Паўстанне 3 верасня

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Плошча Сінтагма 3 верасня 1843 года

Паўстанне 3 верасня 1843 года — паўстанне грэчаскай арміі супраць абсалютызму тагачаснага караля, Отана Баварскага, падтрыманае шырокімі коламі насельніцтва. Паўстанцы на чале з ветэранамі Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай вайны патрабавалі давання канстытуцыі і ад’езду баварскіх чыноўнікаў, якія дамінавалі ва ўрадзе краіны. Рэвалюцыя мела поспех, паклаўшы пачатак новай эпосе — канстытуцыйнай манархіі ў Грэцыі.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Падчас Вайны за незалежнасць грэчаскія паўстанцы прынялі шэраг ліберальных і прагрэсіўных канстытуцый, а таксама абіралі ваенныя часовыя ўрады. З усталяваннем манархіі у 1832 годзе і з пачаткам праўлення баварскага прынца Отана ўсе ліберальныя інстытуты былі ліквідаваны. На працягу наступных дзесяці гадоў Отан і яго рэгенты сканцэнтравалі ўсю паўнату ўлады ў сваіх руках, што выклікала моцную хвалю незадавальнення народа, які толькі вызваліўся ад асманскага ярма. Гэты рэжым грэкі назвалі «Баваракратыяй», накшталт ранейшых «Франкакратыі» і «Туркакратыі». Найбольш непапулярным рашэннем Отана было пашырэнне нямецкай мовы ў дзяржаўным кіраванні.

Грэчаскія палітыкі час ад часу ўзбуджалі народ пакласці канец такому становішчу, а таксама патрабавалі выгнання ў Германію ўсіх баварскіх чыноўнікаў і надання Грэцыі канстытуцыі. Адначасова яны не ставілі пад сумнеў неабходнасць існавання інстытута манархіі. Акрамя таго, яны не імкнуліся навязаць манарху сваю канстытуцыю, жадаючы, каб той даў яе сам. Гэтыя патрабаванні падтрымлівалі адзінагалосна ўсе палітычныя сілы краіны: французская, англійская і руская партыі.

Змова[правіць | правіць зыходнік]

Кароль неаднаразова адмаўляўся выканаць гэтыя ўмовы, таму радыкальныя колы вырашылі звярнуцца да змовы. Галоўнымі змоўшчыкамі былі Іааніс Макрыяніс, Андрэас Метаксас, Андрэ Лутас, Канстанцін Заграфас, Міхаіл Сутас і Рыгас Паламідзіс. Яны здолелі схіліць на свой бок асобных чыноўнікаў, сярод якіх былі палкоўнік Дэметрыяс Калергіс — камандуючы афінскай кавалерыяй, палкоўнік Скравелас — камандуючы афінскай пяхотай і палкоўнік Спіраміліс — кіраўнік ваеннай акадэміі.

Такім чынам, змоўшчыкі займелі значную падтрымку арміі. Іх ідэя заключалася ў тым, каб дзейнічаць вельмі аператыўна, каб мець магчымасць паставіць манарха «перад фактам». Выступленне было прызначана на 25 сакавіка 1844 года — гадавіну паўстання супраць турэцкага панавання. Але ўтрымаць планы ў сакрэце не атрымалася. Яніс Макрыяніс, напрыклад, спрабуючы завербаваць усё новых і новых змоўшчыкаў, выявіў змову. У выніку было вырашана выступаць у пачатку верасня 1843 года.

Паўстанне[правіць | правіць зыходнік]

У ноч на 2 верасня 1843 года высветлілася, што імёны змоўшчыкаў ужо вядомы паліцыі. За домам Макрыяніса пастаянна сачылі. Такім чынам, ініцыятыву ўзяў на сябе Калергіс: ён тэрмінова склікаў ваенных па казармах і рушыў з імі да Каралеўскага палаца, адначасова ён аддаў загад вызваліць вязняў Медрэсэ. Капітан Схінас, які камандаваў артылерыяй у Афінах, атрымаў загад задушыць паўстанне, але ў выніку вырашыў сам далучыцца да паўстанцаў. Прыбыўшы ў каралеўскі палац, ваенныя пачалі выкрыкваць: «Няхай жыве канстытуцыя!»

Отан больш не мог цягнуць, прыняў патрабаванні паўстаўшых і ў сакавіку 1844 года даў канстытуцыю; фактычна Дзяржаўны савет Грэцыі ўжо склаў канстытуцыю ў чаканні спробы перавароту. Кароль Отан запрасіў Андрэаса Метаксаса сфарміраваць і ўзначаліць урад краіны, а таксама ўпаўнаважыў яго склікаць Нацыянальнае сабранне, што і адбылося 10 лістапада 1844 года ў будынку Старога парламента. З таго ж часу плошчу перад тагачасным Каралеўскім палацам сталі называць плошчай Канстытуцыі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]