Некантактныя народы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Некантакныя народы ў ХХІ стагоддзі

Некантактныя народы (таксама ізаляваныя або згубленыя народы) — чалавечыя супольнасці, што добраахвотна, або збегам абставін, жывуць (жылі) без якіх-небудзь значных кантактаў са знешнім светам і з сучаснай цывілізацыяй. У ХХІ стагоддзі такіх народаў засталося вельмі мала: крыху болей за 100 паводле ацэнак на 2013 — пераважна гэта плямёны трапічных лясоў Новай Гвінеі і Паўднёвай Амерыкі. Самым ізаляваным і вядомым некантактным племем — у першую чаргу, праз упарты супраціў любым спробам кантакту — лічацца сентынельцы, якія пражываюць на Паўночным Сентынельскім востраве ў складзе Андаманскіх астравоў, што належаць Індыі.[1]

Некантактнае індзейскае племя, штат Акры, Бразілія

Многія грамадскія дзеячы адстойваюць права народаў на некантакнасць гаворачы, што навязванне стасункаў супярэчыць праву на самавызначэнне. Больш за тое, ізаляваныя плямёны, хутчэй за ўсё, не будуць мець імунітэту да шмат якіх звычайных хваробаў, што могуць паставіць гэтыя плямёны на мяжу знікнення. Іншая пазіцыя заключаецца ў тым, што кантакт пазнаёміць адсталых тубыльцаў з дасягненнямі медыцыны, дазволіць правесці вакцынацыю, атрымаць доступ да лекаў. Усё адно нешматлікія ізаляваныя плямёны асуджаныя на звод, — лічаць прадстаўнікі гэтай пазіцыі. Ды і самое нежаданне кантакту, — дадаюць яны, — звычайна вынік забабонаў або пераканання, што племя будзе перабіта або прададзена ў рабства. Апошняе часам небеспадстаўнае: так падчас каўчукавага буму ў Амазоніі ў пачатку ХХ стагоддзя белыя плантатары нарабілі столькі гвалту, што шмат якія плямёны вырашылі ніколі больш не мець справаў з "цывілізацыяй".

Звестак пра некантактныя народы звычайна вельмі мала, часам невядома нават іх саманазва. Інфармацыя як правіла паступае ад суседніх з імі народаў або з аэрафатаздымкаў. Бывае і так, што ізаляванае племя раптам заяўляе пра жаданне кантакту: так было ў 2013 з машка-піра — індзейскім племем у перуанскай Амазоніі.

Зноскі

Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.