Найменшы з еўрапёйскiх пастушкоў. Даўжыня цела 18 см, размах крылаў 28-37 см. Кароткая, зялёная дзюба без чырвонай асновы, ногi аранжавыя, бакi i падхвосце цёмныя з белымi палосамi. У маладых больш светлыя грудзi i шыя (падобныя да самкi малога пагонiча, але ніз цела з больш выразнымi палосамi). Птушаняты ў чорным з зеленаватым бляскам пуху, з жоўтай або белаватай дзюбай. Голас гучыць як мадуліраванае, крычыць пераважна ўвечары i ноччу.
Арэал разарваны. Лакальна сустракаецца ў Заходняй і Паўднёвай Еўропе, абмежаваны ў цэнтральнай і паўднёвай частцы Расіі праз Сібір да Сахаліна і Японіі, Цэнтральнай i Паўднёвай Азiі, Паўднёвай Афрыцы i Мадагаскары, Аўстралiі i Новай Зеландыі.
Насяляе вадаёмы са стаячай вадой, старыцы i выгiны (меандры) рэк, радзей балоты з мноствам невялікіх акенцаў вады i моцна зарослыя. У Галандыі таксама жыве на новых польдэрах.
Паўднёвыя папуляцыi аселыя, паўночныя — пералётныя. Залятае ў Вялікабрытанію, Ірландыю, Данію, Швецыю, Фінляндыю, Польшчу, Чэхію, Славакію, на Азоры і Мадэйру. Месцы зiмовак часткова ў межах гнездавога арэала і ў басейне Міжземнага мора, на р. Нiл, ва Усходняй і Паўднёвай Афрыцы, Паўднёвай i Паўднёва-Усходняй Азiі.
Гняздо робіць на купiне паблiзу вады (птушка прыплывае на гняздо), пад прыкрыццем звісаючай зялёнай раслiннасцi альбо куста. Яно ўяўляе няшчыльны стажок (пад канец выседжвання ён робiцца плоскiм) з сухiх лiстоў і сцёблаў надводнай раслiннасцi (галоўным чынам аеру, трыснягу, рагозу). Высцiлка з травы альбо асакi.
Яйкi (6-8, часам 4-11) падоўжаныя альбо амаль элiптычныя, глiнiстага колеру, жаўтавата-чырвонаватыя, бура-шэрыя, белавата-зеленаватыя. Глыбокiя плямы больш светлыя, галоўным чынам папяліста-фiялетавыя або папяліста-ржавыя, паверхневыя — iржава-бурыя і жоўтыя.