакідаюць каласкі «казе на бараду». Верагодна, тут маюцца на ўвазе персанажы Дзеда і Казы, у якіх на Каляды апраналіся калядоўшчыкі. Верагодна, Дзед ці Каза — рэшткі нейкіх язычніцкіх духаў ці багоў, чые сапраўдныя імёны, найхутчэй, сёння ўжо забытыя, але якія ўвасаблялі зямную плоднасць і ўраджай.
У Быхаўскім раёне казалі, што пакідаюць каласкі «на бараду Богу». «Бараду» палолі рукой, загорнутай у рукаў. Побач рассцілалі чыстае палатно, на якую клалі кавалачак хлеба і соль.
Т. М. Осіпава з вёскі Нясяты прагадвала, што ў даўніну на полі пакідалі 5 каласкоў, утыкалі з зямлю палку і прывязвалі да яе гэтыя каласкі. «Бараду» упрыгожвалі, абкладвалі кветкамі.
«Багіня з поля ідзець…»
[правіць | правіць зыходнік]Скончыўшы жніво, дзяўчаты абіралі паміж сабою Багіню. Яе «каранавалі» вянком, давалі ў рукі апошні зжаты сноп (які зваўся «дажынкавым снапом»). Багіня ўзначальвала шэсце да хаты гаспадара. Да шэсця, акрамя дзяўчат, далучаліся замужнія і старыя жнеі. Па дарозе яны спявалі:
Ды гудзець поле, гудзець,
Багіня з поля ідзець.
Гаспадару, не ўмыкайся,
У святлічку не схавайся…
— [2].
Гаспадар сустракаў працэсію, праводзіў яе ў хату. Пачыналіся музыка і танцы, якімі кіравала Багіня. З рэшты яна дзякавала гаспадару, казала: «Дай божа табе, нябожа, абяваць, насяваць, а нам жаць, дажынаць». Гаспадар у адказ накідваў на галаву Багіні пакрывала з дажынкавым снапом і адорваў яе пшанічным хлебам.
Абранне Талакі
[правіць | правіць зыходнік]У іншых мясцінах замест Багіні абіралі Талаку. На галаву абранай дзяўчыны клалі вянок з розных пахучых кветак і траў, давалі ў рукі дажынкавы сноп, і ладзілі вакол яе харавод з песняю:
Добры вечар, добры вечар!
Добры вечар, Талака!
…Да вазьмі ад нас, вазьмі,
Гэты збожны ты снапок,
Да надзень жа, надзень,
З краскамі прыгож вянок!
— [3].
Даследчык-аматар Павел Шпілеўскі, вывучаючы падобную абраднасць, зрабіў выснову, што ў язычнійкай Беларусі калісьці існавала багіня з імем Талака. На самой справе багіні Талакі ніколі не было. Гэта позняя персаніфікацыя. Хаця сам абрад, несумненна, старажытны, і мог быць прысвечаны нейкаму невядомаму сёння боству.
Сноп-баба
[правіць | правіць зыходнік]У Мінскай губерні апошні дажыначны сноп апраналі ў хустку, у жаночую сарочку і звалі яго «бабай». Жнеі ставілі бабу на ўскраіне поля, садзіліся вакол і ладзілі застолле. Потым накіроўваліся да хаты гаспадара, па дарозе спявалі, а з сабою неслі «бабу». У хаце яе ставілі ў куце, пад іконамі. Верагодна, і «баба», і Талака, і Багіня — гэта ўспамін пра нейкага язычніцкага жаночага персанажа, багіню ўраджаю.
Іншыя традыцыі
[правіць | правіць зыходнік]Прымаўкі гэтага дня: «Прыйшла Прачыстая — стала поле чыстае», «Прачыста — сяўба чыста, а касьба не чыста», «Гаспажа — хлеба дзяжа» (Брэсцкі павет)[4]; «Прыйшла Прачыстая — перапечка чыстая» (Ігуменскі павет); «Надышло Успленне — цягні бульбу за карэнне» (Столінскі раён); «Прачыстая не глядзіць бяла, а глядзіць, каб паляніца была» (Клічаўскі раён).
