Пампера

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пампе́ра (ісп.: pampero, мн. л. пампе́рас — «вецер з пампы») — халодны штармавы паўднёвы ці паўднёва-заходні вецер ва ўсходняй частцы Аргенціны, Уругвая і Парагвая, часам з дажджом. Звязаны з уварваннем антарктычных паветраных масаў. Часам дасягае Гран-Чака і выклікае моцныя пахаладанні. Раз'ятраны пампера нясе ў пампу хмары пылу. У Патагоніі пампера можа суправаджацца снегам.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Пампера ўзнікае падчас праходжання з поўдня на поўнач актыўнага нізкага халоднага фронту. Вецер прымае форму лініі шквалаў, і з яго ўварваннем адбываецца прыкметнае зніжэнне тэмпературы. Класічны пампера дзеліцца на два этапы. Першая стадыя ветру называецца Pampero Húmedo («вільготны пампера») і нясе залевы і снегапады, а другая — Pampero Seco («сухі пампера»), якая пераходзіць у пылавыя буры Pampero Sucio. На адкрытай прасторы хуткасць ветру дасягае 25 м/с. На беразе пампера нярэдка змяняецца таксама халодным і моцным, але вільготным, паўднёва-ўсходнім ветрам (Судэстад).

Пампера прыходзяць раптоўна па завяршэнні сезона цёплых паўночных вятроў Сонда, як правіла гэта адбываецца ў траўні, калі ў паўднёвым паўшар’і позняя восень. На шыраце Буэнас-Айрэса гэтыя вятры як бы перакрэсліваюць працяглы спякотны сезон. Сканчваюцца памперас у ліпені-жніўні.

Сухія халодныя памперас нясуць велізарную колькасць пылу і дробную гальку. З-за шторму, які выклікаецца ветрам, ля берагоў Патагоніі ускладнена суднаходства. Пампера выдзімае глебавы пласт, утвараючы ўчасткі выдмаў.

Зноскі