Дажынкам было прысвечана шмат дажынкавых песень, якія спявалі ў канцы жніва, вяртаючыся з поля ў вёску і на застоллі. Яны былі значна весялейшыя за жніўныя песні, бо ў апошніх спявалася пра нялёгкую працу і долю жней і іх дзяцей.
У народных песнях гэты дзень згадваецца ў сувязі з разнастайнымі сельскагаспадарчымі работамі: «Прачыста снапкі падае», «на восець носіць», «папары мяшае», «пчолак ладзіць, кадкі мёдам налівае»[5].
Прачыста маці ішла зажынаці
У чыстае поле з пшонным пірагом.
З пшонным пірагом, з залатым сярпом.
У левай руцэ пшонны піражок,
У правай руцэ залаты сярпок:
Я раз разну — я сноп нажну,
Я і два разну — я капу нажну!
Сноп ад снапа — на валовішча,
Капа ад капы — паўтараста шагоў!
(Магілёўская губ.)[6]
Прачыста жытцо сеець,
А меншая ў помач стала,
Жытцо скора запахала,
(Міёрскі раён)
У некаторых раёнах лічылася, што ад Прачыстай пачынаецца «маладое бабскае лета», якое заканчваецца на Галавасека 29 жніўня (11 верасня)[7].
Этнографамі зафіксавана вялікая колькасць звычаяў, абрадаў і павер’яў, што датычаць гэтага моманту, ад якога ў многім залежаў будучы ўраджай. Першыя звязаны з такімі магічнымі атрыбутамі, як «поўня», «яйка», «сякера», «ахвяраванне зямлі», «сустрэча», «чысціня» і іншымі, што суправаджаюцца рознымі і шматлікімі павер’ямі, другія — з асвечаным зернем, малітвай. Некаторыя даследчыкі лічаць, што 15 (28) жніўня з’яўляецца агульнаславянскім святам ураджаю[8].
На Палессі Прачыстую называлі Зельнаю (параўнай польскае назва «Święto Matki Boskiej Zielnej»), бо асвячалі разам са збожжам «усялякія зелля».
У 1930-х гадах у Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, у верасні праходзілі фестывалі «Дажынкі», прысвечаныя сабранаму ўраджаю.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]![]() |
Дажынкі на Вікісховішчы |
---|
- Хрол і Лаўр — конскае свята
- Багач (Малая Прачыстая)
- Пакровы (Трэцяя Прачыстая)
- Народны каляндар
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Лозка А. Беларускі народны каляндар. — Мінск: Полымя, 2002. — с. 163:
- ↑ [Кухаронак, Т.І. Маскі ў каляднай абраднасці беларусаў / Т.І. Кухаронак – Мінск: Ураджай, 2001. ]
- ↑ [Кухаронак, Т.І. Маскі ў каляднай абраднасці беларусаў / Т.І. Кухаронак – Мінск: Ураджай, 2001. ]
- ↑ Крачковский Ю. Ф. Очерки быта западнорусского селянина. — Масква, 1874
- ↑ Жыцця адвечны лад: Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн. 2. — Мн., 1998. — С. 513—515
- ↑ Романов Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 8. Быт белоруса. — Вильно, 1912
- ↑ Романов Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 8. Быт белоруса. — Вильно, 1912
- ↑ Лозка А. Беларускі народны каляндар. — Мінск: Полымя, 2002. — С. 162.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ліс А. С. Дажы́нкі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 8. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Лозка А. Беларускі народны каляндар. — Мінск: Полымя, 2002.
- Усачёва В. В. Обжинки // Славянские древности: Этнолингвистический словарь в 5-ти томах / Под ред. Н. И. Толстого; Институт славяноведения РАН. — М.: Международные отношения, 2004. — Т. 3. — С. 448—452. — ISBN 5-7133-1207-0.
- Ліс А. С. Дажы́нкі // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 8. — 575 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-014-9.